БАГУШЭЎЦАЎ ЗАКЛІКАЮЦЬ ДА АКТЫЎНАГА РУХУ

ТЦСОН 001+++У Багушэўску рыхтуюцца ажыццявіць маштабную акцыю па папулярызацыі здаровага ладу жыцця.

Сёлета стартаваў сумесны праект Швейцарскага і Беларускага Чырвонага Крыжа «Далучэнне супольнасцяў да прасоўвання здаровага ладу жыцця ў Беларусі». Апрабацыя новай ініцыятывы праходзіць у трох рэгіёнах краіны: у Гродзенскай вобласці — Ашмянскім і Слонімскім раёнах, на Віцебшчыне пілотнымі выбраны Полацкі і Сенненскі раёны. Магілеўшчына прадастаўлена Горкамі, дзе сёння рэалізуецца мадэль «Здаровы горад».
Яшчэ ў красавіку ў Багушэўску прайшла сустрэча супрацоўнікаў Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) з прадстаўнікамі грамадскасці гарадскога пасёлка. Яе вынікам стала ініцыятыўная група, створаная на базе аддзяленняў сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі і дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ДУ «Сенненскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва». Суполка аб’яднала людзей розных узростаў і сфер дзейнасці. У склад групы ўвайшлі таксама наведвальнікі абодвух аддзяленняў, медыцынскія работнікі, педагогі і навучэнцы школ. Падобныя аб’яднанні сфарміраваны таксама ў Сянне і Ходцах. Яшчэ раней, у канцы мінулага года, прадстаўнікі БТЧК правялі сацыялагічнае даследаванне па здаровым ладзе жыцця ў райцэнтры, Багушэўскім, Ходцаўскім і Нямойтаўскім сельсаветах. А ў маі ўдзельнікі Багушэўскай ініцыятыўнай групы пабывалі на трэнінгах па стварэнні і развіцці праекта і цяпер гатовыя ператвараць свае ініцыятывы ў жыццё.
Старт праекту павінна даць маштабная шматдзённая акцыя «Зрабі свой выбар!», якую плануецца правесці ў гарпасёлку ў лістападзе. Яе падрыхтоўка і стала галоўнай тэмай першага «круглага стала» па прасоўванні здаровага ладу жыцця ў супольнасці. Складаючы праграму акцыі, яго ўдзельнікі імкнуліся ахапіць цікавымі мерапрыемствамі самыя розныя пласты насельніцтва. Для школьнікаў у рамках акцыі прадугледжана правядзенне спартландый, гульнявых праграм, конкурсаў малюнкаў. Людзей старэйшага ўзросту чакаюць заняткі з урачом-герантолагам, таксама жадаючыя змогуць прайсці антрапаметрычнае абследаванне, а медыкі дапамогуць скласці метрычную карту. Багушэўцаў усіх узростаў заклікаюць далучыцца да паходаў па сцежцы здароўя. У планах таксама арганізацыя майстар-класаў па такім модным сёння накірунку аздараўленчай гімнастыкі, як скандынаўская хадзьба. Заключным этапам акцыі стане свята здароўя ў гарпасялковым Доме культуры, падчас якога будуць падведзены вынікі акцыі і ўзнагароджаны яе самыя актыўныя ўдзельнікі.
— Мэтай акцыі з’яўляецца прасоўванне актыўнага руху, — расказвае Галіна Секачова, загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН, разам з Галінай Аверчанка, якая ўзначальвае аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, яны з’яўляюцца лідарамі ініцыятыўнай групы. — Вельмі хочацца, каб у гэты рух уключыўся ўвесь Багушэўск.
Вольга БАНДАРЭВІЧ.
На здымку: удзельнікі ініцыятыўнай групы па прасоўванні здаровага ладу жыцця ў г.п. Багушэўск.
Фота аўтара.