МЕМАРЫЯЛ ПАМЯЦІ ЗАСЛОНАВА РЭКАНСТРУЯВАЛІ

15=Купаваць. Для кожнага сенненца, для ўсёй Сенненшчыны, зрэшты, як і для ўсёй Беларусі — гэта знакавае месца. У гады Вялікай Айчыннай вайны вёску называлі партызанскай сталіцай. Тут працяглы час размяшчаўся штаб брыгады дзядзі Косці. У Купаваці 14 лістапада 1942 года Канстанцін Заслонаў прыняў свой апошні бой і быў пахаваны мясцовымі жыхарамі побач з іншымі загінуўшымі партызанамі.

У 1947 годзе рэшткі легендарнага камбрыга перапахавалі ў Оршы, дзе пачыналася яго змаганне з ворагам. А у 1957 годзе над магілай патрыётаў быў устаноўлены помнік, з’явіўся памятны знак. У памятныя даты Вялікай Айчыннай вайны, у дзень гібелі Канстанціна Заслонава тут заўжды збіраліся людзі: тыя, хто ваяваў у складзе заслонаўскіх брыгад, жыхары раёна, прадстаўнікі калектыву Аршанскага дэпо, піянеры, камсамольцы. Наладжваліся нефармальныя сустрэчы. Купаваць стала тым месцам, над якім вітаў дух патрыятызму, дзе грудзі напаўняў гонар за гераізм продкаў.
Новае жыццё Купаваць атрымала ў пачатку 21 стагоддзя. Па ініцыятыве Васілія Бараноўскага, які ў той час быў старшынёй Студзёнкаўскага сельвыканкама, у Купаваці ўзнік цэлы мемарыяльны комплекс. У прыватнасці, былі пазначаны месцы, дзе да вайны стаялі вясковыя хаты. Непадалёк ад памятнага знака і брацкай магілы з’явілася інсталяцыя партызанскага побыту: зямлянкі, акопы, шалашы. Улічваючы інтарэс да гістарычнага месца, былі ўстаноўлены спартыўныя збудаванні, лаўкі, шапікі. Наведвальнікі маглі не толькі ўскласці кветкі, пастаяць, схіліўшы галовы ля помніка, але і акунуцца ў атмасферу партызанскага жыцця, адпачыць.
Сёлета, у год 70-годдзя Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі, па ініцыятыве старшыні райвыканкама Васілія Чарадніка праведзена рэканструкцыя мемарыяла. Аднаўленчыя работы, новыя аб’екты выкананы без прыцягнення бюджэтных сродкаў. Будаўнічыя матэрыялы прадаставілі Багушэўскі лясгас і Багушэўскі леспрамгас. Работнікі названых арганізацый, а таксама настаўнікі, тэхнічныя работнікі Студзёнкаўскай школы і супрацоўнікі Студзёнкаўскага сельвыканкама ў вольны ад асноўнай работы час, знаходзячыся ў працоўным водпуску, працавалі ў Купаваці, у тым ліку, кіраўнікі ўстаноў.
На просьбу ўлады адгукнуліся людзі, чые дзеды і бацькі ваявалі супраць фашысцкіх захопнікаў, што сведчыць аб пераемнасці ад пакалення да пакалення маральных каштоўнасцей, у аснове якіх свабодалюбства, імкненне беларускага народа да незалежнасці. Васілій Чараднік, які вітаў сабраўшыхся на адкрыцці мемарыяла, адзначыў: «Падобная агульная праца збліжае калектывы, пакаленні, служыць добрым прыкладам для моладзі, асабліва напярэдадні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Ён уручыў падзячныя пісьмы райвыканкама Сяргею Лапатку, Пятру Гарбачову і Уладзіміру Касьянаву. Да помніка над брацкай магілай леглі кветкі.
На цырымоніі прысутнічалі не толькі дарослыя. У Купаваць на веласіпедах з замацаваным сцягам раёна прыехала група школьнікаў са Студзёнкаўскай школы. Побач з імі стаялі выхаванцы клуба «Спарта». Іх прысутнасць была лепшай ілюстрацыяй да слоў кіраўніка раёна.
Лагічным працягам мітынга стала экскурсія па мемарыяле. Дырэктар раённага краязнаўчага музея Іва Шубка расказала аб Канстанціне Заслонаве, аб падзеях таго трагічнага дня: «Дзядзя Косця, які быў вельмі патрабавальным кіраўніком, ніколі не ахвяраваў дарэмна людзьмі. Вось і 14 лістапада 1942 года на сустрэчу з членамі вызваленчай арміі, якія павінны балі перайсці на бок партызан, ён у суправаджэнні аднаго партызана пайшоў асабіста. А калі зразумеў, што прыйшлі карнікі, прыняў бой».
Трэба было бачыць, з якой цікавасцю аглядалі акопы, бліндажы дзеці, як уважліва слухалі яны расказ пра героя. А значыць, праца дарослых дае плён, мемарыял трэба развіваць, ператварыць яго ў адно з галоўнейшых месцаў патрыятычнага выхавання. І не толькі дзяцей. Сёння сярод дарослых таксама нямала тых, каму імя Канстанціна Заслонава нічога не гаворыць. Між тым яно, як і імя Пятра Машэрава, — гэта гонар, слава Сенненшчыны, яе адметнасць.
Аляксандр Яўгенаў.
НА ЗДЫМКУ: старшыня райвыканкама Васілій Чараднік уручае падзячнае пісьмо кіраўніку леспрамгаса Пятру Гарбачову.