Цудоўная восень жыцця

Шмат гледачоў паважанага ўзросту  прыйшло на раённае мерапрыемства, прысвечанае  Дню пажылых лю­дзей. Як і заўсёды, для віноўнікаў свята была падрыхтавана добрая канцэртная праграма.

 Прысутных павіншаваў начальнік упраўлення  па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама В.І.Васілёнак. Клопат пра нашых старых, пажылых лю­­дзей гэта тое,  пра што нельга забываць, падкрэсліў выступаючы.  Падтрымаць, наладзіць быт, аказаць рэальную дапамогу — вось адна  з важнейшых задач сёння. І гэта толькі невялікая частка  нашага абавязку.

 24 % насельніцтва раёна — грамадзяне ва ўзросце старэй за 60 гадоў. У раёне, як і ва ўсёй краіне, ажыццяўляюцца  праграма сацыяльнай падтрымкі пажылых людзей, ветэранаў і пацярпелых ад наступстваў Вялікай Айчыннай вайны і праграма па ўдасканаленні сістэмы работы з адзінокімі грамадзянамі пажылога ўзросту. На Сенненшчыне  праводзіцца работа па абследаванні ўмоў жыцця  адзінокіх і адзінока пражываючых пенсіянераў. У першую чаргу акцэнт робіцца на ўдасканаленне медыцынскага абслугоўвання, забеспячэнне  тэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі, стварэнне ўмоў бяспечнага пражывання.

 Самай запатрабаванай формай сацыяльнай падтрымкі  пажылых людзей застаецца аказанне сацыяльнай дапамогі на даму. 400 састарэлых стаяць на абслугоў­ванні ў  тэрытарыяльным цэнтры  абслу­гоўвання насельніцтва. 420 пажылых лю­дзей знаходзяцца на абслугоўванні ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Для састарэлых працуюць гаспадарча-разліковыя брыгады, служба сядзелак, аддзяленні кругласутачнага прабывання ў вёсках Ходцы і Багданава.  За 9 месяцаў бягучага года ў раёне больш за 170 пенсіянераў атрымалі матэрыяльную дапамогу на суму больш за 9 млн рублёў.

 У канцы сваёй прамовы  В.І.Васілёнак пажадаў прысутным моцнага здароўя, аптымізму, актыўнага даўгалецця, бадзё­расці духу, шчасця і клопату родных, блізкіх людзей.

 Канцэртная праграма пачалася песняй «Дорогие мои старики» ў выкананні Ігара Клячына. Парадавалі сваімі  выступленнямі пажылых людзей Ніна Варанцова, Тамара Грыгаран, Алена Матузенка, Аляксандр Мінёнак, Ніна Бобрык, Галіна Чэпік, Насця Салаўёва, Сяргей Новікаў.

 Пасля канцэрта для старых былі арганізаваны забаўляльная праграма і танцы ў суправаджэнні духавога аркестра раённага Дома культуры пад кіраўніцтвам Казіміра Асіповіча, а таксама салодкі стол.

Таццяна Буракова.