Слова і справа

2+++Нягледзячы на найскладанейшую эканамічную сітуацыю ў сельскай гаспадарцы арганізацыі аграпрамысловага комплексу раёна знаходзяць сродкі, вядуць работы, якія дазволяць у бліжэйшы час павялічыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы, у тым ліку кароў.

У ААТ «Бяленева» завяршаюцца работы ў адным з памяшканняў МТФ-800. Мяркуецца, на ферме, якая часткова ўведзена ў эксплуатацыю, пагалоўе павялічыцца на 160 кароў.
— Паставім цельных цялушак, — расказвае Уладзімір Шухто, дырэктар сельгасарганізацыі. — Пасля раздою яны паступова будуць уводзіцца ў дойны статак.
Будаўнічыя работы працягваюцца другі год. Акцыянернае таварыства выкарыстоўвае ўласныя сродкі, вядзе работы сіламі раённых работнікаў, уласнай будаўнічай брыгады. Сёлета ўстаноўлены слупкі для абуладкавання агароджы, праведзены неабходныя зварачныя работы.
На парадку дня — бетаніраванне падлогі, — каментуе сітуацыю Сяргей Сабалеўскі, прараб сельгасарганізацыі. — Цэмент у неабходнай колькасці закуплены, ёсць дамоўленасць з кіраўніцтвам РУП ЖКГ на арэнду раствора-бетоннага вузла на базе аўтамабіля. Так што, спадзяюся, работы будуць завершаны за два бліжэйшыя тыдні.
3+++Набліжаецца да завяршэння работа ў ААТ «Сінягорскае». Рэканструкцыя вядзецца ў адным з памяшканняў комплекса. Па словах дырэктара сельгасарганізацыі Уладзіміра Сухвала, рыхтуецца памяшканне для ўтрымання двухсот галоў кароў. А першапачаткова на ферме паставяць цялушак, каб з пачаткам перыяду пашавага ўтрымання буйной рагатай жывёлы атрымліваць ад маладога пагалоўя малако.
У гэтыя дні будаўнікі працуюць і на майстэрні ААТ «Сінягорскае», дзе вядзецца замена дахавага пакрыцця.
— Фінансавыя затраты нясём значныя, — не хавае Уладзімір Сухвал. — Але выбару ў нас няма. Прамаруджванне можа прывесці да страты будынка.
Поўны аптымізму Іосіф Свістуноў. У ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» яшчэ ў пачатку лета з’явіліся два новыя будаўнічыя аб’екты. Будаўнікі выканалі значны аб’ём работ на ферме вёскі Латыгаль. Дакладней, у адным з памяшканняў, з ліку тых, што пачалі будавацца каля 20-ці гадоў таму.
— З часам тут будзе малочнатаварны комплекс з даільнай залай, — упэўнены кіраўнік сельгасарганізацыі. — А ўжо гэтай восенню тут паставім цялушак.
У правільнасці ўзятага накірунку не прыходзіцца сумнявацца. У аграсэрвісе некалькі ферм, дзе пагалоўе ўтрымліваецца ў пабудовах, узведзеных у 60-70-я гады 20 стагоддзя. Некаторыя з іх стаяць на берагах ці паблізу азёр. Згодна з сучасным экалагічным заканадаўствам гэта недапушчальна.
На комплексе па вырошчванні ялавічыны, што паблізу вёскі Багданава, ухіл узяты на рэканструкцыю, якая мае на ўвазе змяншэнне ўздзеяння вытворчасці на прыроду. У адным з памяшканняў, дзе ўтрымліваецца маладняк, ужо прымяняецца глыбокая падсцілка. Яшчэ адна з ферм комплекса, дзе раней гной выдаляўся шляхам гідразмыву, рэканструіруецца пад такую ж сістэму ўтылізацыі арганікі.
— Памяшканне рыхтуецца пад утрыманне цялят-малочнікаў. У ім будзе працаваць малочнае таксі, што забяспечыць маладняку больш здаровыя ўмовы, тэхналагічныя прывагі і змяншэнне падзяжу, — спадзяецца Іосіф Свістуноў. Па яго словах і гэтае памяшканне будзе ўведзена ў эксплуатацыю сёлета, хоць работы выкананы толькі напалову.
Аптымізм — дапамагае ў жыцці. Без гэтай рысы характару нельга ўявіць сабе кіраўніка. І ўсё ж аўтарытэт любога чалавека асноўваецца на рэальных справах. Акрамя названых двух аб’ектаў у ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» у стадыі незавершанага будаўніцтва знаходзіцца ферма «Канева». Дарэчы, не першы год, нягледзячы на абяцанні.
Аляксандр ЛАЗЮК.