ВУЧЫЦЦА НА ПАМЫЛКАХ І ДАСЯГНЕННЯХ
У самым пачатку жніва ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама правяло чарговую калегію. Акцэнт быў зроблены на вучобе, якая прайшла, у тым ліку на прыкладах вытворчай дзейнасці Віцебскай доследнай меліярацыйнай станцыі.
З разлікам
на ўласныя сродкі
Сельгасарганізацыя з’яўляецца структурным падраздзяленнем інстытута меліярацыі Нацыянальнай акадэміі Рэспублікі Беларусь і спецыялізуецца на вырошчванні элітнага насення зерневых культур, рапсу і траў. У яе штаце 31 работнік. За мінулы год на кожнага рэалізавана прадукцыі ў суме 223 млн рублёў. Падобныя лічбы для кіраўнікоў і спецыялістаў іншых сельгасарганізацый раёна выглядаюць фантастычнымі. Летась у аграрным сектары на кожнага работніка вырабілі прадукцыю крыху больш за 50 млн рублёў.
У той жа час крызісныя з’явы адбіліся і на дзейнасці ВДМС. Як заўважыў Валерый Кучко, дырэктар станцыі, у разліках за прададзеную прадукыю змяншаецца доля грашовага эквівалента, павялічваецца сума па бартарных аперацыях. Пры тым, што станцыя, за выключэннем сродкаў, што выдаткоўваліся з раённага бюджэта, фактычна пазбаўлена дзяржаўнай падтрымкі. Гэтай вясной усе ўгнаенні, сродкі аховы раслін, гаруча-змазачныя матэрыялы былі набыты за ўласныя сродкі. ВДМС узнікла не на пустым месцы. Але яе вытворчая база працягвае развівацца. Летась быў узведзены арачнік для захавання збожжа, які каштаваў 800 млн рублёў, устаноўлены электронныя вагі.
Грунтоўны рамонт,
рэгуліроўка,
герметызацыя
Уборачныя работы на палетках ВДМС пачаліся з абмалоту ранніх злакавых траў. На момант правядзення калегіі камбайны працавалі на полі, занятым азімым рапсам.
— Камбайны ў нас далёка не новыя, беларускай вытворчасці. Тым не менш, летась два нашыя моладзевыя экіпажы былі ў ліку пераможцаў абласнога спаборніцтва на жніве, атрымалі ўзнагароды на дажынках, — нагадаў Валерый Кучко, перш чым пачаць расказ аб асноўных настройках зернеўборачных машын.
На яго думку, поспех да камбайнераў прыйшоў не толькі дзякуючы высокай ураджайнасці, руплівай працы на палях. Кожны год пасля завяршэння жніва зернеўборачныя машыны разбіраюцца, праводзіцца дэфектоўка вузлоў і агрэгатаў. Тыя, што выпрацавалі свой рэсурс, мяняюцца на новыя нават пры адсутнасці знешніх дэфектаў. Другім этапам у рабоце, накіраванай на змяншэнне страт ураджаю, з’яўляецца рэгуліроўка камбайнаў. Кожная культура патрабуе індывідуальнага падыходу. Рэгуліроўку трэба праводзіць і ў залежнасці ад умоў надвор’я, стану раслін, іншых абставін. Абавязковым патрабаваннем да работы камбайна на жніве з’яўляецца яго герметызацыя. Усе гэтыя работы, якія мінімізуюць страты зерня, экіпаж павінен выканаць перад выездам у поле, пад кантролем галоўнага інжынера.
Плаціць
максімальна, але…
Начальнік райсельгасхарча Леанід Хірэвіч у сувязі з гэтым заўважыў: «Аплата працы камбайнераў залежыць ад нормы выпрацоўкі, а таксама ад якасці выкананай работы. Спецыялістам нельга забываць пра гэта, каб выключыць неабгрунтаваныя выплаты, бо яны толькі разбэшчваюць людзей».
Яго падтрымала Галіна Фралова. Намеснік начальніка райсельгасхарча па эканоміцы максімальнае стымуляванне прадукцыйнасці працы назвала стратэгічным напрамкам у дзейнасці эканамістаў сельгасарганізацыі. Яна рэкамендавала за перавышэнне задання аплату павялічваць у разы. А вось за работу ў выхадныя дні, на яе думку, лепш даваць адгулы. У большасці гаспадарак пакуль што іншая практыка: у аўторак, сераду механізатары ледзь выконваюць норму, у нядзелю — перавыкананне ў два-тры разы.
Усё што вырашчана —
захаваць
У час семінара размова вялася і аб тым, як захаваць ураджай, рэалізаваць яго па максімальна выгадных цэнах, як не згубіць зерне па дарозе з поля на зернеток, як эфектыўна выкарыстаць гаруча-змазачныя матэрыялы. Не меншая ўвага была звернута на супрацьпажарную бяспеку. Аб тым, што трэба зрабіць улічваючы вынікі маніторынга, праведзенага напярэдадні жніва, расказаў Аляксей Грынжэўскі, начальнік РАНС. Як ён запэўніў, супрацоўнікі аддзела гатовы несці службу на пажарных машынах непасрэдна ў полі, у месцах масавай уборкі, што дапаможа зберагчы хлеб і тэхніку. Але галоўнае ўсё ж, каб у час жніва не пацярпелі людзі. А таму да тэмы аховы працы, захавання тэхнікі бяспекі, стварэння належных умоў для работнікаў, занятых на ўборцы, звярталіся ўсе, хто браў слова ў час вучобы.
Убіраем
не забываючы
пра сяўбу
Антаніна Сунцеева, першы намеснік начальніка райсельгасхарча, сваё выступленне на семінары пачала з таго, што нагадала — летась самую высокую ўраджайнасць зерневых, 27,8 цэнтнера з гектара, у раёне атрымалі хлебаробы райаграсэрвіса, дзякуючы высокім тэмпам жніва, прыцягненню камбайнаў з іншых сельгасарганізацый. Прымяняць такую тактыку яна заклікала і на сёлетнім жніве.
— Рабіце на палях транспартныя праходы, каб хутчэй прасыхалі пасевы, нарошчвайце барты на транспарце, занятым на адвозцы зерня, выкарыстоўвайце палаткі, каб выключыць страты. Не бойцеся захоўваць на таках зерне. Вільготнасць яго не высокая ўжо зараз, — заклікала яна.
Між тым, час патрабуе весці іншыя палявыя работы, якія закладваюць аснову будучага ўраджая. Ва ўсякім разе вось-вось прыйдзе пара для сяўбы азімага рапсу.
— Усе работы павінны весціся ў адпаведнасці з тэхналагічнымі патрабаваннямі. А значыць, на ўбраных палях адразу пускайце дыскатары, заворвайце. Без тэхналагічнай каляі сяўбу нават не пачынайце. Без яе мы не зможам весці іншыя тэхналагічныя аперацыі. Толькі дыктат тэхналогіі дазволіць павысіць ураджайнасць і зменшыць затраты на вытворчасць,— падкрэсліла яна.
І з гэтымі словамі нельга не пагадзіцца. Каб атрымаць аддачу ад укладзеных сродкаў, тэхналогію трэба вытрымаць ад «а» да «я».
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.