НА ПЕРАВУЛКУ СВЯТА ПЕЛА ГУЛКА

1+++Для Сенненскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці стала добрай традыцыяй ладзіць канцэртныя праграмы ў гонар жыхароў вуліц, двароў і дамоў нашага горада. На гэты раз свята завітала на адзін са старэйшых завулкаў Сянна, які мае назву Чырвонай Слабады.

Некалі ў народзе яго клікалі «цёмным». Але дзякуючы мясцовым жыхарам, сёння завулак можна па праве назваць «Кветкавым» ці «Бэзавым». Літаральна кожны падворак радуе вока рознакаляровымі дыванамі кветак і дэкаратыўных раслін. А з мая па чэрвень тутэйшыя дамы патанаюць у квецені духмянага бэзу.
Калісьці насельніцтва завулка перавышала 60 чалавек, у тым ліку 37 дзяцей. Шумны і вясёлы быў час, успамінае адна са старажылак Чырвонай Слабады Тамара Якаўлеўна Бальчунас. Жанчына пражывае на вуліцы з 1956 года. Між іншым, дванаццаць юных жыхароў перавулка з тых трыццаці сямі прысвяцілі сябе вайсковай справе. Цяпер тут пастаянна і перыядычна пражываюць крыху больш за 20 чырвонаслабадчан. Пераважна гэтыя людзі паважанага ўзросту, ёсць і дачнікі.
Канцэртную праграму для прысутных падрыхтавалі артысты раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Завадныя і душэўныя песні ў выкананні Галіны Чэпік, Ларысы Крысанавай, Ніны Варанцовай і Тамары Грыгаран, удзельнікаў народнага хору ветэранаў, ансабляў «Аптымісты» і «Натхненне» прыемна радавалі слых. А некаторыя з гледачоў нават не маглі ўтрымацца на месцы і ішлі ў скокі. Настрой ва ўсіх быў па-сапраўднаму святочным.
3+++Не засталіся ўбаку і месцічы. Тамара Бальчунас выканала песню, а Уладзімір Гарбачоў прысвяціў сваім суседзям уласныя вершы.
Асаблівыя словы віншаванняў з вуснаў вядучай свята Валянціны Латышавай гучалі ў адрас сужэнцаў Бальчунас. Для іх свята роднай вуліцы супала з сямейнай урачыстасцю, а менавіта з рубінавым вяселлем. Вось ужо сорак гадоў Уладзімір і Людміла ідуць па жыцці поплеч.
Яшчэ адзін цікавы гістарычны факт звязаны з завулкам Чырвонай Слабады. У першую нядзелю жніўня ён адзначыў, можна сказаць, свой другі дзень нараджэння. У вайну завулак быў амаль цалкам знішчаны. Уцалела толькі адна пабудова. І вось роўна 70 гадоў назад, 2 жніўня 1945 года, быў узведзены першы пасляваенны дом. З яго вуліца і пачала сваё адраджэнне. Будынак захаваўся да нашага часу. Нядаўна яго набыла пара з Мурманска. Яны ўбачылі дом у інтэрнэце. Надта ж спадабаліся жыхарам рускай Поўначы сенненскія краявіды. Пераехалі не раздумваючы. І цяпер лічаць сябе чырвонаслабадчанамі.
Свята на завулку гудзела ажно да самай ночы. Яскравай заключнай кропкай стаў фейерверк.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.
На здымках: моманты свята.