БЛІЖЭЙШАЯ ПАМОЧНІЦА ВЯСКОЎЦАЎ
Ганна Конышава, партрэт якой, як лепшай старэйшыны, сёлета змешчаны на раённай Дошцы гонару, на гэту пасаду падыходзіць, як нельга лепей. Камунікабельная, актыўная — жанчына жыва цікавіцца ўсім, што адбываецца вакол, заўсёды гатова прыйсці на дапамогу, узяцца за вырашэнне любога пытання, якое хвалюе вяскоўцаў. Тым больш, што праблемы жыхароў сяла ёй знаёмыя і зразумелыя.
Нарадзілася Ганна Іванаўна ў вёсцы Лук’янава, скончыла Гарадзецкую васьмігодку. Калі паўстала пытанне, што рабіць далей, сястра адвезла дзяўчыну ў Лужаснянскі тэхнікум: маўляў, добрую прафесію атрымаеш. Бацькі, якія ўсё жыццё аддалі сельскай гаспадарцы, таксама былі не супраць.
Размеркаванне пасля заканчэння навучальнай установы атрымала ў Браслаў. Далёка ад дому ехаць не хацелася. Звярнулася ў раённае ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання да Ніны Аляксееўны Правілавай. Тая прапанавала на выбар тры калгасы: «Праўда», імя Дзяржынскага і «Чырвоны пуцілавец». Выбрала першы. Адразу прызначылі галоўным заатэхнікам. На гэтай пасадзе пенсіянер чакаў замены. Анатоль Сцяпанавіч Касабуцкі навучыў маладога спецыяліста практычнай заатэхніі.
Тут жа, у калгасе, Ганна пазнаёмілася з будучым мужам, які працаваў брыгадзірам. Згулялі вяселле, праз пэўны час нарадзіла дачушку і пайшла ў «дэкрэтны» водпуск.
І тут лёс, як гэта нярэдка здараецца, зрабіў свой зігзаг удачы, дзякуючы якому маладая жанчына знайшла прафесію па душы.
Неяк прыйшла ў мясцовую бібліятэку абмяняць кнігі, а загадчыца Лілія Кулік, якую запрашалі на работу «ў раён», прапанавала выйсці на яе месца. Згадзілася. І адразу паступіла на аддзяленне бібліятэказнаўства і бібліяграфіі Магілёўскага дзяржаўнага бібліятэчнага тэхнікума імя Пушкіна, адзінай на той час навучальнай установы падобнага профілю.
На сучасны момант у Краснасельскай бібліятэцы 310 чытачоў. І дарослыя, і дзеці не абмінаюць гэту ўстанову культуры. Класіку, дэтэктывы, фантастыку — усё чытаюць вяскоўцы. Але асаблівай папулярнасцю карыстаюцца раманы.
Спіс лепшых чытачоў змешчаны ў бібліятэцы на відным месцы. Сярод іх Галіна Дзегалевіч, Сняжана Чыжыкава, Алег Тылец, вучні СШ №2 г.Сянно Іван Каранеўскі, Ліна і Андрэй Пятрашка…
«Я рада, што бібліятэка запатрабаваная, і людзям проста ёсць куды прыйсці, пагутарыць, падзяліцца думкамі», — дзеліцца Ганна Іванаўна.
Кожны першы чацвер месяца бібліятэкар садзіцца на веласіпед і дастаўляе кнігі інвалідам і ветэранам. Ды і ў іншыя дні яна наведвае гэту катэгорыю чытачоў.
Але работа не абмяжоўваецца толькі выдачай кніг. Разам з загадчыцай Краснасельскага клуба Алай Шмурадка, Ганна Іванаўна, якая з’яўляецца актыўнай удзельніцай створаных пры клубе вакальнай групы і драматычнага гуртка, арганізоўвае розныя мерапрыемствы: да святаў народнага і гістарычнага календара, з нагоды іншых знамянальных падзей. З канцэртамі і інсцэніроўкамі выязджаюць работнікі культуры ў аддаленыя вёскі і аграгарадок Нямойту. У мінулым годзе прымалі ўдзел у Ночы музеяў.
Асабліва актывізуецца канцэртная дзейнасць бібліятэкі і клуба ў час жніва. Выступаюць перад хлебаробамі на палях, таках, іншых сельскагаспадарчых аб’ектах.
Энергічную, ініцыятыўную загадчыцу бібліятэкі два разы выбіралі дэпутатам Нямойтаўскага сельскага Савета.
З самага заснавання інстытута старэйшын — Ганна Іванаўна на гэтай пасадзе. Прапанавалі яе на адказны пост жыхары вёсак Дварэц, Ладзікава, Марозаўка і Дамашэва, у якім жыве жанчына.
«Старэйшына павінен сачыць за парадкам, — лічыць Ганна Конышава. — Добраўпарадкаванне на могілках, падкошванне травы, аварыйныя дрэвы… Саломы не выпісалі, трактар не далі, прадукты ў аўтамагазіне не задавальняюць, свет прапаў — з усім ідуць да старэйшыны». А яна тэлефануе ў Савет, непасрэдна ў арганізацыю або ўстанову, якая можа дапамагчы. Патрабуе, даказвае, просіць, каб вырашыць праблемы вяскоўцаў, для якіх старэйшына — самая бліжэйшая памочніца.
Таццяна Буракова.
На здымку: старэйшына вёсак Дамашэва, Марозаўка, Дварэц і Ладзікава Ганна Конышава.
Фота аўтара.