Добраўпарадкаванне, санітарны стан населеных пунктаў сталі тэмамі для абмеркавання 16-ай сесіі раённага Савета дэпутата

Изображение 0281112Не стаяць у баку ад азначаных праблем раённы выканаўчы камітэт, сельвыканкамы. Тым не менш, калі меркаваць па дакладзе, з якім на 16 сесіі раённага Савета 27 склікання выступіла Сняжана Мяцеліца, галоўны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэ­міялогіі, мы стаім толькі ў пачатку вялікага і працяглага шляху.

 Нарматыўна-прававая база для таго, каб нашы вёскі, Сянно, Багушэўск сталі прывабнымі знешне, каб у іх было больш зручна жыць, створана. У большасці выпадкаў распрацаваны механізмы, якія дазваляюць рэалізоўваць пастановы, рашэнні, распара­джэнні, праграмы. Чаму яны марудна, не ў поўным аб’ёме выконваюцца, гэта ўжо іншая справа. У спрэчках існуючую праблему таксама не закраналі, за выключэннем, калі слова бралі Міхаіл Вілюга, старшыня раённага Савета дэпутатаў, Васіль Чараднік, кіраўнік раёна.

У Віцебскай вобласці на 2012-2015 гады распрацавана і рэалізуецца праграма добраўпарадкавання сельскіх населеных пунктаў. Яе мэтай з’яўляецца паляпшэнне выкарыстання зямель, атрыманне дадатковага прыросту вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, павышэнне ўзроўню жыцця сельскага насельніцтва. Каб дасягнуць гэтых мэт, неабходна пастаянна займацца прыцягненнем у гаспадарчы абарот патэнцыяльна высокаўрадлівых зямель, навядзеннем і падтрыманнем належнага парадку на сельскагаспадарчых аб’­ектах, скарачэннем колькасці пустуючых дамоў, прывядзеннем у парадак і комплексным добраўпарадкаваннем сельскіх населеных пунктаў. Распрацаваны і зацверджаны мерапрыемствы па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў Сенненскага раёна. У адпаведнасці з ім даведзены заданні па розных накірунках добраўпарадкавання. Разам з тым, як адзначана ў дакладзе, у раёне недастаткова арганізавана работа па раскарчоўцы шматгадовых насаджэнняў, кустоў. У карыстальнікаў зямлі не хапае на гэта тэхнічных і фінансавых рэсурсаў. Марудна зносяцца кінутыя хаты. Хаця ў пачатку года работа, калі за ёй быў нала­джаны жорсткі адміністрацыйны кантроль, вялася больш актыўна. Не дапрацоў­ваюць сельвыканкамы і ў яшчэ адным накірунку. У населеных пунктах з добра развітай інфраструктурай, паблізу ад вадаёмаў, знайсці новых гаспадароў для такіх пабудоў можна. Тым больш, што падобная практыка ў раёне, напрыклад, Ходцаўскім сельвыканкамам, напрацавана. Зразумела, тых 70 млн рублёў, што выдаткоўваюцца з бюджэту на знос старых пабудоў, яўна недастаткова.

На сесіі прагучала прапанова, дарэчы, не першы раз, стварыць у раёне спецыялізаванае звяно па барацьбе з баршчэўнікам Сасноўскага. Як яна будзе ўспрынята, невядома. Аднак думаецца, каб праверыць слушнасць прапановы, паспрабаваць трэба. Ці прымаць іншыя эфектыўныя меры. Тыя, што прымаліся раней, малаэфектыўныя. Інвазійныя культуры наступаюць. Баршчэўнік прыйшоў у райцэнтр, захоплівае, не будзем закрываць вочы, усё новыя тэрыторыі. Тыя невялікія поспехі, што атрыманы  ў Беліцкім сельсавеце, сітуацыю не мяняюць.

У дакладзе прагучала інфармацыя аб выніках праверак і маніторынгу, што праводзіліся спецыялістамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, па пытаннях добраўпарадкавання і санітарнага ўтрымання 725 падкантрольных аб’ектаў, у тым ліку 66 населеных пунктаў,  367 прадпрыемстваў і арганізацый. Парушэнні са­ні­тарна-эпідэміялагічнага заканадаўства выяўлены ў 44,8 %. Асабліва шмат іх на сельгас­аб’ектах (56%), у зонах адпачынку (53 %), на міні-палігонах (52,3 %).

У санітарнай службы шмат пытанняў да ўтрымання кантэйнерных пляцовак і кантэйнераў. Сярод самых грубых парушэнняў — адсутнасць накрывак на кантэйнерах, не своечасовы вываз смецця, у выніку чаго засмечваецца наваколле. У раёне так і не наладжаны паасобны збор смецця. Не ўсюды спрацоў­вае схема збору смецця ў аддаленых вёсках, якая распрацавана і зацверджана рашэннем райвыканкама. Таму стыхійныя звалкі можна знайсці  ў ваколіцах некаторых населеных пунктаў.  І гэта пры тым, што механізм збору смецця, распісаны практычна да драбніц.

Старшыня райвыканкама Васіль Чараднік у час абмеркавання даклада нагадаў кіраўнікам сельгасарганізацый аб Дэкрэце Прэзідэнта № 5, аб адказнасці на падставе Закона аб мясцовым самакіраванні за выкананне рашэнняў райвыканкама і прапанаваў унесці дапаўненне ў рашэнне сесіі. Пракуратуры раёна прапанавана правесці маніторынг, каб праверыць, як кампенсуюцца штрафы, што накладваюцца на арга­нізацыі, прадпрыемствы ў сувязі з парушэннямі санітарнага заканадаўства. На яго думку, заканадаўства будзе выконвацца больш дакладна, калі пры парушэннях матэрыяльная адказнасць ляжа і на кіраўнікоў.

Пры ацэнцы санітарнага стану на прадпрыемствах і ў арганізацыях найчасцей выяўляецца засмечанасць тэрыторый, несвоечасовае выкошванне пустазелля, адсутнасць месцаў для захавання шын, металалому. Па фактах парушэнняў на адрас суб’­ектаў гаспадарання накіравана 146 прадпісанняў. Як правіла, яны выконваюцца своечасова. У той жа час да адміністрацыйнай адказнасці за нездавальняючае ўтрыманне тэрыторыі прыцягнута 12 асоб. Яны аш­трафаваны ў суме амаль на 10 млн рублёў. Такія меры ўздзеяння прымаліся да адказных асоб Багушэўскай туббальніцы, Раснянскага ФАПа, СФГ «Лапеха», індывідуальных прадпрымальнікаў, сельгасарганізацый. Па выніках наглядных мерапрыемстваў пры выяўленні парушэнняў матэрыялы накі­роў­валіся ў райвыканкам, у ведамасныя службы, што таксама стала падставай для накладання дысцыплінарнага спагнання ў адносінах да 8 асоб.

У раёне праводзіцца інфармацыйна-растлумачальная работа. Важна павысіць санітарную і экалагічную культуру насельніцтва, часцей нагадваць кіраўнікам аб адказнасці за гэтыя накірункі дзейнасці прадпрыемстваў і арганізацый. Выкарыстоўваюцца магчымасці сродкаў масавай інфармацыі, праводзяцца падворныя абходы ў вёсках, агульныя сходы грамадзян. Гэтай работай разам са спецыялістамі санітарнай службы займаюцца сельвыканкамы, найбольш актыўна — Беліцкі і Ходцаўскі. Не засталіся без увагі іншыя сельсаветы. Там, як правіла, работа праводзіцца кропкава. Папярэджванні аб неабходнасці прывядзення ў парадак домаўладанняў, тэрыторый вакол іх выдаваліся ў вёсках Засценкі Багушэўскага сельсавета, Свечы, Запруддзе, Капланы, Вялікі Азярэцк — Багданаўскага, Заазер’е, Бярозкі, Пустынкі — Студзёнкаўскага, Будзішча, Пурплева, Нямойта — Нямойтаўскага. Па фактах выяўленых парушэнняў выдадзены 313 рэкамендацый, у 2 выпадках накладзены штрафы. Яшчэ два пратаколы знахо­дзяцца ў стадыі разгляду. Дакладчык прызнала, што карныя санкцыі выкарыстоўваліся ў адносінах прыватных асоб, службоўцаў не ў поўнай меры. У той жа час Сняжана Мяцеліца падкрэсліла, пратаколы аб адміністрацыйных парушэннях у сувязі з недахопамі ў добраўпарадкаванні і ўтрыманні населеных пунктаў (арт.12.14 КаАп) маюць права складаць і супрацоўнікі органаў унутраных спраў, сельскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, дзяржаўнага нагляду, камунальнікі.

На залішнюю мяккасць у рабоце ўказаных службаў звярнуў увагу і Міхаіл Вілюга. Старшыня раённага Савета дэпутатаў падкрэсліў — там, дзе прымяняюцца штрафныя санкцыі, справа на лад ідзе вельмі хутка.

