Падарылі старым радасць

Сталовая Багданаўскага аддзялення штодзённага знаходжання запаўнялася людзьмі паважанага ўзросту: дзядулі апранулі свае лепшыя касцюмы, а бабулечкі павязалі рознакаляровыя хусцінкі. На салодкі стол супрацоўнікі сацыяльнай установы запрасілі не толькі сваіх падапечных, але і старэнькіх з Багданава, а таксама з навакольных вёсачак. Падстава была што ні на ёсць урачыстая — Дзень пажылых людзей, які ў нашай краіне адзначалі 1 кастрычніка.

Павіншаваць з гэтым святам у аддзяленне завіталі старшыня Багданаўскага сельсавета Віктар Сямёнавіч Мурашкевіч, а таксама дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Тамара Мікалаеўна Смірнова. Нямала цёплых, шчырых слоў яны адрасавалі віноўнікам свята, пажадалі ім здароўя і доўгіх гадоў жыцця. Тамара Мікалаеўна перадала ўста­­нове падарункі ад аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў. «Грашовае дрэва», прыгожыя паштоўкі зроблены рукамі выхаванцаў. Дарэчы, сцены багданаўскай установы ўпрыгожваюць таксама іх пано. А вось смачныя тарты на сталах з’явіліся дзякуючы прадпрымальніку Аляксандру Лапеху, які штогод ахвяруе грошы ТЦСАН на святкаванне Дня пажылых людзей. Аднак галоўнаемесца на стале заняў духмяны яблычны пірог, прыгатаваны кухарамі аддзялення. Паспрабаваць кулінарны шэдэўр пашчасціла і ўдзельнікам, і гасцям свята.

 Пастараліся багданаўцы і на культурную праграму. Загадчыца клуба Ніна Аркадзьеўна Мілеева — часты госць у насельнікаў аддзялення. Некаторых асабліва спеўных бабуль нават далучыла да культмасавай работы. Цяпер яны — пастаянныя ўдзельніцы розных вячорак і канцэртаў, што ладзяцца ў клубе.

 Жыхаркі вёскі Запруддзе Зінаіда Сяргееўна Васілёнак і Жанна Аляксееўна былі сярод запрошаных на вечарыну і сярод выступоўцаў. Можна толькі пазайздросціць звонкім галасам запруддзеўскага дуэта! (на здымку ўнізе). Парадавала старэнькіх і моладзь, а менавіта вакальная група з ліку мясцовай інтэлігенцыі. У яе складзе і загадчыца багданаўскага аддзялення Надзея Аляксандраўна Васілёнак. Жанчынкі спявалі, танчылі, расказвалі гумарэскі, вядома ж, на пенсійную тэматыку.

 У адказ бабулі і дзядулі паказалі сапраўдны майстар-клас па спевах пад баян ды каленцах у кадрылі.

 Сёння ў багданаўскім аддзяленні штодзённага знаходжання жывуць 22 чалавекі. Па розных прычынах яны засталіся без нагляду: дзеці далёка, а мо, нават, і не хочуць састарэлых бацькоў даглядаць. А тут утульныя пакоі, добрае харчаванне, пастаянны і належны догляд. Але ці дастаткова ім гэтага знешняга камфорту? Надзея Аляксандраўна расказвае, як надоечы да аднаго старога прыехалі з былога месца працы, каб павіншаваць са святам, нават нейкія грошы далі. Цэлы дзень той свяціўся радасцю: яго не забылі! Многія і сёння імкнуцца быць карыснымі. Як Валянціна Мікітаўна Гарбачова, Ларыса Цімафееўна Краўчанка — удзельніцы мастацкай самадзейнасці, ці Іван Пятровіч Макарэвіч — майстар залатыя рукі, любую рэч адрамантуе. У аддзяленні імкнуцца зрабіць іх жыццё цікавым і насычаным. А ад родных сваіх пастаяльцаў чакаюць аднаго — увагі.

Вольга Бандарэвіч.