Віртуальны Казанова з Сянна рэальна распаўсюджваў праз інтэрнэт парнаграфічныя фільмы

казанова Крымінальныя дзеянні 24-гадовага жыхара Сянна працягваліся з лютага 2011 года па верасень 2014, пакуль не былі выяўлены падчас маніторынгу сусветнай павуціны і спынены работнікамі органаў унутраных спраў. За гэты час парнаграфічныя фільмы на старонцы нашага земляка ў адной з сацыяльных сетак былі прагледжаны не менш 92 разоў.

Фёдару Лукашу (назавём яго так) было прад’яўлена абвінавачванне ў захоўванні з мэтай распаўсюджвання, распаўсюджванне  парнаграфічных матэрыялаў, здзейсненых з выкарыстаннем глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт (ч.2 арт 343 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь). А нядаўна, пасля завяршэння следства, крымінальная справа разгледжана ў судовым пасяджэнні.

Ці разумеў малады хлопец з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, што ён робіць? Безумоўна! Ускосна пра гэта сведчыць назва акаўнта — Яўген Казанова. Маючы магчымасць абмежаваць прагляд фільмаў, ён не зрабіў гэтага. А таму Вконтакте знайсці старонку Яўгена Казановы, дзе дэманстрава­ліся, згодна з заключэннем Рэспубліканскай экспертнай камісіі па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці, «сцэны вульгарна-натуралістычнай фіксацыі палавых кантактаў, наўмыснай дэманстрацыі аголеных геніталій», не складала ніякіх праблем. Паглядзець парнаграфічныя фільмы мог любы, хто заходзіў на старонку. Эксперты палічылі і суд падтрымаў іх у гэтым, што падобныя сцэны зневажаюць гонар і годнасць асобы, бо ставяць чалавека на ўзровень праяўленне жывёльных інстынктаў.

У судовым пасяджэнні Фёдар Лукаш пагадзіўся з такой ацэнкай фільмаў. Прызнаў ён і той факт, што змясціўшы іх на сваёй старонцы ў інтэрнэце, ён тым самым прадаставіў магчымасць неабмежаванай колькасці карыстальнікаў сацыяльнай сеткі Вконтакте паглядзець іх.

Суд Сенненскага раёна прызнаў вінаватым Фёдара Лукаша ў прад’яўленым злачынстве і на падставе ч.2 арт.343 КК прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады. Аднак, улічваючы, што падсудны ўпершыню прыцягваецца да крымінальнай адказнасці, прызнаў сваю віну, адтэрмінаваў выкананне пакарання на адзін год.

Людміла КАЦУРА,

суддзя суда Сенненскага раёна.

Аляксандр ІЎЕЎ.