ЗАЎВАГ НЕ БЫЛО

1===Як і па ўсёй краіне, арганізавана прайшлі выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на ўчастку для галасавання №24, які размяшчаўся ў Студзёнкаўскай школе. На ўчастку ўсяго было зарэгістравана 618 выбаршчыкаў, 20,6% якіх прагаласавалі датэрмінова. У дзень выбараў да 13 гадзін свае галасы аддалі 277 чалавек. Больш паловы выбаршчыкаў участка члены камісіі наведалі са скрынкамі для галасавання на даму.

Кампетэнтныя дзеянні ўчастковай камісіі пад старшынствам Уладзіміра Касьянава забяспечылі якасную работу, як пры датэрміновым галасаванні, так і ў дзень выбараў.
11 кастрычніка ў фае школы была арганізавана выстава работ дэкаратыўна-прыкладной творчасці, працавалі музейныя пакоі, дзе наведвальнікаў сустракалі валанцёры, члены пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» школы Вольга Гарбачова і Ксенія Кароткая, якія праводзілі экскурсіі.
На ўчастку для галасавання Сенненскім райспажыўтаварыствам быў наладжаны гандаль шырокім асартыментам харчовых тавараў. Ажыццяўляўся падвоз жыхароў вёсак, што ўваходзілі ў склад вялікага па тэрыторыі выбарчага ўчастка.
Многія бацькі прыходзілі з дзецьмі. Прычым некаторыя дарослыя прыводзілі дзяцей спецыяльна, каб пазнаёміць з працэдурай галасавання.
Самаму маладому выбаршчыку Сямёну Казлову, які жыве ў в.Алексінічы і працуе вадзіцелем у ААТ «Пурплева», была ўручана віншавальная паштоўка ад Цэнтрвыбаркама і падарунак ад участковай выбарчай камісіі.
Для выбаршчыкаў быў арганізаваны канцэрт: на пляцоўцы перад уваходам у школу выступала група «Дыскатэка 80-х», у склад якой уваходзілі педагогі навучальнай установы.
За ходам выбараў сачылі назіральнікі ад грамадскіх арганізацый і працоўных калектываў. Участак для галасавання ў Студзёнцы наведала міжнародны назіральнік Наталля Самохіна, якая адзначыла адпаведнасць ходу выбараў Выбарчаму кодэксу Рэспублікі Беларусь, добрую падрыхтоўку членаў выбарчай камісіі. Наталля Уладзіміраўна з вялікім задавальненнем паглядзела канцэрт. У гутарцы высветлілася, што ў маладосці яна сама была ўдзельніцай мастацкай самадзейнасці і таксама спявала цыганскія песні.

Таццяна
Буракова.
На здымку: першым у дзень выбараў на ўчастку №24 прагаласаваў жыхар аг. Студзёнка Аляксандр Стук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *