ПРАЗ ТРЫ СТАГОДДЗІ

1+++У кожнага населенага пункта, як і ў чалавека, свой лёс. Але ён непарыўна звязаны з Айчынай, Бацькаўшчынай. Арганізатары свята аграгарадка Янова, якое яны назвалі «Чароўны мой куток», падкрэслівалі гэты тэзіс пастаянна.

Янова, адзін з найбуйнейшых населеных пунктаў Сенненшчыны, які сёння мае статус аграгарадка. Найбуйнейшы не толькі таму, што сёння тут жыве 658 чалавек, 403 з якіх працаздольныя. Янова — адміністрацыйны цэнтр ААТ «Бяленева»— сельгасарганізацыі, на палетках якой сёлета вырашчана больш 6 тыс. тон збожжа, на фермах утрымліваецца 2296 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 1246 кароў. У аграгарадку працуюць участковая бальніца, школа (ёй нядаўна споўнілася 90 гадоў), спіртзавод. Менавіта гэта прадпрыемства і заклала падмурак для развіцця на працягу ўсёй гісторыі населенага пункта.
6+++Спачатку вёска называлася Яноўцы. Паблізу ад яе знаходзіўся фальварак Зарэчча, які належаў пану Славінскаму. У 1835 годзе ён пабудаваў невялікае прадпрыемства па вытворчасці шкла. Яшчэ больш моцным штуршком для развіцця мясцовай эканомікі, прытоку рабочай сілы паслужыла вытворчасць спірту, наладжаная ўсё тым жа панам Славінскім. У 1906 годзе ў фальварку працавала таксама сыраварня, была свая хлебапякарня, майстэрня па пашыве абутку.
Пасля рэвалюцыі пан Славінскі вымушаны быў з’ехаць за мяжу. На месцы фальварка ўтварылася камуна, а пазней — калгас «Сталінская пяцігодка». Цэнтрам яго становіцца Янова. У такую назву з часам трансфармаваліся Яноўцы. У 1927 годзе работа спіртзавода, спыненая ў гады Першай сусветнай вайны, была адноўлена. Прадпрыемства атрымала назву «Яноўскі спіртзавод імя 10-годдзя Кастрычніка». Чарговы прыток насельніцтва ў Янова адбыўся напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. У 1939 годзе пачалося прымусовае перасяленне ў вёску хутаран.
4+++Усе гэтыя і іншыя факты з гісторыі населенага пункта выкарыстала Людміла Казлова, дырэктар Яноўскага СДК, для напісання сцэнарыя свята аграгарадка. Але, безумоўна, збіраліся яны па крупіцах, паступова. І не толькі ёй, а і мясцовымі настаўнікамі, краязнаўцамі. У прыватнасці, у 60-70-я гады мінулага стагоддзя калектывам настаўнікаў Яноўскай СШ, піянерамі і камсамольцамі па ініцыятыве Іны Цвірко была праведзена работа па аднаўленні імён землякоў, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У іх гонар у цэнтры вёскі ўзведзены помнік.
2+++Яноўцы, дзе б яны ні працавалі, — дружная сям’я. У якасці вядучых свята выступілі Таццяна Ефіменка і Святлана Броўка, настаўнікі Яноўскай школы. Канцэрт быў наладжаны ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці. Сярод артыстаў было шмат вучняў школы. Песні, танцы выконваліся ў гонар самых юных яноўцаў (сёлета іх нарадзілася пяцёра). Не забыліся на маладажонаў. З пачатку года ў Янове створана шэсць новых сем’яў. Асобы гонар — доўгажыхарам. 90-гадовая Вера Нікіфараўна Шарац прысутнічала на свяце. У 1941 годзе 14-гадовым падлеткам яна трапіла ў Германію, працавала на сельскагаспадарчых работах у баўэра. Нялёгка давялося жанчыне пасля вайны.

