В числе лучших лесорубов Витебщины и сенненцы

 3  Як  паведамлялася раней, у Янове прайшлі абласныя спаборніцтвы «Лесаруб-2015». Удзел у іх прымалі прадстаўнікі і каманды ўсіх лясгасаў Віцебшчыны, а таксама Міністэрства лясной гаспадаркі і Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання.

 З гісторыі спаборніцтваў

Упершыню падобныя спаборніцтвы сярод вальшчыкаў лесу сталі праводзіць у Швецыі. Менавіта тут, а таксама ў іншых скандынаўскіх краінах, найбольш развіта лясная гаспадарка, якая фактычна  фарміруе валавы нацыянальны прадукт. Пазней стаў праводзіцца сусветны чэмпіянат лесарубаў. Зараз ён праходзіць раз у два гады.

6У Беларусі пайшлі далей. У пералік удзельнікаў спаборніцтваў па прафесійнаму майстэрству, акрамя вальшчыкаў лесу, уключылі машыністаў «Харвестараў», «Фарвардараў», аператараў гідраманіпулятараў. Пры гэтым, каб патрапіць на рэспубліканскія спаборніцтвы, трэба паслядоўна даказваць, што ты лепшы, у лясніцтве, лясгасе, абласным аб’яднанні. Аднак спартыўны інтарэс для арганізатараў і ўдзельнікаў спаборніцтваў адыгрывае далёка не галоўную ролю. На першым плане — павышэнне прафесійных навыкаў, ад чаго залежаць асноўныя вытворчыя паказчыкі, якасць драўніны і бяспека: уласная і людзей, што працуюць побач. Стымулам для перамогі былі і застаюцца грашовыя прэміі. Агульны прызавы фонд сёлетніх спаборніцтваў складаў 124 млн рублёў.

15 Было на каго паглядзець

У Янове сабраліся 20 каманд, большасць — у складзе не менш як 6 чалавек. Іх суправаджалі кіраўнікі лясгасаў, розных службаў, суддзі. Адным словам, у аграгарадку было шумна. Калона ўдзельнікаў спаборніцтваў расцягнулася па ўсім стадыёне мясцовай школы. Хапала гледачоў. Імі сталі пераважна мясцовыя жыхары. Гасцей і ўдзельнікаў «Лесаруба-2015» прыехалі павітаць Зоя Фаміна, намеснік старшыні райвыканкама, Віктар Мандрык, старшыня Какоўчынскага сельвыканкама.

13   Працаваў гандаль, тэматычныя пляцоўкі. У прыватнасці, разнастайныя сувеніры з адзнакамі рэгіянальнай прыналежнасці, у выглядзе міфічных істот можна было набыць у шапіках раённага Дома рамёстваў, аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН. КУПБА «Прэстыж» шырока прадставіў сваю прадукцыю. Асаблівы інтарэс удзельнікі спаборніцтваў і гледачы праявілі да дэльтаплана. Індывідуальны прадпрымальнік з Какоўчына Георгій Казакоў дэманстраваў яго не дзеля забавы. Ён гатовы супрацоўнічаць з лясной гаспадаркай у справе павышэння пажарнай бяспекі, супрацьдзеяння распаўсюджванню ў прыродным асяроддзі небяспечных хвароб. Але галоўныя яго паслугі звязаны  з рамонтам тэхнікі, што выкарыстоўваецца ў лясной гаспадарцы.

11Асы лясной справы

Але вернемся да спаборніцтваў. Яны праходзілі як на лесасеках, так і на стадыёне, дзе былі ўсталяваны стэнды ў адпаведнасці з відам спаборніцтваў. Павышаны інтарэс праяўляўся да зборнай каманды вальшчыкаў лесу Міністэрства лясной гаспадаркі, хоць яна і выступала па-за конкурсам. Што зусім не дзіўна. У яе скла­дзе вопытныя і тытулаваныя спартсмены. Валянцін Дуровіч, які працуе валь­шчыкам лесу ў Вілейскім вопытным лясгасе, і Сяргей Шкудроў, памочнік ляснічага Клецкага лясгаса, былі бронзавымі прызёрамі ў камандным заліку Сусветнага чэмпіянату, які ў 2012 годзе праходзіў у Раўбічах. У Сяргея ёсць і асабістыя дасягненні. Летась ён стаў лепшым сярод юні­ё­раў на Сусветным першынстве ў Швейцарыі.

9  Свой прафесіяналізм хлопцы пацвердзілі і ў Янове.

— Умовы спаборніцтваў на лесасецы былі даволі складанымі, бо працаваць давялося пры пераменным парывістым ветры, — адзначыў Сяргей Шкудроў пасля выступлення ў намінацыі «Валка лесу». — Для нас гэта адзін з этапаў падрыхтоўкі да чарговага чэмпіянату свету. Хочацца мець тытул пераможцы і сярод дарослых калег, — не хаваў ён амбіцый.

5  Сярод тых, хто прэтэндаваў на перамогу ў сёлетніх абласных спаборніцтваў, адзначым выступленне Аляксандра Юковіча, вальшчыка лесу з Бягомльскага лясгаса. Ён быў лепшым на валцы лесу, на абрэзцы сукоў; другім — у намінацыі «Раскрыжоўка камбінаваным рэзам». Яго падтрымалі калегі па камандзе, якія паказалі лепшы вынік ці станавіліся прызёрамі ў намінацыях «Мантаж ланцуга», «Абрэзка сукоў», «Раскрыжоўка камбінаваным рэзам». У выніку каманда з Бягомля стала пераможцай спаборніцтваў. Не шмат ім уступілі глыбачане. Іх каманда прадстаўляла вопытны лясгас і заняла другое месца. На трэцім радку замацаваліся вальшчыкі лесу з Пастаўскага лясгаса.

7Ведай нашых!

А што прадстаўнікі Сенненшчыны? З 19 каманд-удзельніц каманда Багушэўскага лясгаса заняла 11 месца. Сярод вальшчыкаў лесу найлепшы вынік — 4 месца ў намінацыі «Валка лесу» — заняў Анатоль Цярэшчанка з Какоўчынскага лясніцтва. Віталь Глебаў, вальшчык лесу Сенненскага лясніцтва, з 390 баламі быў восьмым на абрэзцы сукоў. У астатніх намінацыях гэтыя прадстаўнікі сенненскай каманды таксама паказалі дастойныя вынікі, ва усякім разе ніжэй сярэдзіны ўмоўнай турнірнай табліцы не апускаліся. Абодва яны ў падобных спаборніцтвах выступаюць нядаўна, паказваючы ўсё лепшыя вынікі. Складаная тэхніка была яшчэ больш паслухмянай у руках работнікаў Багушэўскага лясгаса. У спаборніцтваў машыністаў «Фарвардараў» перамогу святкаваў Уладзімір Марчанка. Ён з лепшым часам, без штрафных ачкоў, узвёў «піраміду». Яшчэ адзін прадстаўнік Багушэўскага лясгаса, дэбютант спаборніцтваў, Віталь Цяцюеў сярод аператараў гідраманіпулятараў паказаў 4 вынік.

2    Правядзенне спаборніцтваў такога ўзроўню — даволі клопатны занятак. І не танны. Дырэктар Багушэўскага лясгаса Сяргей Лапатко не хаваў гэтага. Тым не менш ёсць і зваротны бок медаля. Шматлікія ўдзельнікі спаборніцтваў пазнаёміліся не толькі з Багушэўскім лясгасам. Многія з іх адкрылі для сябе Сенненшчыну, з яе багатай гісторыяй, своеасаблівымі народнымі традыцыямі і шчодрымі людзьмі.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *