СПРАВА ЎСЯГО ЖЫЦЦЯ

1+++У наш прагматычны час камп’ютары і гаджэты пакрысе выцясняюць папяровыя носьбіты інфармацыі з жыцця грамадства. Магчыма, у дзелавых сферах гэта добра і зручна. Але, на мой погляд, толькі не ў галіне мастацкай літаратуры. Халоднае святло манітораў і экранаў не можа так закрануць душу, як друкаванае слова. Таму з кнігай чакаеш сустрэчы як з лепшым сябрам.

Сучасныя бібліятэкі, улічваючы актуальныя патрэбы грамадства, займаюцца не толькі папулярызацыяй кнігі, але і працуюць у іншых накірунках, займаюцца ўкараненнем у практыку новых тэхналогій, інавацыйных форм і метадаў работы.
Дзейнасць бібліятэк Сенненскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы накіравана на прапаганду краязнаўчых і экалагічных ведаў, выхаванне патрыятызму, духоўных і сямейных каштоўнасцей. Але ў аснове ўсіх гэтых напрамкаў ляжыць работа па папулярызацыі кнігі.
Агульны кніжны фонд бібліятэк раёна складае 270 тысяч экзэмпляраў. Чытачамі з’яўляюцца 14900 чалавек.
Работа ў бібліятэцы ніколі не бывае сумнай, лічаць яе супрацоўнікі. У цяперашні час бібліятэкар — гэта і педагог, і мовазнаўца, і псіхолаг, і маркетолаг, і юрыст, і спецыяліст у галіне інфармацыйных тэхналогій. Гэта прафесія вельмі падыходзіць творчым, таленавітым і ініцыятыўным людзям. Менавіта такімі з’яўляюцца загадчыца аддзела камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі адзінага фонду Сенненскай раённай бібліятэкі Софія Мандрык, загадчыца Сенненскай раённай дзіцячай бібліятэкі Таццяна Гарбачова і бібліятэкар першай катэгорыі аддзела абслугоўвання і інфармацыі Алена Гардзюк.
Сёлета гэтыя жанчыны адсвяткавалі ўласныя і працоўныя юбілеі. Не адзін дзясятак гадоў аддалі яны бібліятэчнай справе, маюць вышэйшую спецыяльную адукацыю, якую набылі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры.
Софія Мандрык на сваёй пасадзе адпрацавала дваццаць адзін год. Агульны стаж работы ў сістэме — тры з паловай дзесяцігоддзі. Вопытны спецыяліст, яна добра ведае ўсе тонкасці бібліятэчнай справы. А каб не адстаць ад сучасных патрабаванняў, якія хутка мяняюцца і ўскладняюцца, пастаянна павышае сваю прафесійную кваліфікацыю на рэспубліканскіх і абласных курсах. «Каб якасна працаваць і быць патрэбным на сваім рабочым месцы, трэба заўсёды ісці ў нагу з часам, асвойваць новыя тэхналогіі і формы работы, павышаць свой кругагляд, асабліва працуючы ў такой сферы, як бібліятэчная справа», — лічыць Софія Мікалаеўна.
Адбылася жанчына і як кіраўнік. Умее правільна арганізаваць работу аддзела, удала каардынуе дзейнасць яго супрацоўнікаў. Адным словам — чалавек на сваім месцы. «І мяняць яго не стала б, нават калі б раней прадаставілася такая магчымасць», — прызнаецца загадчыца аддзела.
Стаж работы Таццяны Гарбачовай у Сенненскай ЦБС — дваццаць дзевяць гадоў. Пачынала метадыстам аддзела бібліятэчнага маркетынгу. І вось ужо дванаццаць гадоў узначальвае раённую дзіцячую бібліятэку.
Пасада кіраўніка патрабуе ведання не толькі бібліятэчнай справы, але і кампетэнтнасці ў пытаннях эканомікі, працоўнага і гаспадарчага заканадаўства. Гэтыя веды дапамагаюць загадчыцы ўстановы правільна арганізаваць работу калектыва і бібліятэкі ў цэлым, планаваць, каардынаваць і аналізаваць яе дзейнасць, аператыўна прымаць рашэнні.
Багатым вопытам са сваімі калегамі Таццяна Рыгораўна дзеліцца на семінарах і нарадах бібліятэчных работнікаў. Шмат увагі ўдзяляе рабоце з дзецьмі-інвалідамі, духоўнаму выхаванню чытачоў, дзейнасці народнага лялечнага тэатра кнігі «Пятрушка», які створаны пры бібліятэцы.
«Вельмі падабаецца работа з людзьмі. Адчуваеш задавальненне, калі твая дзейнасць прыносіць радасць і карысць чалавеку. А дзеці — гэта сапраўды цудоўны народ, вельмі шчыры, непасрэдны. Яны маюць асаблівую патрэбу ў ведах, у духоўным развіцці і абагачэнні. Дапамагчы ім набыць усё гэта — наш абавязак», — упэўнена Таццяна Гарбачова.
Трыццаць пяць гадоў далучае сенненскіх чытачоў да скарбніц мастацкай літаратуры Алена Гардзюк. Бібліятэкар сама з’яўляецца апантаным аматарам кнігі, а таму не толькі ў сілу службовых абавязкаў жыва цікавіцца кніжнымі навінкамі, добра ведае айчынную і замежную літаратуру. А каб задаволіць патрэбы чытачоў, пастаянна вывучае іх попыт.
Алена Людвігаўна заўсёды гатова дапамагчы кожнаму наведвальніку бібліятэкі, добра арыентуецца ў кніжным фондзе, таму адшукаць тое ці іншае выданне ёй не складана. Лёгка знаходзіць бібліятэкар і агульную мову з чытачамі ўсіх узростаў і густаў.
«Людзі, якім дапамагаеш знайсці адказ на нейкае пытанне ці патрэбную кнігу, заўсёды выказваюць удзячнасць. Пачуццё сваёй запатрабаванасці як спецыяліста падштурхоўвае працаваць яшчэ з большай аддачай, каб кожны чытач ішоў да нас з радасцю, як да сваіх сяброў і памочнікаў», — дзеліцца думкамі Алена Гардзюк.
Сапраўды, сёння ў Сенненскую бібліятэку ідуць не толькі за кнігамі і неабходнай інфармацыяй, але і для таго, каб прыняць удзел у розных конкурсах, наведаць разнастайныя мерапрыемствы, выставы, сустрэцца з пісьменнікамі і паэтамі, адпачыць і атрымаць эстэтычнае задавальненне.

Таццяна
Буракова.
На здымку: загадчыца аддзела камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі
адзінага фонду Сенненскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Софія Мандрык.