Як дажыць да 90?
Сакрэт даўгалецця ведае жыхар Сянно Шмуйло Мельцын. Нядаўна ён адсвяткаваў сваё 90-годдзе.
Як дажыць да такога ўзросту? Шмуйло Моўшавіч адказвае адназначна: «Трэба працаваць. Пакуль чалавек рухаецца, ён жыве»! Нягледзячы на тое, што юбіляр амаль не бачыць, ён стараецца многае па дому рабіць самастойна. Нядаўна, напрыклад, закончыў рамантаваць табурэткі, рукі ж памятаюць гэтую работу. Раней ён займаўся цяслярствам. І зараз захавалася вялікая колькасць цяслярскіх прылад.
Павіншаваць Шмуйло Моўшавіча з днем нараджэння прыйшлі супрацоўнікі ТЦСАН разам з дырэктарам Тамарай Смірновай. Не забыліся пра юбіляра і на былым месцы працы. З лепшымі пажаданнямі завітала дыспетчар аўтастанцыі Ларыса Глаздоўская.
Нягледзячы на ўзрост, Шмуйло Моўшавіч з аптымізмам глядзіць на жыццё. Любіць пажартаваць, успомніць былое. Памяць у яго добрая. Ён без памылкі скажа, у якімгодзе і месяцы адбылася тая ці іншая падзея ў біяграфіі. Ужо 18 гадоў прайшло з таго часу, як стаў удаўцом. Цяжка дажываць век аднаму. Добрую дапамогу аказвае сацыяльны работнік Надзея Валадкевіч, але ж знаходзіцца побач штодзень жанчына не можа. Адзінокіх людзей шмат на белым свеце. Каб было весялей жыць, часам аб’ядноўваюцца і старыя. Ужо паўгода разам з Шмуйло Моўшавічам жыве Варвара Паўлаўна. «Яна не толькі добрая гаспадыня, сяброўка, але і памочніца. Я нават адчуваць сябе стаў лепей. Хоць ёсць з кім пагаварыць», — кажа юбіляр.
Часта наведваюцца дзеці. Двое жывуць недалёка ад Сянно: у Віцебску і Оршы. Трэцяя дачка — у Таганрогу, таму і не прыехала на юбілей да бацькі. Між тым за сталом сабралася нямала гасцей: сябры, унукі, праўнукі, сваякі… Каля 30 чалавек прыйшлі пажадаць Шмуйло Мельцыну дажыць мінімум да ста гадоў.
Кацярына КАРПОВІЧ.
На здымку: Т.Смірнова, Л.Глаздоўская, Ш.Мельцын, Варвара Паўлаўна, Н.Валадкевіч.