Напаткали бога лесу

Чаго толькі ў свеце не здараецца з людзьмі.  Нават такія неверагодныя гісторыі, якія звычайны чалавек не можа зразумець. Але ж гісторыі гэтыя  расказваюць дастойныя, сталыя людзі, якія не дазволяць сабе  сачыняць лухту і падманваць субяседніка.

 Адну гісторыю з разраду «відавочнае-неверагоднае» расказала карэспандэнту газеты жыхарка г.п. Багушэўска Паліна Сцяпанаўна Пядачкіна.

 Выпадак гэты адбыўся з рэальнымі людзьмі, сяброўкай Паліны Сцяпанаўны Валянцінай Канстанцінаўнай Гарнаковай і яе знаёмай з Оршы Святланай Сямёнаўнай. Летам,  у той час, калі нарыхтоўвалі чарніцы, пайшлі жанчыны ў ягады ў Вакараўскі лес. Назбі­раліпоўныя кошыкі і рушылі дадому. Толькі выйшлі на прасеку, глядзяць, а там у нерухомай позе сядзіць істота (звер — не звер, чалавек — не чалавек): шэрая, космы шэрсці доўгія, ні рук, ні ног не відаць.

 Адна з ягадніц пачала хрысціцца, другая ўзяла палку. Істота раптам знялася з месца, імгненна пранеслася міма збянтэжаных ад нечаканасці жанчын, але ні тупату ног, ні наогул якога-небудзь гука гэта калматае стварэнне не зрабіла. Толькі паветрам на сябровак павеяла…

 Пазней Паліна Сцяпанаўна выпадкова знайшла ў кнізе апісанне, якое  цалкам супадала з абліччам таго, хто сустрэўся ў лесе нашым ягадніцам. Аказваецца, як сцвярджалася ў кнізе, гэта быў бог лесу, завуць якога Пан.

 Гісторыя, як бачым, падобная на рэальную. А вы, паважаныя чытачы, хочаце — верце, а хочаце — праверце…

Таццяна Буракова.