СЕННЕНСКАЯ ТАЦЦЯНА ЛАРЫНА

1+

Партрэт выдатніцы Ходцаўскай школы Наташы Ермашкевіч сёлета занесены на раённую Дошку гонару. Дзяўчына — асоба творчая, тонкая, цікавая. З першай сустрэчы пакарыла яе чалавечнасць, вясковая чысціня і прастата. Шчырая ў зносінах, прывычная да нялёгкай працы, адкрытая ў пачуццях.

— Я і сёння не разумею, чаму спыніліся на маёй кандыдатуры, — скромнічае Наташа. — Я такая, як і ўсе.
Удзельніца і пераможца розных алімпіяд, конкурсаў. Сваё жыццё дзяўчына не можа ўявіць без музыкі. Наташа скончыла ДУО «Машканская дзіцячая школа мастацтваў» філіял Ходцы па класе фартэпіяна, акардэона, грае на цымбалах. Любоў да света нот і мелодый прывіла яе настаўніца Наталля Мефадзіенка. Пра яе Наташа кажа, што гэта ідэал жанчыны. Свае адносіны з вучнямі педагог будуе на цёплых сяброўскіх адносінах. А такая вучоба толькі ў радасць.
Бацькі Наташы, Раіса Аляксандраўна і Аляксандр Мікалаевіч, таксама знаёмыя з «музычнай граматай». Можа таму ў іх дзяцей, старэйшай дачкі Насці і малодшай Наташы, добрыя здольнасці да музыкі. Дома ў Ермашкевічаў і сентызатар, і гітары. У сям’і любяць наладжваць хатнія канцэрты.
Наташа — кнігалюб. Любіць класічную рускую літаратуру. Чамусьці хочацца параўнаць яе з вобразам Таццяны Ларынай, пушкінскім ідэалам жанчыны — з чыстай душой, добрым, спагадным сэрцам, здольнай да шчырага кахання, дзеля якога яна гатовая здзяйсняць самыя адважныя ўчынкі. Нешта ёсць у Наташы і ад гераінь англійскіх раманаў Джэйн Эйр Ш.Бронтэ і Элізабэт Бэнэт Дж.Осцін — шчырых, моцных духам.
Будучыню Наташа плануе звязаць не з музыкай, а з вывучэннем замежнай мовы, якую выдатніца штудзіруе да аўтаматызму. Збіраецца пакарыць сталіцу. Турбуецца толькі, што любыя бацькі застануцца адны. Ды, што хаваць, прызналася: баіцца, што на яе шляху трапяцца двудушныя людзі. Вельмі ж яна даверлівая.
Да заветнай мары Наташы яшчэ цэлы год, які яна будзе аддаваць толькі на вучобу. Што ж, поспехаў табе, сенненская Таццяна Ларына!
Ірына ХАСАНАВА.