Піянерскае свята
Піянерскі гальштук, піянерскі атрад, піянерскі важаты, піянерскі лагер, піянерскі касцёр… Менавіта са словам «піянерскі» ў многіх пакаленняў жыхароў нашай краіны звязаны ўспаміны дзяцінства. І сапраўды, дзяцінства немагчыма без прыгод і сапраўдных сяброў, цікаўнасці да ўсяго і добрых учынкаў.
Піянеры Беліцкай сярэдняй школы адзначылі дзень нараджэння ГА «БРПА». Урачыстасці праходзілі ля помніка воінам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Вучні 5 класа з нецярпеннем чакалі піянерскі юбілей. Ім выпаў вялікі гонар быць прынятымі ў рады БРПА менавіта сёлета.
На свята запрасілі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны В.П. Хадыку, які расказаў вучняў пра сваё піянерскае дзяцінства, пра баявыя паходы. Васіль Пракопавіч пажадаў піянерам з гонарам несці званне піянера, захоўваць традыцыі, імкнуцца рабіць карысныя справы, галоўнае — добра вучыцца.
Вольга Ульянава — былая настаўніца школы, піянерважатая з васьмігадовым стажам, таксама павіншавала ўсіх са святам, пажадала заўсёды даражыць сваім добрым імем, справамі.
І вось настаў хвалюючы момант — прыём у піянеры. Дырэктар школы К.І. Рабушка зачытала ганаровае абяцанне піянера, са спадзяваннем, што хлопчыкі і дзяўчынкі ніколі яго не забудуць, сумленна будуць выконваць свае абавязкі.
Напрыканцы свята піянеры дружыны імя А.Матросава правялі сімвалічнае прыняцце ў свае рады В.П.Хадыку і В.Л. Ульянаву.
Усім піянерам жадаем імкнення да адкрыццяў, цікаўнасці да ўсяго, не забываць пра сувязь пакаленняў, добрых учынкаў у жыцці.
Людміла Рацькова,
педагог-арганізатар УА «Беліцкая ДАСШ».