НЯМА ЧАКАЕМАЙ АДДАЧЫ

ГСЗ 1 верасня бягучага года ўзмацніліся патрабаванні да якасці малака. Што змянілася ў сувязі з новаўвядзеннем, расказвае галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Зоя Конышава.

— Больш жорсткімі сталі нормы па ўтрыманні ў сырадоі мікраарганізмаў і саматычных клетак, а таксама ўзмацніліся патрабаванні да паказчыкаў утрымання бялку, масавай долі сухіх абястлушчаных рэчываў. Малако другога гатунку перапрацоўшчыкі цяпер не прымаюць увогуле.
Адным з важных паказчыкаў гатункавасці з’яўляецца колькасць утрымання саматычных клетак у адным мілілітры малака. У «экстры», да прыкладу, саматыка засталася ранейшай — не больш за 300 тысяч. Для вышэйшага гатунку раней дапускалася наяўнасць саматычных клетак не больш 500 тысяч, зараз — не больш 400 тысяч. Для першага гатунку раней — не больш 750 тысяч, цяпер — не больш 500 тысяч. Яшчэ адзін паказчык — утрыманне клетак бактэрый. Новы стандарт патрабуе, каб карова, ад якой узялі малако, была ідэальна здаровая.
Гатункам «экстра» на Сенненшчыне за 9 месяцаў гэтага года здадзена 33 працэнты малака (летась за адпаведны перыяд гэта лічба складала 57,7%), вышэйшым — 62%, першым — 4,5%.
Ніводнай тоны «экстры» за 9 месяцаў не паступіла ад ААТ «Пурплева». Вельмі нізкі працэнт рэалізацыі гэтага гатунку ў адкрытых акцыянерных таварыствах «Студзёнка» (5,9%), «Белая Ліпа» (9,5%), «Сінягорскае» (14,7%).
За студзень — верасень у ААТ «Літусава» атрымана «экстры» ўсяго 19,9%, тады як у мінулым годзе за адпаведны перыяд яе было 55,8%. Дарэчы, лабараторыя гаспадаркі абсталявана навейшымі вызначальнікамі якасці малака, якія дазваляюць выяўляць самыя нязначныя адхіленні ад нормы.
У якасці прыкладу якаснага скачка, здзейсненага на працягу бягучага года, можна назваць ААТ «Ульянавічы». Таварыства здолела з леташніх 37,6% падняцца да 68,1-працэнтнай экстра-якасці свайго малака. Астатнія 31,9% — малако вышэйшага гатунку. Чым не арыенцір для некаторых іншых, фінансава больш стабільных, малакавытворцаў?
У апошнія гады ў раёне многае зроблена па рэканструкцыі ферм, забеспячэнні іх сучасным абсталяваннем, утрыманні жывёл па новых тэхналогіях. І гэта добра. Дрэнна тое, што ад усяго гэтага пакуль што няма належнай аддачы.
Ларыса
МУКАМОЛАВА.