55 ГОД АДКРЫВАЮЦЬ ТАЛЕНТЫ
Сенненскі цэнтр дзяцей і моладзі ў жніўні адзначыў сваё 55-годдзе. Сёння ўстанова рэалізоўвае адукацыйныя праграмы для навучэнцаў розных узроставых катэгорый і розных профіляў: тэхнічнага, патрыятычнага, прафарыентацыйнага, забаўляльнага, мастацкага, спартыўна-аздараўленчага, эколага-біялагічнага, турыстычна-краязнаўчага, і вырашае адну з галоўных задач грамадства — творчае развіццё асобы, — захоўваючы традыцыі і адказваючы на новыя запыты новых пакаленняў у новых сацыяльна-эканамічных умовах, гаворыць дырэктар установы дадатковай адукацыі Валянціна Каржыцкая.
Гады станаўлення і развіцця
А пачалася гісторыя цэнтра ў 1960 годзе, калі рашэннем сесіі раённага выканаўчага камітэта ад 25 жніўня быў адкрыты Сенненскі Дом піянераў і школьнікаў. Размяшчаўся ён у старым драўляным будынку па вуліцы К.Маркса (былы будынак рускай школы г.Сянно). Першым дырэктарам была Н.П.Ніжэвіч, яна ж вяла тэатральны гурток.
Праз два гады ўстанова атрымала асобнае памяшканне. У той час тут працавалі дзевяць гурткоў» «Тэатральны», «Танцавальны», «Харавы» (кіраўнік У.Н.Осіпаў), «Хор хлопчыкаў» (В.В. Шульжэнка), «Драматычны», «Гімнастычны», «Струнны» (У.П.Алейнікаў), «Фотагурток», «Масавікоў-забаўнікаў».
У 1962 годзе дзейнасць установы была накіравана на дастойную сустрэчу 40-годдзя піянерскай арганізацыі. Гурткі рыхтаваліся да выступлення на святкаванні гэтай даты. «Фотагурток» ствараў фоталетапіс работы Дома піянераў і школьнікаў. Піянеры і камсамольцы на занятках гурткоў вывучалі Праграмы і матэрыялы з’ездаў КПСС. У летні перыяд былі адкрыты гурткі «Юнат» і «Вывучэнне роднага краю».
З 1965 па 1968 год дырэктарам Дома піянераў працавала Ніна Васільеўна Марозава. Пасля яна ўспамінала: «У той час гэта быў вялікі аднапавярховы будынак казарменнага тыпу з вялізнымі вокнамі. У гэтым будынку таксама размяшчаліся база дзіцячай спартыўнай школы і музычная школа. Дом піянераў займаў адзін пакой. Зала была агульная.»
Метадыстам установы тады працавала Вера Рыгораўна Чарнышкова (Васілёнак). Яна вяла «Танцавальны» гурток. Павышаючы свой прафесійны ўзровень на рэспубліканскіх курсах, яна асвоіла ўваходзячыя ў моду сучасныя эстрадныя танцы і зацікавіла імі гурткоўцаў.
У 1973-1974-м калектыў установы складаецца з дырэктара Зінаіды Іванаўны Камінскай, метадыста Ларысы Андрэеўны Гусевай і масавіка-забаўніка Лідзіі Уладзіміраўны Якуш.
1 верасня 1975 года масавіком-забаўнікам прынята Валянціна Віктараўна Кармазіна (Каржыцкая). У практыку работы са старэйшымі важатымі дружын раёна ўваходзяць заняткі па развучванні піянерскіх песень, сімвалаў і рытуалаў.
З восені 1975 па 1977 год Дом піянераў і школьнікаў размяшчаецца ў адным са старых будынкаў беларускай сярэдняй школы горада Сянно. У красавіку 1977 года дырэктарам пазашкольнай установы прызначана Вольга Аркадзьеўна Мазго (пазней была галоўным рэдактарам раённага радыё «Голас Лагойшчыны»).
З верасня 1977 года Дом піянераў арэндуе другі паверх у былым будынку былой земскай управы (сёння там месціцца раённы гісторыка-краязнаўчы музей), дзе ўстанова займае восем кабінетаў і актавую залу. На наступны год зноў размяшчаецца ў былым будынку рускай школы і займае адзін кабінет. Тэхнічнае аснашчэнне Дома піянераў у той час складалі фотаапараты «Зоркий», «Киев» і друкавальная машынка.
У 1979-1981 гадах дырэктарам установы працуе Ніна Сямёнаўна Грызлова. Дом размяшчаецца на першым паверсе былога будынка земскай управы ў чатырох пакоях.
У 1981-1982 навучальным годзе на пасаду дырэктара прызначана Тамара Яўгенаўна Гаручка. Валянціна Каржыцкая, якая ў той час была метадыстам установы, успамінае: «Мы вельмі шмат гастраліравалі: выступалі з канцэртамі, міні-спектаклямі ў працоўных калектывах (аўтабаза, ПМК-64, хлебакамбінат, райсельгастэхніка). Былі арганізаваны выязныя творчыя сустрэчы клуба важатых Сенненскага і Талачынскага раёнаў. У 1983-1984 навучальным годзе адбылася перадача вопыту работы па навучанні піянерскага актыву слухачам курсаў Рэспубліканскай камсамольскай школы актыву. З гэтага ж часу пачынаюць праводзіцца штогадовыя вялікія зборы піянерскага актыву».
З 1996 па 2007 год дырэктарам Дома піянераў і школьнікаў працуе Наталля Аркадзьеўна Пагарэльская. З яе прыходам актывізуецца супрацоўніцтва з раённым аддзелам адукацыі ў правядзенні масавых мерапрыемстваў. У 1998 годзе па рашэнні райвыканкама Дом піянераў і школьнікаў пераймяноўваецца ў Цэнтр пазашкольнай работы. Кіраўніком гуртка цэнтра Таццянай Сірэнка распрацоўваецца эмблема ЦПР. У 2005 годзе на музыку кіраўніка гуртка Ігара Клячына калектыў складае песню «Наш цэнтр».
Установа сёння
З 2007 года і па сённяшні дзень дырэктарам Сенненскага цэнтра дзяцей і моладзі (сучасная назва) працуе Валянціна Віктараўна Каржыцкая, якая сорак гадоў аддала рабоце ў сферы пазашкольнага выхавання.
Многае змянілася на працягу 55-гадовай яе гісторыі. Сёння цэнтр вырашае адну з галоўных задач грамадства — творчае развіццё асобы ў новых сацыяльна-эканамічных умовах.
«Сярод навучэнцаў цэнтра, — расказвае Валянціна Каржыцкая, — ёсць лаўрэаты міжнароднага экалагічнага фестывалю «Зялёная планета», прызёры рэспубліканскіх выстаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, фестываляў, злётаў, літаратурных конкурсаў. Выхаванцы аб’яднанняў па інтарэсах «Судамакетаванне», «Займальны свет радыёэлектронікі», «Юны канструктар» штогод займаюць прызавыя месцы ў абласной навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў «Квант», выніковай выставе дзіцячай тэхнічнай творчасці.»
Навучэнцы цэнтра, якія дасягнулі высокіх вынікаў у творчых конкурсах, узнагароджваюцца пуцёўкамі ў нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня», абласны лагер дзіцячага актыву «Лідар». Многія выхаванцы, дзякуючы ўдзелу ў аб’яднаннях па інтарэсах, вызначылі сваю будучую прафесію.
Калектыў цэнтра вядзе работу па рэалізацыі значнай дзейнасці ў галіне дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. З 2002 года дзейнічае сацыяльная ініцыятыва «Дзіцячая радыёхвілінка». Яе ўдзельнікі рыхтуюць выпускі, якія выходзяць у раённы радыёэфір, паспяхова ўдзельнічаюць у конкурсах дзіцячых і юнацкіх СМІ. Навучэнцы цэнтра ў 2011-2012 навучальным годзе ўдзельнічалі ў рэалізацыі праекта «Вяртанне да вытокаў», прысвечанага памяці нашай зямлячкі Матроны Маркевіч, якая з’яўляецца аўтарам арнаментальнага ўзору, што размешчаны на Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь. Тэма Года моладзі знайшла адлюстраванне ў праекце цэнтра «Нам будаваць будучыню краіны», які адзначаны дыпломам другой ступені Міністэрства адукацыі.
Супрацоўнікі ўстановы дадатковай адукацыі ўдасканальваюць свой вопыт у час удзелу ў абласных і рэспубліканскіх семінарах-практыкумах, канферэнцыях, выставах навукова-метадычнай літаратуры і перадавога педагагічнага вопыту. У 2013-2014 навучальным годзе ўсе дзевяць педагогаў цэнтра атрымалі дыпломы ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама за прызавыя месцы ў выставе-конкурсе распрацовак «Мой лепшы занятак», чацвёра з іх былі ўзнагароджаны дыпломамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
З’яўляючыся важным кампанентам адукацыйнай прасторы ў раёне, Сенненскі цэнтр дзяцей і моладзі працуе ў трывалай сувязі са школамі, дзіцячымі садкамі, арганізацыямі, зацікаўленымі ў супрацоўніцтве. Гэта ўстановы культуры, РАНС, ДАІ, РАУС, ваенкамат, арганізацыі БРПА, БРСМ, Беларускага саюза жанчын, грамадскага аб’яднання «Белая Русь», савет ветэранаў, раённая газета і радыё і іншыя.
У сценах цэнтра дзеці набываюць карысныя веды і навыкі, атрымліваюць задавальненне ад зносін з педагогамі, бачаць у іх старэйшых таварышаў, стараюцца быць падобнымі да іх. У такой абстаноўцы нараджаюцца таленты, раскрываюцца дараванні.
Таццяна БУРАКОВА.