КІРАЎНІК, НАСТАЎНІЦА, МАЙСТРЫХА…

1+++Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Нямойтаўскай школы Вольга Рукаль у дзяцінстве марыла стаць настаўніцай. Пра гэту прафесію мараць многія дзеці, асабліва дзяўчынкі. Але далёка не ўсе потым выбіраюць яе.

«Заўсёды падабалася «вазіцца» з малымі. Мабыць таму і вырашыла стаць настаўніцай менавіта пачатковых класаў», — гаворыць Вольга Мікалаеўна.
Скончыўшы з адзнакай Машчонскую сярэднюю школу, дзяўчына паступіла ў Віцебскі дзяржуніверсітэт на спецыяльнасць «Педагогіка і методыка пачатковага навучання».
Але здарылася так, што вучыць малышоў амаль не давялося: праз тры месяцы пасля атрымання дыплома пайшла ў дэкрэтны водпуск. Потым паступіла ў Акадэмію паслядыпломнай адукацыі і набыла спецыяльнасць выкладчыка англійскай мовы, па якой і працавала ў Машчонскай школе, да пераходу ў 2008 годзе ў Нямойтаўскую СШ, калі пераехалі на радзіму мужа.
На новым рабочым месцы настаўніцу прызначылі намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Вакансіі ў пачатковых класах не было, а мову тут вывучалі нямецкую. Але Вольга Мікалаеўна не разгубілася. Хоць работа для яе была новая, але асвоіць яе дапамаглі любоў да дзяцей, камунікабельны, адкрыты характар, калегі і кіраўніцтва навучальнай установы.
У тым, што школа атрымлівала прызавыя месцы па выніках рэйтынгу, вялікая заслуга і Вольгі Мікалаеўны, бо працавала яна з поўнай аддачай, не для «галачкі», а на станоўчы канчатковы вынік. І яе праца была адзначана на рэспубліканскім узроўні, граматай Міністэрства адукацыі.
Але праз нейкі час у школе адбыліся змены ў сувязі са змяншэннем колькасці вучняў, і Вольга Мікалаеўна пачала працаваць на пасадзе намесніка дырэктара па факультатыўных занятках і педагогам-арганізатарам. Летась, калі дзяцей стала яшчэ менш, намеснік дырэктара застаўся толькі адзін, і цяпер ён адказваў і за вучэбную і за выхаваўчую работу. Расклад заняткаў, арганізацыя харчавання, выхаваўчы працэс, работа сацыяльнага перагога — усё гэта даводзіцца спалучаць Вользе Мікалаеўне. Так што заспець яе ў кабінеце практычна немагчыма.
А яшчэ яна выкладае абслуговую працу. Яе вучаніцы — добрыя рукадзельніцы — займаюць прызавыя месцы і становяцца пераможцамі ў раённай прадметнай алімпіядзе. Сама настаўніца таксама вельмі любіць вышываць, вязаць кручком і спіцамі. Гэтым прамудрасцям яе навучыла яшчэ ў Машчонскай школе Святлана Анатольеўна Емяльянава, а потым сама прызналася, што вучаніца к адзінаццатаму класу «перавязала» настаўніцу. Выхаванкі Вольгі Мікалаеўны займаюцца таксама макрамэ, бісерам, ніткавым дызайнам. Тут, як і ў любой справе, за якую бярэцца, педагог імкнецца паказаць вынік. І ён не прымушае сябе чакаць. Напрыклад, у абласным конкурсе «Калядная зорка» юныя майстрыхі клуба «Рукадзельніца», якім кіравала Вольга Рукаль, занялі трэцяе месца.
У вольны ад работы час хобі дбайнай гаспадыні — нарыхтоўкі. Да пяцісот накрывак разыходзіцца ў сезон, прызнаецца жанчына. Нарыхтоўвае толькі тое, што падабаецца ўсёй сям’і: сыну, будучаму тэхніку-механіку, а пакуль студэнту Гарадоцкага сельскагаспадарчага каледжа, дачцэ-школьніцы і мужу, які працуе механізатарам у ПП «Дружбінец». А яшчэ гаспадыня любіць даглядаць кветнік ля хаты. Дарэчы, сядзіба Рукаляў была адзначана найменнем «Дом узорнага парадку».
Знаходзіць час педагог і на грамадскую работу. Пяць разоў была членам выбарчай камісіі, тры разы — сакратаром камісіі. Дарэчы, і сустрэліся мы з гераіняй гэтай публікацыі на выбарчым участку.
Таццяна Буракова.

На здымку: намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Нямойтаўскай школы Вольга Рукаль.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *