ЛЕПШУЮ ВЯСКОВУЮ СЯМ’Ю ВЫБРАЛІ НА СЕННЕНШЧЫНЕ

1=Уладар сяла. Хто ён? Адказ на гэтае пытанне паспрабавалі знайсці сем маладых сем’яў з Багушэўскага, Багданаўскага, Беліцкага, Ходцаўскага, Машканскага, Студзёнкаўскага і Какоўчынскага сельсаветаў — удзельніц раённага этапа рэспубліканскага сельскагаспадарчага сямейнага конкурсу. Яны змагаліся за права прадстаўляць Сенненшчыну на абласным этапе конкурсу, які адбудзецца ў  Верхнядзвінску. Ідэйным натхняльнікам раённага тура «Уладар сяла» выступае райкам грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, упраўлення сельскай гаспадарцы і  харчавання райвыканкама, раённай арганізацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Сапраўднае свята для ўдзельнікаў і гасцей фэсту было арганізавана 13 жніўня на пляцоўцы каля Багушэўскага гарпасялковага дома культуры. У барацьбе за галоўны прыз, а таксама за званне лепшай вясковай сям’і раёна ўдзельнікам давялося пераадолець этапы творчых, сельскагаспадарчых і спартыўных выпрабаванняў. І нават летні дождж (такі чаканы пасля анамальнай спёкі) не падмачыў настрой і запал канкурсантаў. А вядучыя конкурсу Дзмітрый Цімашэнка і Таццяна Сініца не пераставалі падбадзёрваць удзельнікаў і гледачоў. Паміж этапамі свае выступленні прысутным дарылі выканаўцы і калектывы мастацкай самамадзейнасці.
Спаборніцтва пачалося са знаёмства з сем’ямі ў межах конкурсу візітак «Вітаем па-беларуску». У прэзентацыях знайшлося месца і танцам, і песням, і вершам, і, канечне, пранікнёным словам у адрас сваіх другіх палавінак і дзяцей. Пасля чаго канкурсанты на некалькі гадзін пагрузіліся ў спаборніцкую праграму. Першымі на арэну выйшлі дрывасекі. Конкурс «Па дровы» складаўся з трох частак. Спачатку таты і мамы распілоўвалі на роўныя часткі бервяно, пасля гаспадары секлі гэтыя часткі на дровы, а гаспадыні акуратна складвалі іх.
З няпростых выдаўся і іспыт «Святочны воз», у якім мужчынам патрабавалася запрэгчы каня, а іх жонкам, адпаведна, распрэгчы. Далёка не кожны вясковец сёння валодае стайневай навукай. У наш час каня звычайнага нават у сельскай мясцовасці змяніў «конь жалезны». Невыпадкова многія канкурсанты прызнаваліся, што рабілі гэта ў сваім жыцці ўпершыню. Праўда, з дапамогай «экспертаў»-конюхаў, з заданнем справіліся ўсе.

Папацець давялося ўдзельнікам і падчас спартыўнай эстафеты. На хуткасць яны павінны былі прынесці з дапамогай каромысла два паўнюткіх вядра вады, забіць цвікі і прадэманстраваць навыкі спавівання немаўляці (у якасці яго была лялька). Прычым апошні этап прызначаўся выключна для моцнай паловы.
«Разыначкай» фэсту стаў конкурс «Сялянскія прысмакі». Апранутыя ў нацыянальныя касцюмы сапернікі частавалі гасцей стравамі народнай кухні. Дэгустацыя суправаджалася творчымі выступленнямі.
Завершыўся конкурсны дзень абаронай выстаў творчых работ і дасягненняў сямейнай гаспадаркі сем’яў-удзельнікаў. Вышыванкі, мяккія цацкі, вязаныя рэчы, паперапластыка, вырабы дэкаратыўна-прыкладной творчасці і шмат чаго іншага ацанілі журы і публіка.
Пасля гарачых дыскусій судзейскай калегіі, у склад якой увайшлі прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райкама ГА «БРСМ», раённай арганізацыі Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, на чале з намеснікам кіраўніка раёна Зояй Фаміной, пераможца вызначыўся па колькасці балаў. Ён з Какоўчынскага сельсавета. Дружнай сям’і Аляксандра і Ганны Васільевых з аграгарадка Янова, у якой выхоўваюцца прыгажуні-дачушкі Злата і Ксенія, дастаўся галоўны прыз конкурсу — жывы бычок. Ён, дарэчы, аказаўся земляком Васільевых. Жывёлу выдзеліла ААТ «Бяленева».
Ганна ўзначальвае мясцовае паштовае аддзяленне. Аляксандр працуе зваршчыкам на спіртзаводзе. Трымаюць сваю падсобную гаспадарку, праўда, птушыную — куры, індыкі, качкі, а вось з чацвераногімі, прызнаюцца сёлетнія «Уладары сяла», справы яшчэ не мелі, нават хлеўчука адпаведнага для «прыза» пакуль няма. Але з залатымі рукамі главы сям’і яго ўзвядзенне, як кажуць, справа часу. Аляксандр ужо пабудаваў на сваім падворку лазню, арэлі ды горкі для дачок. Ганна не толькі спраўная кулінарка (між іншым рэцэпты прыгатаваных ёю беларускіх страў сужэнцы прадставілі ў вершаванай форме), але і майстрыха. Жанчына захапляецца вырабам тапіарыяў — штучных дэкаратыўных дрэўцаў шчасця.
Зрэшты, пра кожную сям’ю можна расказваць бясконца. Сярод іх ёсць тыя, хто не першы раз уключаецца ў барацьбу за тытул «Уладара сяла». Так, Арцём і Наталля Міцкевічы з Ходцаў удзельнічаюць з самага пачатку конкурсу.
А вось для сям’і Жыгалавых са Скога ў складзе Сяргея, Марыі і іх дачушкі Сонечкі, якія пакарылі гледачоў сваёй беларускамоўнай прэзентацыяй, — гэта было дэбютнае выступленне.
Між іншым сёлетні «Уладар сяла» мае сваю адметнасць. Конкурс, можна сказаць, набыў інтэрнацыянальны фармат. Так, Багданаўскі сельсавет прадстаўляла беларуска-італьянская пара… Многія сенненцы ўзгадаюць гісторыю Віталія Прэцыёза, які з дапамогай тэлеперадачы «Жди меня» знайшоў на Сенненшчыне родных братоў і, як аказалася, сваю суджаную. Маладая пара пакуль дзецьмі не абзавялася. Але абавязкам беларускага гаспадара-вяскоўца Кацярына свайго італьянскага мужа, відаць, навучыла. С усімі выпрабаваннямі Віталь справіўся годна.
Са Студзёнкі ў Багушэўск завітала ўкраінская сям’я. Леанід і Людміла Міхайлавы, ратуючыся ад вайны, прыехалі ў Беларусь з Харкава. Цяпер сужэнцы шчыруюць у ААТ «Студзёнка». Сапраўдным упрыгажэннем фэсту стала іх дачушка Маргарыта, якая падтрымала бацькоў вясёлай песняй і грацыёзным танцам. У юнай артысткі пухлае дасье з розных грамат і дыпломаў, атрыманых на ўсеўкраінскіх конкурсах дзіцячай творчасці. Упэўнена, яе таленавітая зорачка хутка заззяе і на раённай сцэне. На конкурс Міхайлавы таксама прывезлі знакамітыя варэнікі.
Украінскім баршчом частавала прысутных і шматдзетная сям’я Машкей з Машканоў. Яго рацэптам падзяліліся таксама ўкраінскія перасяленцы. Істотную падтрымку машканскім канкурсантам аказала маці гаспадыні сям’і. Зоя Буракова — былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ледневіцкай школы, зараз на пенсіі. Яна сама шматдзетная маці і бабуля (чацвёра дзяцей, восем унукаў), акрамя таго, цудоўна грае на баяне, вышывае, вяжа, піша вершы. Па яе слядах пайшла і дачка Дзіна — па спецыяльнасці повар, а па прызванні матуля траіх дзетак (сыноў Максіма і Кірыла, дачушкі Марыі) і творча адораная асоба. Бачылі б вы, якія дзівосныя вырабы са скуры яна робіць!
У захапленні спыняюся і ля стала сям’і Арэставых-Кожар з Беліцкага сельсавета. На выставу сямейнай творчасці Марына і Уладзімір прывезлі свае вырабы з паперы і дрэва.
Зрэшты, ні адзін з удзельнікаў сямейнага спаборніцтва не застаўся без прызоў. Пра гэта паклапаціліся арганізатары мерапрыемства. Пераможцы ў кожным этапе атрымалі ў дадатак да дыпломаў бытавую тэхніку. Акрамя таго, сваіх прадстаўнікоў падарункамі падтрымалі сельвыканкамы і працоўныя калектывы.
Віншуючы удзельнікаў, старшыня журы Зоя Фаміна адзначыла, што такія сем’і — гонар Сенненскай зямлі, аснова яе светлай, шчаслівай і мірнай будучыні.
Вось ужо трэці год запар «Уладар сяла» аб’ядноўваюць маладыя сем’і Сенненшчыны. І з кожным годам конкурс набірае папулярнасць. Прынамсі, многія з сёлетніх канкурсантаў ужо выказалі жаданне прыняць удзел у спаборніцтве ў наступны год.
Вольга БАНДАРЭВІЧ.