Быць бліжэй да людзей

У раённым Савеце дэпутатаў склалася пэўная сістэма работы са зваротамі грамадзян. Акрамя прыёму грамадзян па асабістых пытаннях, арганізуюцца су­стрэчы з выбаршчыкамі ў час выступленняў інфармацыйных груп, у ходзе якіх вядзецца растлумачальная і прапагандысцкая работа сярод насельніцтва па сацыяльна-эканамічнай абстаноўцы ў раёне, здымаюцца надзённыя праблемы жыццезабеспячэння вяскоўцаў.

 Усе звароты вывучаюцца, іх выкананне бярэцца на кантроль, людзям аказваецца канкрэтная дапамога ў вырашэнні іх праблем. На гэта скіроўвае і артыкул 11  Закона Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь».

 Аднак некаторыя старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў недастаткова чула і ўважліва, з патрэбнай адказнасцю ставяцца да разгляду зваротаў. Папроку ў гэтым заслугоўвае былое кіраўніцтва Беліцкага сельсавета і цяперашняе — Какоўчынскага. Так, напрыклад, яшчэ ў 2008 годзе ў Беліцкі Савет паступіў зварот В.Г.Долгай аб аказанні садзейнічання ў спілоўцы дзвюх бяроз на могілках вёскі Мяшчэнцы. Старшынёй быў дадзены грамадзянцы прамежкавы адказ. Аднак ён аказаўся нічым іншым, як адпіскай. Грамадзянка пасля гэтага звярнулася пісьмова  да старшыні абласнога выканаўчага камітэта А.М.Косінца.

 У чэрвені гэтага года пракуратурай раёна праведзена праверка работы са зваротамі грамадзян Беліцкага сельскага Савета, у ходзе якой быў выяўлены зварот  В.М.Шылько аб аказанні дапамогі ва ўборцы фундамента ад дома ў вёсцы Маргойцы, які на момант праверкі не быў разгледжаны  ў адпаведнасці з заканадаўствам па зваротах грамадзян. Гэты факт адлюстраваны ў інфармацыі, што прадстаўлялася  абласной пракуратурай на імя губернатара.

 Зварот Р.Н.Марозавай па добраўпарадкаванні грамадзянскіх могілак у вёсцы Грузды таксама не быў своечасова разгледжаны старшынёй  Какоўчынскага  сельскага Савета.

 Трэба адзначыць, што гэтыя звароты не патрабавалі нейкіх там вялікіх матэрыяльных затрат.  Магчыма, трэба было прыцягнуць да добраўпарадкавання мясцовае насельніцтва, аб’явіўшы суботнік, а тыя грашовыя сродкі, што патрабаваліся, паспрабаваць сабраць з насельніцтва ў добраахвотным парадку і спа­гнаць шляхам узаконенага на тэрыторыі сельсавета падатку на самаабкладанне. Адмахнуцца ад чалавека прасцей, чым прыняць нейкія  меры па задавальненні яго абгрунтаваных запатрабаванняў. І пры гэтым старшыні Саветаў забываюць, што Прэзідэнт раз за разам паўтарае, што трэба быць бліжэй да людзей, што кіраўнік павінен служыць народу, а не народ — кіраўніку.