Упершыню ў Сянне ў межах святкавання Дня Незалежнасці адбыўся забег на абцасах «Спрытная шпілька — 2015»

  IMG_2620 Паглядзець на смелых удзельніц прыйшлі не толькі іх родныя і сябры. Мерапрыемства аказалася даволі масавым. Магчыма хтосьці зларадна разлічваў на недарэчнае падзенне канкурсантак ці зламаны абцас, але сенненкі даказалі, што могуць не толькі прыгожа хадзіць на шпільках, але хутка бегаць на іх.

Першапачаткова на ўдзел у конкурсе падалі заяўкі 20 чалавек, на момант самога забегу прыйшла толькі палова. Перад стартам вядучая Юлія Крыўчанка правяла жараб’ёўку ўдзельніц. Вымярэнню падвергліся і шпількі на абутку канкурсантак. Згодна з умовамі іх вышыня павінна дасягаць не менш 7 см. Дыстанцыя забегу складала 50 метраў. Некаторыя з дзяўчат прызналіся, што сур’ёзна рыхтаваліся да конкурсу: хадзілі на трэніроўкі, падбіралі яркі вобраз, зручны абутак. Змагацца было за што. Галоўны прыз конкурсу — Br500 000!

Натоўп людзей, узброіўшыхся смартфонамі і фотаапаратамі, чакаў, калі ж пабяжыць першая група ўдзельніц. Нарэшце прагучала: «На старт! Увага! Марш!» Сенненцы актыўна падтрымлівалі бегуноў. А журы, у складзе начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргея Мяцеліцы, дырэктара Сенненскага РЦДзіМ Валянціны Каржыцкай і трэнера па лёгкай атлетыцы, фітнэс-трэнера Сенненскай СДЮШАР Вольгі Вераценнікавай, уважліва сачыла за спаборніцтвамі.

Конкурсную праграму склалі тры забегі, у якіх і вызначыліся фіналісткі.

У выніку фінальнага забегу трэцяе месца і званне «Самая стыльная шпілька» аказалася ў Вікторыі Мастыка. Літаральна некалькі крокаў аддзяліла ад першага месца Таццяну Нігматзянаву — уладальніцу другога месца і звання «Самая вопыт ная шпілька». Пераможцай і «Самай спрытнай шпількай — 2015» прызнана Святлана Траццякова, памочнік выхавальніка дзіцячага яслі-сада №2 г.Сянно.

Фіналісткі былі заахвочаны памятнымі сувенірамі ад арганізатараў (аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама), а ўсе ўдзельніцы — дыпломамі ў розных намінацыях. Самай рамантычнай шпількай прызнана Эльвіра Конышава, пяшчотнай —  Алена Пясецкая, мініяцюрнай — Таццяна Падалінская. Самай экстрымальнай шпількай стала Алеся Хіжанкова, а сур’ёзнай — Таццяна Мельцына. Самая «лёгкая» шпілька — у Алены Клімовіч. Дарэчы, конкурс падтрымала і дырэктар Сенненскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Ільюшэнка, якую прызналі «Самай экстравагантнай шпількай». Дадам, што ацэньваўся таксама і вобраз удзельніц.

Паміж забегамі на сцэне выступалі танцавальны калектыў «Нон-стоп» РЦКіНТ, танцавальны гурт Вольгі Вераценнікавай, які прадстаўлялі Ілона Любачка, Вікторыя Навічкова і Кацярына Беланожка. Радавалі сваімі запальнымі хітамі выканаўцы Галіна Хурко, Вольга Красноўская, Анастасія Бялко, Эльвіра Конышава, Марыя Шыбека.

Пасля конкурсу на сцэну выйшлі беларускія артысты — удзельнікі сумеснага праекта буйнейшай радыёстанцыі краіны і спявачкі Улады. Свае выступленні ў гэты вечар сенненцам дарылі дуэт баяністаў «Ва-банк» і танцавальны гурт «Блондзі Фьюжн», спявак Егіазар  Фарашан, вядучыя радыёстанцыі ладзілі для гледачоў конкурсы і віктарыны, спявалі пад караоке песні ваенных часоў. Забаўляў сенненскую публіку сваімі танцамі і 4-мятровы «белы мядзведзь».

У той вечар Сянно ў прамым сэнсе «гучала» на ўсю краіну: «Радыус FM» вёў прамы эфір святочнай канцэртнай праграмы.

Ірына ХАСАНАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *