БУДЫНАК ПРАКУРАТУРЫ — ПЕРШЫ АБ’ЕКТ БУДУЧЫХ «ДАЖЫНАК»

1++Пасля двухгадовага рамонту, які ўключаў у сябе элементы мадэрнізацыі, работнікі пракуратуры Сенненскага раёна адзначылі наваселле. «Уваходзіны», — як трапна, па-беларуску, сказаў Аляксандр Канюк, генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь, у час зносін з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі.

Акрамя яго, на мерапрыемстве было шмат іншых гасцей. У прыватнасці, намеснік генеральнага пракурора Аляксандр Дубаў, які ўзначальваў раённую пракуратуру больш за 10 гадоў, Генадзь Дыско, пракурор Віцебскай вобласці. Мясцовую вертыкаль улады прадстаўлялі Уладзімір Белавус, намеснік старшыні аблвыканкама, і Міхаіл Вілюга, старшыня раённага Савета дэпутатаў. Рамонт, які каштаваў 3 млрд 800 млн рублёў, вёўся дзякуючы фінансаванню з дзвюх крыніц, у тым ліку з абласнога бюджэту.
5++Будынак, і знешне і ўнутры, выглядае стыльна. Размешчаны ў цэнтры горада, на адной з яго цэнтральных вуліц, ён, безумоўна, упрыгожыць Сянно, якое ў 2016 годзе стане месцам святкавання абласных «Дажынак». У час выступлення Уладзімір Белавус падкрэсліў, што рэканструяваны будынак можна лічыць першым аб’ектам свята хлебаробаў Віцебшчыны.
Не хаваў свайго задавальнення і Уладзімір Рудзянкоў, пракурор Сенненскага раёна.
— Для работнікаў пракуратуры створаны выдатныя ўмовы для працы. Кожны з іх будзе мець асобны пакой, неабходную сучасную аргтэхніку, што абавязкова палепшыць эфектыўнасць і якасць нашай работы.
3++Палепшацца ўмовы і для наведвальнікаў пракуратуры. Больш даступнай і яркай стане прававая інфармацыя на стэндах, што размешчаны ў фае.
Наш кар.

НА ЗДЫМКАХ: у час афіцыйнай цырымоніі адкрыцця пракуратуры Сенненскага раёна; да калег звяртаецца генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Аляксандр Канюк; сімвалічны ключ ад будынка пракуратуры ўручаецца пракурору раёна Уладзіміру Рудзянкову.