Праблемным у раёне застаецца ўтрыманне і абуладкаванне грамадскіх кало­дзежаў, нягледзячы, што ўсе яны, 363, перададзены на баланс РУП ЖКГ. Сярод парушэнняў найчасцей з’яўляецца адсутнасць глінянага «замка» і бетоннай адмосткі, павеці ці накрыўкі, несвоечасовыя абкошванні тэрыторыі вакол, ачыстка і дэзінфекцыя. У час маніторынгу былі ўзяты пробы вады з 33 калодзежаў. Аналіз засведчыў — у 4 з іх вада не адпавядае гігіенічным патрабаванням, што прад’яўляюцца да крыніц нецэнтралізаванага пітнога водазабеспячэння. Яшчэ больш санітарную службу насцярожвае той факт, што работы па прывядзенні калодзежаў у належны санітарны стан пачынаецца толькі пасля прадпісанняў, выданых РЦГЭ. Кіраўнік раённай санітарнай службы лічыць, што РУП ЖКГ у праграму вытворчага лабараторнага кантролю трэба ўключаць не толькі пробы вады, узятыя з водаправодаў, але і калодзежаў. Павышанай увагі патрабуе ўтрыманне аб’ектаў водазабеспячэння і водаадвядзення. І не толькі ў сельгасарганізацыях, якія традыцыйна вырашэнне гэтай праблемы пакідаюць на апошняе. Падобная практыка характэрна для РУП ЖКГ. З пачатку года планавыя праверкі і маніторынг праводзіліся на 46 артэзіянскіх свідравінах. Парушэнні выяўлены на 8. Несвоечасова  выкашанае навокал пустазелле — дробязь у параўнанні з адсутнасцю агароджы першага пояса санітарнай зоны, прыямкаў і кранаў для адбору проб вады. Падобныя факты выяўлены нават на свідравінах у Сянне і Багушэўску, якія знаходзяцца на балансе камунальнага прадпрыемства. Павільёны на некаторых артсвідравінах затоплены, што з’яўляецца сведчаннем пра парушэнне цэласнасці трубаправода. Дарэчы, падобны факт мае месца на свідравінах у Пожаньках, Шынкаве, нават на свідравіне РУП ЖКГ, што знаходзіцца на тэрыторыі базы прадпрыемства (вул. Кастрычніцкая). На воданапорных вежах самым распаўсюджаным парушэннем з’яўляецца пераліў вады. Пры фінансавым стане сельгасарганізацый, РУП ЖКГ — гэта самы яскравы паказчык «беражлівасці». Асабліва, калі ўлічыць намер дзяржавы ў бліжэйшай перспектыве перакласці на плечы спажыўцоў камунальных паслуг усе затраты на іх вытворчасць.

Па меркаванні спецыя­лістаў РЦГЭ на 134 могілках  наве­дзены належны парадак, на 61 — патрабуецца правесці дадатковыя работы па ўзнаўленні па ўсім перыметры агароджаў, абуладкаванні месцаў збору смецця, своечасовым яго вывазе. Цэлы шэраг парушэнняў утрымання могілак выяўлены на месцы пахавання ў Беліцы, Багушэўску, Ходцах, Забор’і, Тухінцы, Асінаўцы. Гэты пералік можна доўжыць. Скажам толькі, што частка недахопаў ухілена пасля прымянення мер ад­міністрацыйнага ўздзеяння.

Але дакладчык падкрэсліла, карныя меры не былі і не будуць самамэтай. Нават пры навядзенні парадку на палігонах цвёрдых бытавых адходаў, міні-палігонах, у садаводчых і гаражных кааператывах. Галоўнае, каб недахопы ўхіляліся, падкрэсліла Сняжана Мяцеліца.

Падрыхтоўка да сесіі стала дадатковай нагодай, каб крытычна глянуць на санітарны стан населеных пунктаў Сенненшчыны. Работа ў гэтым накірунку безумоўна працягнецца і ў сувязі з сёлетнімі абласнымі дажынкамі ў Талачынскім раёне. Наш раён, як вядома, транзітны для большасці іх гасцей і членаў аблвыканкама. У 2016 годзе галоўнае свята хлебаробаў Віцебшчыны, як мяркуецца, пройдзе ў Сянне. І гэта абавязвае. Як любы паважаны гаспадар, сенненцы павінны сустрэць гасцей дастойна, прывёўшы ў парадак уласную сядзібу. Тым больш, што для гэтага будуць выдаткаваны фінансавыя сродкі з абласнога бюджэту.

 

Аляксандр ІЎЕЎ.