А тым часам на сцэну запрашаліся ўсё новыя і новыя асобы: шматдзетныя маці, лепшыя работнікі сельгасарганізацыі, спіртзавода, участковай бальніцы, школы. Іх не проста ўшаноўвалі. Пра іх гаварылі з гонарам, кожнаму ўручылі памятны падарунак. Успомнілі нават тых хлопцаў, што служаць у войску. Не забыліся на маладых землякоў, якія пасля службы ў арміі, вучобы вярнуліся на малую радзіму. Яны — маладыя, таленавітыя, мэтанакіраваныя — дастойна працягваюць лепшыя традыцыі такіх знаных у Янове сем’яў, як Курылёнак, Шыбека, Баранулька, Кржэсінскія, Чубуковы, Петравецкія, Струк, Мяргур’евы, Кавалёнак, Бураковы. Маладыя яноўцы дастойна заявілі пра сябе і сёлета, у год моладзі. Сям’я Аляксандра і Ганны Васільевых стала пераможцай раённага этапу моладзевага конкурсу «Уладар сяла». Дастойна прадставілі яны Сенненшчыну на абласным этапе, заняўшы ў адной з намінацый трэцяе месца. Валерый Бяляеў, малады спецыяліст спіртзавода, яшчэ ў адным раённым конкурсе «Супермужчына» заняў трэцяе месца.

8+++Зрэшты, любы конкурс — гэта ў нейкай ступені шоу, гульня. Дасягнуць у жыцці, у службовай кар’еры нейкіх значных вышынь, заслужыць аўтарытэт у сваіх землякоў, куды складаней. Яноўцы і жыхары навакольных вёсак цэняць работу мясцовай участковай бальніцы і яе кіраўніка. Яўгену Каўшову сёлета прысвоена званне «Чалавек года Віцебшчыны». Дзякуючы, у тым ліку яго намаганням, у Янове пабудаваны новы будынак установы аховы здароўя, зніжаюцца захворваемасць і смяротнасць.
А хіба можна не паважаць, не ганарыцца працоўным і чалавечым подзвігам шматдзетных маці? Галіна Струк, напрыклад, усё жыццё працавала ў жывёлагадоўлі. Разам з мужам вырасцілі шасцёра дзяцей, якія працуюць у розных сферах, розных арганізацыях і ўстановах Сенненшчыны.
Аграгарадок Янова прыгажэе. Не толькі дзякуючы ўстановам, прадпрыемствам, якія апошнім часам сталі больш увагі надаваць добраўпарадкаванню сваіх вытворчых тэрыторый, адміністрацыйных будынкаў, бліжэйшых вуліц. Многае па добраўпарадкаванні робіць на сваіх уласных падворках насельніцтва. Па сваёй ініцыятыве, з падтрымкай улад. Карыстаючыся магчымасцю, на свяце аграгарадка Сяргей Цярэня, кіраўнік спраў Какоўчынскага сельвыканкама, уручыў гаспадарам шэрагу падворкаў таблічкі з надпісам «Двор узорнага парадку». Такімі яны прызнаны згодна з рашэннем сельвыканкама.
На час правядзення мерапрыемства тэрыторыя вакол Яноўскага СДК ператварылася не толькі ў сцэнічную пляцоўку. Кожнае прадпрыемства, арганізацыя мелі свае падворкі. На іх былі выстаўлены ўзоры прадукцыі, нейкія вырабы, зробленыя рукамі іх работнікаў у вольны час. Побач размяшчаліся выставы яноўскіх майстроў і майстрых. Хтосьці дэманстраваў свае вышыўкі, нехта выставіў разьбу па дрэве, малюнкі. Так што свята населенага пункта дазволіла прадэманстраваць таленты ўсім жадаючым. А яшчэ яно сабрала тых сваіх жыхароў, якія сёння жывуць у іншых населеных пунктах нашай краіны, тым самым падараваўшы радасць сустрэчы, адчуванне прыналежнасці да вялікай сям’і яноўцаў.
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
Фота аўтара.

НА ЗДЫМКАХ: лепшыя прадстаўнікі спіртзавода; на сцэне Таццяна Ефіменка; …Іна Пранько, Мая Юсікава і Наталля Чубукова; Галіна Струк (у цэнтры) з дзецьмі і ўнукамі, што прысутнічалі на свяце.;старэйшая жыхарка Янова В.Н. Шарац.