ХОРАША ЛЯ ДОМА, ХОРАША НА ДУШЫ

1+++Праязджаючы праз вёску Някрашава, немагчыма не звярнуць увагу на адзін «кветкавы» дом.  А яго гаспадыня — Валянціна Марціновіч — шчыры і ветлівы чалавек. У той дзень, калі мы да яе завіталі, яна гасцінна запрасіла да сябе і адпусціла толькі пасля таго, як пачаставала гарбатай.

Валянціна Трафімаўна жыве адна. У час водпуску ды на святы ў госці да яе прыязджаюць дачка, сын, унукі з Санкт-Пецярбурга. Менавіта дзеці і добраўпарадкавалі тэрыторыю ля дома, пасадзілі шмат кветак, аздобілі клумбы фігуркамі чалавечкаў, матылькоў, лебедзяў. Даглядаць усё гэта расліннае хараство для бабулі Валі толькі ў радасць. Ёсць чым заняцца ў перапынках паміж нячастымі візітамі родных.
Усё жыццё Валянціна Марціновіч шчыравала даяркай у калгасе «Ясная зара», потым працавала санітаркай на мясцовым ФАПе — адным словам, прывыкла да людзей, пастаянных зносін. На пенсіі ёй гэтага, прызнаецца, не хапае…
Таму так рада бабуля візіту сацыяльнага работніка Таццяны Сліжовай. «Незвычайная жанчына!»— кажа пра сваю памочніцу Валянціна Трафімаўна. Па першым званку наведваецца да яе фельчар Ларыса Бялкоўская. Удзячная мая субяседніца і (як яна сама кажа) «магазіншчыцам» Людміле Сямёнавай і Святлане Панімашчанка, якія таксама клапоцяцца пра Валянціну Трафімаўну: час ад часу, асабліва ўзімку, прыносяць ёй прадукты першай неабходнасці. Ды без дарагіх суседак Веры і Ніны ніяк не абысціся.
Жыццё ў Някрашаве ідзе павольна, як і ў большасці маланаселеных вёсак. Старыя, што дажываюць у іх свой век, вельмі маюць патрэбу ў клопаце і ўвазе. Ды што там клопат — у чалавечым слове! Добра, што ў Валянціны Марціновіч ёсць на каго спадзявацца, з кім паразмаўляць. А прыгожы кветнік ля дома, быццам, адлюстроўвае хараство душы яго гаспадыні.
Ірына ХАСАНАВА.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Валянціна Марціновіч з суседкай Нінай Арловай, загадчыцай Някрашаўскага сельскага клуба.
Фота аўтара.