У 70 — НА ЛЮБІМЫМ ТРАНСПАРЦЕ

IMG_8407+Яго бачна здалёк: заўсёды яркі, модны, падцянуты і на веласіпедзе.  З  нагоды 70-годдзя Уладзіміру Пятровічу Станкевічу, старшыні раённай арганізацыі Таварыства выратавання на водах ад Віцебскай абласной арганізацыі і Прэзідыума Рэспубліканскага Савета дасланы Ганаровыя граматы за шматгадовую і плённую працу. Аднак, не толькі гэтымі заслугамі знакаміты юбіляр…

Прыхільнасць да спорту ў маленькага Валодзі назіралася яшчэ ў школе. У роднай Ульянавіцкай упершыню стаў на лыжы, узяўся за руль веласіпеда. Пасля заканчэння васьмігодкі, была вячэрняя школа, потым служба ў арміі, праца… Але ніколі Уладзімір Станкевіч не пакідаў спорт. Гэтаму пацверджанне каля сотні грамат і дыпломаў. Напэўна, больш за ўсіх ганарыцца спартсмен сваёй першай узнагародай — 1966 года за першае месца ад Цэнтральнага савета добраахвотнага сельскага таварыства «Ураджай». Спачатку ён перамагаў на спаборніцтвах у раёне, потым — у вобласці, затым ехаў на рэспубліку.
Працуючы ў міліцыі, заняў першае месца на чэмпіянаце УУС Віцебскага аблвыканкама па лыжных гонках. Ёсць граматы па лёгкай атлетыцы, па стральбе з малакалібернай зброі.
Паказваючы добрыя вынікі ў розных відах спорту, усё ж перавагу Уладзімір Пятровіч надаваў любімаму веласіпеду. Каманда сенненскіх веласіпедыстаў была адной з мацнейшых у вобласці сярод сельскіх спартсменаў, а яе лідар Уладзімір Станкевіч удзельнічаў у першынстве Савецкага Саюза сярод сельскіх веласіпедыстаў. У 1987 годзе Уладзімір Станкевіч даведаўся, што ў Мінску будзе праводзіцца веламарафон на прызы газеты «Физкультурник Белоруссии». І «загарэўся» прыняць у ім удзел. Самастойна стаў трэніравацца, абкалясіў паўраёна, выбіраючы больш складаныя маршруты. І з 173 удзельнікаў сенненец на сваёй «дарожнай машыне» прыехаў першым. Потым былі аднадзённыя і шматдзённыя спаборніцтвы па велапрабегу. У 1970 годзе сенненскі спартсмен-універсал стаў кандыдатам у майстры па веласпорце. Дапамагаў дасягнуць гэтых перамог яго непасрэдны трэнер — Аляксандр Сямёнавіч Хаменка, майстар спорту па лыжных гонках. Менавіта ён рэкамендаваў вялікія нагрузкі ў некалькі дзясяткаў кіламетраў Уладзіміру Станкевічу і яго сябру Яўгену Усціновічу, які пазней стаў заслужаным трэнерам БССР. І сёння на здзіўленне і зайздрасць многім равеснікам спартсмена Уладзімір Станкевіч можа на сваім «ровары» некалькі разоў за летні сезон з’ездзіць у абласны цэнтр і назад. Безумоўна, выбірае адпаведнае надвор’е, цёплае і без ветру, глядзіць на стан свайго здароўя.
У другой палове 60-х — пачатку 70-х гадоў асаблівая ўвага ў раёне стала надавацца развіццю лыжнага спорту. На абласной спартакіядзе па праграме зімовай спартакіяды народаў СССР, што праходзіла ў Віцебску ў 1967 годзе, каманда раёна ў неафіцыйным заліку апярэдзіла сапернікаў, у тым ліку і зборную вобласці.
Каманда Віцебскай вобласці на 70% была ўкамплектавана сенненскімі лыжнікамі. У розныя гады за яе выступалі А.Хаменка, У.Станкевіч, В.Мяцеліца, выхаванцы ДЮСШ Г.Куляшова, Г.Станкевіч, П.Літвінаў і інш.
Зараз Уладзімір Пятровіч стараецца таксама не прапускаць розныя спаборніцтвы, асабліва па лыжных гонках. Каб паўдзельнічаць у гонцы любімым «класічным» стылем, дабіраецца ў Шуміліна, дзе праходзяць падобныя спаборніцтвы. Ва ўзроставай групе 50 і старэй неаднаразова займаў прызавыя месцы. Шкадуе, што на Сенненшчыне не праводзяцца такія гонкі. Упэўнены, прыхільнікаў было б нямала.
Усе ў сям’і Уладзіміра Станкевіча са спартыўнымі здольнасцямі. З сястрой Галінай Палітыка (прозвішча па мужу) і сёння ездзяць на спаборніцтвы па лыжных гонках. Дачка Сняжана прытрымліваецца здаровага ладу жыцця, ніколі не супраць скласці бацьку кампанію «прайсці» круг-другі. Брат Леанід таксама быў знакамітай асобай у раёне. воін-інтэрнацыяналіст, служыў у Афганістане. За штурм афганскага Генштаба беларускі хлопец з Сенненшчыны атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі. Ён стаў адным з першых узнагароджаных у той «чужой» вайне.
Уладзімір Станкевіч — старшыня раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах. На маё пытанне, у чым жа сакрэт такой выдатнай знешнасці і здароўя ў 70 гадоў, Уладзімір Пятровіч адказаў: «Рух — гэта жыццё! Не трэба сядзець на адным месцы ці адпачываць, лежачы на канапе, перад тэлевізарам. Бегайце, катайцеся на лыжах, плавайце — і ваша цела скажа вам «дзякуй!»
І з гэтым нельга не пагадзіцца. Канешне, узрост дае пра сябе ведаць. І калі даўняя траўма нагі нагадае пра сябе, Уладзімір Пятровіч не адчайваецца — пабаліць і перастане. Аднак, злоўжываць фізічнымі практыкаваннямі пакуль не будзе. Спорт, калі ім займацца ўмерана і з задавальненнем, дае здароўе і карысць.
Ірына ХАСАНАВА.

НА ЗДЫМКУ: Уладзімір Станкевіч на любімым транспарце.
Фота аўтара.