ПАД КУСТОМ, НА БЕРАЗЕ ВОЗЕРА

OLYMPUS DIGITAL CAMERAУ выхадныя дні на пляжах, абсталяваных на азёрах вакол Сянна, людна ад світання да змяркання. Як працуюць службы, абавязаныя забяспечыць належныя ўмовы адпачынку, як выконваецца прыродаахоўнае заканадаўства, пракантралявала ў мінулыя выхадныя Кацярына Хірэвіч, галоўны спецыяліст інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Разам з ёй у рэйд па месцах адпачынку накіраваўся журналіст раённага выдання. Яго цікавілі і іншыя аспекты арганізацыі адпачынку на Сенненшчыне.

У 11.00 на цэнтральным пляжы ў райцэнтры — не адзін дзясятак чалавек. Большасць загараюць пасля купання ля самай вады. Хтосьці размясціўся ў цяньку дрэў, малыя катаюцца на арэлях. Тут жа на пасту матрос таварыства выратавання на водах Уладзімір Ткачэнка.

— Траву на пляжы нядаўна падкасілі ў другі раз работнікі фРУП ЖКГ. А вось скрыні ад смецця ачышчаюцца нерэгулярна, — не хавае ён.
Зрэшты, у гэтым не цяжка ўпэўніцца. Сёння абедзьве сметніцы таксама перапоўнены. Пластыкавыя бутэлькі, поліэтыленавая плёнка, іншы ўпаковачны матэрыял валяецца ля самай вады, побач з адпачываючымі. Пакуль мы працягваем размову з Уладзімірам Ткачэнкам, на пляжы з’яўляецца «дама бальзакаўскага ўзросту» з «лепшым сябрам чалавека» на павадку. Сабака, дарэчы, без намордніка. Заўвага, што на пляжы жывёліне знаходзіцца нельга, выклікае ў жанчыны буру эмоцый. Пакінуць месца грамадскага адпачынку яе прымусіла толькі пагроза скласці пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Так робяць усе — галоўны аргумент аматаркі сабак. Гэтак жа адказваюць тыя, хто мые машыны ля водаразборнай калонкі, паркуе тэхніку ў двух метрах ад вадаёма.
— Бывае, што сабак цягнуць з сабой у ваду. Яшчэ больш мяне ўражвае, што падобныя дзеянні не хвалююць людзей, якія вымушаны плаваць побач з сабакам, — працягвае свой аповед Уладзімір Ткачэнка.
OLYMPUS DIGITAL CAMERAПляжам азёр Рахальскае, Тухінскае перавагу аддаюць маладыя людзі. Мяркуючы па нумарах аўтамабіляў, сярод тых, хто прымае водныя і сонечныя працэдуры, ёсць грамадзяне Расіі. Вада гэтых азёр вабіць сваёй крыштальнай чысцінёй, пляжы — абуладкаванасцю.
— Арганізацыі, якія рашэннем райвыканкама абавязаны сачыць за станам зон адпачынку, сталі больш адказна адносіцца да сваіх абавязкаў, — лічыць Кацярына Хірэвіч. Праўда, на пляжы возера Тухінскага гэтае выказванне было азмрочана рэаліямі. Кантэйнер, устаноўлены тут РУП ЖКГ, не меў накрыўкі. Побач з ім валялася смецце, якое, відаць, выцягнулі бадзяжныя сабакі, а магчыма, птушкі.
Кіруемся далей — да возера Заазерскае. На ім Ульянавіцкае лясніцтва абуладкавала месца адпачынку. Пад шатамі ялін і дахам шапіка ўстаноўлены шэраг сталоў, побач — кастрышча, мангал, дровы, ёмістасці для збору смецця. І — возера: забалочанае, але багатае на рыбу. З берага, да яго люстраной гладзі, праз трыснёг і асаку, некалі быў пакладзены масток. З часам збудаванне месцамі прагніло, пайшло пад ваду. Па ім яшчэ можна з асцярогай прайсці, але не выключана і магчымасць падзення. У такім стане масток, як мінімум, з мінулага года.
OLYMPUS DIGITAL CAMERAНа зваротным шляху заязджаем у Заазер’е, у аграсядзібу «Спадчына». На падворку — ціха.
— Не, жадаючых адпачыць сёлета менш не стала. Да жніўня выхадныя распісаны. Для жыхароў вялікіх гарадоў, асабліва тых, што выраслі ў вёсцы ці ў такіх гарадках, як Сянно, на сене паспаць — задавальненне. Ды і цэны ў нас досыць дэмакратычныя, — выказвае сваё меркаванне Уладзімір Вільчынскі.
У Сянне на сябе звярнула ўвагу група маладых мам, што «тусавалася» ў скверы. І сапраўды, чым не адпачынак у спёку: цэнтр горада, зялёны газон, фантан, побач магазіны…
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

НА ЗДЫМКАХ: на пасту Уладзімір Ткачэнка; пляж возера Сенненскае; масток на Заазерскім возеры.

Фота аўтара.