ЗНАКАМІТЫ СПАРТСМЕН ПРАВЁЎ ТРЭНІРОЎКУ

IMG_1507++Нядаўна члену нацыянальнай зборнай каманды Рэспублікі Беларусь па грэка-рымскай барацьбе, былому выхаванцу Сенненскай ДЮСШАР Максіму Кажарскаму прысвоена званне майстар спорту міжнароднага класа. У апошні свой прыезд на радзіму ён правёў трэніроўку з юнымі спартсменамі, падзяліўся сакрэтамі майстэрства з трэнерамі, якія навучылі азам спорту.

Максім Кажарскі выступае ў самай лёгкай вагавай катэгорыі — да 58 кілаграмаў. А вось канкурэнцыя ў ёй — самая высокая. Таму спартсмен у час трэніроўкі пастаянна даводзіў — на дыване ў час паядынку вызначальную ролю адыгрывае не сіла і, нават, не псіхалагічная ўстойлівасць.
— Важна ведаць свайго саперніка, яго слабыя бакі. Таму кожны паядынак варта пачынаць са своеасаблівай разведкі. Пасля паядынку, выйграў ты яго ці прайграў, трэба правесці аналіз.
Максім Кажарскі вядзе спецыяльны дзённік. На кожнага саперніка ў яго маецца своеасаблівае дасье. А яшчэ, на думку спартсмена, трэба ставіць перад сабой мэты і ўмець іх дасягаць.
— Я марыў стаць майстрам спорту міжнароднага класа, і я ім стаў. Я імкнуўся трапіць на чэмпіянат свету — зараз я рыхтуюся да яго.
У няпростым жыцці спартсмена задачы перад ім ставяць і трэнеры. На чэмпіянаце свету ў Лос-Анжэлесе, які стартуе 15 верасня, Максім Кажарскі павінен заваяваць для Рэспублікі Беларусь алімпійскую ліцэнзію. Задача не з лёгкіх. Спартсмен не хавае, што для яго важна падтрымка балельшчыкаў, асабліва землякоў.
— Я пастаянна кантактую са сваімі першымі трэнерамі Анатолем Кучынскім і Анатолем Рыбчанкам. Я ўдзячны за падтрымку родным, землякам. Многія з іх пастаянна тэлефануюць мне перад спаборніцтвамі, пасля спаборніцтваў. Для спартсмена гэта вельмі важна, калі ты ведаеш,што на трыбуне, ля экрана тэлевізара за цябе хвалююцца, у цябе вераць.
Наш кар.
НА ЗДЫМКУ: Максім Кажарскі (справа) з Анатолем Рыбчканка, адным са сваіх першых трэнераў, і Глебам Камаровым, юным спартсменам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *