ГАСПАДАРЫ БЛАКІТНЫХ МАГІСТРАЛЯЎ

OLYMPUS DIGITAL CAMERAЗаўтра — Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці. Прафесійнае свята адзначаць і ў РВУ «Сяннорайгаз», калектыў якога налічвае 49 чалавек.

На абслугоўванні філіяла знаходзіцца 193,4 км газавых магістраляў, 7 газарэгулятарных, 25 шафавых рэгулятарных пунктаў, 466 дамавых рэгулятараў, 3 групавыя ўстаноўкі, 19 катодных станцый, работа якіх накіравана на папярэджванне карозіі газаправодаў. Дадайце сюды сотні газавых калонак, катлоў, лічыльнікаў газу, больш дзесяці тысяч газавых пліт. Перад калектывам стаіць на першы погляд простая задача — забяспечыць у бесперапынным рэжыме, без аварый газам насельніцтва, камунальна-бытавых, прамысловых спажыўцоў, здзяйсняць належны кантроль за выкарыстаннем газавага паліва і захаваннем спажыўцамі рэжымаў газаспажывання ў залежнасці ад узроўню.
OLYMPUS DIGITAL CAMERAГазавая гаспадарка раёна пастаянна развіваецца. За 8 месяцаў бягучага года пабудавана каля 1 кіламетра газавых магістраляў, праз якія прыродны газ падаецца спажыўцам, праведзена комплекснае, з выкарыстаннем спецыяльных прыбораў абследаванне больш за 5,3 кіламетра падземных газаправодаў, на прыродны газ пераведзены 24 індывідуальныя жылыя дамы, у 18 кватэрах устаноўлены прыборы ўліку расходу паліва.
Узровень дастаўкі газу ў балонах для абанентаў сельскай мясцовасці склаў 100 %.
Газіфікацыя раёна працягваецца. Асноўныя работы сёлета перамясціліся ў Багушэўск. Да канца года ў гарпасёлку будзе здадзена ў эксплуатацыю каля каля 20 кіламетраў сеткі газаправоду для кааператыва «ГБТК», у які ўваходзіць 315 чалавек, і больш за 2 кіламетры — для кааператыва «Новалясны». Асноўныя работы на будаўніцтве газаправодаў выконваюцца сіламі УП «Віцебскгазбуд», сенненскія газавікі павінны пабудаваць 67 аб’ектаў.
— З пачатку сваёй дзейнасці РВУ «Сяннорайгаз» на Сенненшчыне газіфікавана 4204 кватэры, у якія паступае прыродны газ (у 3395 з іх устаноўлены лічыльнікі), і 9157 кватэр, дзе выкарыстоўваецца звадкаваны газ, — паведаміў галоўны інжынер арганізацыі Міхаіл Гаршанаў.
У РВУ «Сяннорайгаз» ён працуе крыху больш за год. За кароткі час паспеў зарэкамендаваць сябе як тэхнічна граматны спецыяліст. Хутка асвоіцца ў калектыве Міхаілу Аляксандравічу дапамагла не толькі добрая спецыяльная падрыхтоўка. У газавай гаспадарцы ён пачынаў майстрам у Паставах, некаторы час працаваў у аблгазе. Так што навыкі работы з людзьмі таксама дапамаглі яму хутка адаптавацца ў новым калектыве. А ён у РВУ «Сяннорайгаз» — стабільны. Са стажам працы больш за 15 гадоў тут працуе 18 чалавек, менш за пяць — 12.
— Моладзь да 31 года ў нас складае недзе каля чвэрці ад усяго калектыву, — падлічыў Ігар Мядзведзеў, дырэктар арганізацыі. — Амаладжэнне праводзіцца пастаянна, але паступова, каб не парушыць баланс. Кожны, хто стаў членам нашага калектыва, мае магчымасць павышаць сваю кваліфікацыю, расці прафесійна.
4+++Гэты тэзіс лёгка прасачыць на прыкладзе газаэлектразваршчыка Леаніда Шапавалава. У РВУ «Сяннорайгаз» ён працуе з 2000 года. За гэты час тройчы павышаў кваліфікацыю, праходзіў перападрыхтоўку ў спецыяльных цэнтрах. Зараз ён мае 6 разрад, у стане выканаць найскладанейшую работу.
Зрэшты, газавікі маюць магчымасць не толькі расці прафесійна. Кожны ахвочы можа займацца спортам, развіваць свае творчыя здольнасці ў мастацкай самадзейнасці. Вось і ў час апошняй летняй раённай спартакіяды каманда газавікоў заняла першае месца.
У калектыве падтрымліваецца жорсткая працоўная і тэхналагічная дысцыпліна. Пры гэтым пануе па-чалавечы вельмі цёплая і даверлівая абстаноўка. Агульнай справай для людзей, візітнай карткай для калектыву сталі адміністрацыйны будынак і тэрыторыя вакол яго. У вытворчай зоне расце фруктовы сад. І гэты прыклад варты пераймання.
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
НА ЗДЫМКАХ: Міхаіл Гаршанаў; Леанід Шапавалаў; каманда РВУ «Сяннорайгаз» — пераможца летняй раённай спартакіяды 2015 года.

Фота аўтара.