У аграгарадку Янова Сенненскага раёна ляцелі трэскі і апілкі
У пятніцу ў Янове было шматлюдна. Тут праходзілі абласныя спаборніцтвы работнікаў лясной гаспадаркі. І хоць насілі яны назву «Лесаруб-2015», паказаць свае прафесійныя навыкі маглі не толькі вальшчыкі лесу.
Адкрыццё спаборніцтваў і большасць практыкаванняў з праграмы праходзілі на стадыёне Яноўскай ДССШ. На лесасецы ва ўмовах блізкіх да баявых сваё майстэрства дэманстравалі вальшчыкі лесу, якія працуюць з бензапіламі, і аператары «Харвестараў». З дапамогай гэтых самаходных машын робіцца валка лесу, абрубка сукоў і раскрыжоўка — увесь комплекс неабходных работ па нарыхтоўцы дзелавой драўніны.
У першым практыкаванні на дакладнасць валкі добры вынік сярод аператараў «Харвестараў» паказаў Аляксандр Шлыкаў (на здымку). Дрэва, спілаванае прадстаўніком Суражскага лясгаса, легла на зямлю ў трох сантыметрах ад цэнтра «варот».
Нядрэнна выступалі і прадстаўнікі ДЛГУ «Багушэўскі лясгас». Ва ўсякім разе рэальныя шанцы на перамогу да канца спаборніцтваў захоўваў аператар «Фарвардэра» Уладзімір Марчанка. Практыкаванне «башня» ён прайшоў без штрафных балаў.
Больш падрабязна пра спаборніцтвы і пераможцах чытайце ў бліжэйшых нумарах нашай газеты.
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.