Праблемы прывакзальнай тэрыторыі

 

З чаго складваецца першае ўражанне пра горад? Думаю, што са мной пагодзяцца многія — з вакзала. Вось выходзіш ты з аўтобуса і перш-наперш бачыш зарослыя травой клумбы, дарогу ў ямках, разваленыя бардзюры… І ўзнікае пытанне: куды ж гэта я трапіў?

 На жаль, гаворка ідзе пра нашу сенненскую прывакзальную тэрыторыю, на якой размяшчаюцца хлебапякарні, універмаг, вакзал, бар, парк і вуліца Пушкіна. Менавіта гэтым шляхам старшыня райвыканкама Эдуард Герасіменка вырашыў прайсці разам са сваімі намеснікамі і начальнікамі гарадскіх прадпрыемстваў і арганізацый.  Пытанняў было нямала да кожнага.

 Гай памяці, што знаходзіц­ца насупраць аўта­стан­цыі, ператварыўся ў пешаходны двор. Кудысьці знік адзін пралёт плота і людзі, каб скараціць дарогу, пачалі хадзіць праз гай, наступаючы на памятную пліту (на здымках №4).  А вечарам тут распіваюць спірт­ныя напоі. Пра гэта сведчаць зламаны плот (здымак №3), бутэлькі з-пад піва, абгорткі ад чыпсаў, сляды спраўлення чалавечых патрэб.

 Зусім не радуюць вока бардзюры, каля якіх расце бур’ян. На клумбах ля ўнівермага замест кветак — пустазелле (на здымку №1).

 Пра дарогу ўвогуле няма чаго добрага сказаць. Ямка на  ямцы (на здымку №2). Хадзіць нават па тратуары небяспечна. Падвярнуць нагу ці зламаць абцас вельмі проста. Мясцовыя жыхары ўжо прывыклі да гэтага. А вось прыезджыя часта дзівяцца нашай бескультурнасці і бесгаспадарнасці.

 Наводзілі парадак  на прывакзальнай тэрыторыі сумесна работнікі райспажыўтаварыства, аўтастанцыі, ЖКГ, школьнікі… Зразумела, што пра кветкі размова не ідзе, на дварэ восень. Але ж падмеценая вуліца, пабеленыя бардзюры, выраўненая агароджа сёння ўражваюць.

 Тэрыторыя аўтастанцыі чакае рэканструкцыі. Па словах намесніка старшыні райвыканкама Сяргея Пракаповіча, праектна-каштарысная дакументацыя ўжо ёсць. Але калі пачнуцца работы, дакладна сказаць ніхто не можа. На гэта няма грошай.

 Між тым, пытанне застаецца адкрытым. Асабліва ­хвалюе стан дарогі і тратуараў. Тое, што тут зрабілі ямачны рамонт, праблему не вырашае. Вясной  калдобіны з’явяцца зноў.

 Зразумела: усе чакаюць пачатку рэканструкцыі. І ніякіх вялікіх укладанняў у рамонт гэтай тэрыторыі не збіраюцца рабіць. Але чаму не падтрымліваць парадак? Трэба ж зберагчы тое, што маем. Прывакзальная тэрыторыя — адна з самых наведваемых месцаў у Сянно. Тут знаходзяцца не толькі базар, вакзал, але  і бар, універмаг, Дом быту… Скаапераваліся б і навялі парадак не на дзень-два, а назаўсёды і падтрымлівалі б яго ўсёй грамадой.

 Дар’я  Багданоўская.