ЯНА ЗНАЙШЛА СЯБЕ Ў ВЕРШАХ

гапеева++Гляджу на маю суразмоўцу і разумею: дзень пажылога чалавека — няправільная назва для свята. Яна скіроўвае ўвагу на пражытыя гады, нагадвае пра хуткаплыннасць чалавечага існаванання на свеце. Мабыць, таму віншаваць з гэтым днём некаторых маіх знаёмых асабіста мне няёмка. Бо назваць «пажылымі» цікаўных да жыцця людзей язык не паварочваецца. Для іх пенсія — гэта магчымасць рэалізаваць сябе ў неажыццёўленым, здзейсніць свае запаветныя мары.

Ларысу Гапееву (на здымку) прадстаўляць не трэба. Яе імя добра вядома чытачам «раёнкі». Яна — наша пастаянная аўтарка і адзін з лепшых самадзейных паэтаў Сенненшчыны.
— Вершы пачала пісаць яшчэ ў дзяцінстве. Нават дасылала іх у газеты «Зорька», «Пионерская правда».
Падчас працы ў школе творчасць дапамагала, калі трэба было прыдумаць верш да якой-небудзь тэмы альбо распрацаваць адкрыты ўрок. А з выхадам на пенсію паэзія стала для яе другой прафесіяй.
Аднак і пра першую Ларыса Сяргееўна можа гаварыць бясконца і натхнёна. За яе плячыма 37 гадоў настаўніцкага стажу. Большасць з іх яна аддала СШ №1 г.Сянно, якую ў свой час скончыла сама і дзе выкладала беларускую мову і літаратуру. У школу яна гатова ляцець, бы на крылах, і сёння. Дагэтуль, кажа, сэрца шчыміць штогод першага верасня.
— Бываючы на лінейках ва ўнука, я зайздрошчу тым, хто знаходзіцца па другі бок, ля дзяцей, — прызнаецца мая гераіня. — Кожны ўрок прыносіў мне і, спадзяюся, маім вучням радасць і задавальненне. Пакідаць школьныя сцены было балюча, але я разумею, што гэта трэба рабіць своечасова, вучні павінны бачыць перад сабой маладога і прыгожага настаўніка, а не бабулю, — усміхаецца Ларыса Сяргееўна.
Першыя два гады на адпачынку даліся нялёгка, не ставала вучнёўскіх сшыткаў, класных журналаў, вучэбных планаў, але, у першую чаргу, сумавалася па зносінах з дзецьмі і калегамі. Выратаванне прыйшло разам з нумарам раённай газеты «Голас Сенненшчыны», на старонках якога быў упершыню змешчаны яе верш «Школьная раніца». А праз колькі часу Ларыса Гапеева атрымала персанальнае рэдакцыйнае заданне: падрыхтаваць цыкл вершаў да рубрыкі «Народны каляндар» (цяпер яе немагчыма ўявіць без красамоўных «гапееўскіх» рыфмаў).
— Пісаць у стол гэта не тое. Я ўдзячна «раёнцы», што яна дала мне штуршок у творчасці.
На жоўта-сонечнай кухні, дзе мы за кубачкам кавы вядзём гутарку, на бачным месцы ляжыць штодзённік. Гэта на момант, калі патрэбна занатаваць радкі. Нарадзіць іх можа што заўгодна, нават, гэты чырвоны ліст, што злунаў на вакно. У яе паэтычнай скарбонцы пераважаюць пейзажная і маральна-этычная лірыка, але ў апошні час, па словах паэткі, з-пад «пяра» ўсё часцей сталі выходзіць творы пра каханне.
Менавіта вершы прымусілі яе ў 62 гады асвоіць камп’ютар. Жаданне дзяліцца творчасцю, знайсці блізкіх па складзе людзей прывяло на адзін з буйнейшых інтэрнэт-парталаў для самадзейных паэтаў. Хапіла тыдня, каб навучыцца друкаваць і размяшчаць свае творы ў сусветнай павуціне.
Ні дня без верша. Але запісаць рыфмаваныя радкі, што ўсплылі ў галаве, гэта паўсправы. Затым пачынаецца карпатлівая работа са словам.
— Як чалавек вельмі скрупулёзны і самакрытычны, магу разоў сто перайначыць твор, каб дабіцца найлепшага гучання, — прызнаецца Ларыса Сяргееўна.
І толькі потым яна старанна перапісвае сваё «дзіця» ў паэтычныя сшыткі. Іх у яе два: адзін — для беларускамоўных вершаў, другі — для рускамоўных.
Галоўным «крытыкам» яе творчасці з’яўляецца муж. Разам яны больш за 40 гадоў, нарадзілі і выхавалі дваіх дзяцей.
Ёсць свае «арыенціры» і сярод прызнаных літаратараў. З рускіх — гэта Сяргей Ясенін, у беларускай кагорце — Пімен Панчанка, Сяргей Грахоўскі, Анатоль Вярцінскі, радкі з верша апошняга аўтара значацца эпіграфам на адным з паэтычных сшыткаў Гапеевай. Цікавіцца Ларыса Сяргееўна і сучаснай паэзіяй, часцяком бярэ зборнікі ў раённай бібліятэцы. З сучаснікаў вельмі ўпадабала ёй творчасць Наталлі Батраковай. Наконт уласнага выдання, прызнаецца мая суразмоўца, таксама задумвалася. А пакуль паэтка беражліва захоўвае ў папцы газетныя старонкі з уласнымі вершамі і марыць, што калі-небудзь яны пераўвасобяцца ў паўнавартаснае кніжнае выданне.
Сёння Ларыса Гапеева можа назваць сябе шчаслівым чалавекам. Яна ўпэўнена: на пенсію ісці не страшна, калі ў цябе ёсць любімая справа, захапленне, якому з радасцю можна прысвяціць вольны час.
— Я не ўмею вязаць, вышываць крыжыкам, але са мной мае вершы, а побач заўсёды любая сям’я.
У свае гады яна не развучылася ўспрымаць жыццё захоплена, здзіўляцца кожнаму яго праяўленню і марыць па-юнацку апантана.
Вольга БАНДАРЭВІЧ.
Фота аўтара.