ТАКІ СТЫЛЬ ЖЫЦЦЯ

IMG_0087++Сярод лепшых малаказдатчыкаў у КУП «Наш клопат» называюць Леаніда і Ганну Валадкевічаў з вёскі Александрова. Штодзень яны рэалізуюць дзяржаве ў сярэднім па 130 літраў малака. За 7 месяцаў бягучага года гэта лічба склала 14 тон 744 кілаграмы.

Гаспадарку Леанід Васільевіч і Ганна Віктараўна па сённяшніх мерках трымаюць вялікую: восем кароў, тры быкі, цёлка, восем цялят. Ёсць пчолапасека, у апрацоўцы тры гектары зямлі.
— Рагуля на падворку была заўсёды, — гаворыць Ганна Валадкевіч, — а калі колькасць кароў дасягнула пяці, каб палегчыць сабе працу, купілі даільны апарат. Уласная гаспадарка стала для нас добрым падмуркам для паляпшэння сямейнага дабрабыту. Малако, мяса, смятана — усё сваё, не трэба ў магазіне купляць, плюс нядрэнная выручка, атрыманая ад рэалізацыі малака дзяржаве.
Для апрацоўкі зямлі, нарыхтоўкі сена набылі трактар, касілку.
Леанід Васільевіч сам мясцовы, з Новага Сяла. З жонкай, Ганнай Віктараўнай, ураджэнкай Гродзенскай вобласці, пазнаёміліся падчас вучобы ў Віцебскім ветэрынарным інстытуце.
Валадкевічы па спецыяльнасці ветурачы. Каля пятнаццаці гадоў адпрацаваў галоўным ветурачом у былым калгасе «Бярозкі» Леанід Васільевіч. Пасля рэарганізацыі гаспадаркі прафесію прыйшлося змяніць. Сёння муж і жонка працуюць сацыяльнымі работнікамі.
Сужэнцы Валадкевічы перакананы, што калі здароўе дазваляе, у вёсцы абавязкова неабходна трымаць хоць якую-небудзь жыўнасць. Самі ж яны так уцягнуліся ў сваю гаспадарку, што іншага ладу жыцця проста не ўяўляюць і, галоўнае, не хочуць нічога мяняць.
Ларыса МУКАМОЛАВА.
НА ЗДЫМКУ: Ганна Валадкевіч.