НА ПРЭЗЕНТАЦЫІ БЫЛО ШМАТ ЗЕМЛЯКОЎ

IMG_9948+У Віцебску, у абласной бібліятэцы імя Леніна, адбылася прэзентацыя кнігі Аляксандра Бараноўскага «Полымя (Беліца): гісторыя маёнтка і вёскі». Аб яе выданні ў газеце паведамлялася. Тым не менш, маладога даследчыка-краязнаўцу захацелася яшчэ раз падтрымаць, хаця б таму, што юнак шлях да кнігі пачаў яшчэ ў школьныя гады, надрукаваўшы ў «ГС» артыкул.

Аўтар пры напісанні кнігі карыстаўся не толькі крыніцамі, шырока вядомымі сенненскім краязнаўцам. Студэнт гістарычнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта працаваў у архівах Оршы і Віцебска, карыстаўся кнігамі, выдадзенымі ў розныя гады ў Віцебску і Магілёве, Мінску і Варшаве, браў інфармацыю з розных сайтаў, газет. Таму ў выданні некаторыя фота, факты з жыцця ўласнікаў маёнтка падаюцца ўпершыню.
На прэзентацыі сабралася даволі шмат людзей: выкладчыкі і аднакурснікі, землякі і краязнаўцы. З ліку тых, што жывуць у Віцебску, сваёй каларытнай фігурай і непадробнай цікавасцю да кнігі вылучаўся Мікалай Драненка, вядомы ў Беларусі і за яе межамі жывапісец, член Беларускага саюза мастакоў, ураджэнец Маргойцаў. З вялікай цікавасцю слухала Аляксандра Бараноўскага Наталля Лісоўская, дацэнт кафедры дызайна Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, вядучы спецыяліст у галіне тэкстыля і габелена нашай краіны, ураджэнка вёскі Забараўе. Побач з ёй знаходзілася Святлана Баранкоўская, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў. З мэтай папулярызацыі гістарычных славутасцей і прыродных асаблівасцей Сенненшчыны яна прапанавала правесці летам пленэр для вядучых мастакоў Беларусі. Магчыма, ён пройдзе напярэдадні правядзення абласных дажынкаў у Сянне.
Падтрымаць Аляксандра Бараноўскага прыехала группа жыхароў Сянна. У прыватнасці, на прэзентацыі выступіў Васіль Бандарэвіч, вядомы наш краязнавец, навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея, аўтар не адной кнігі, прысвечанай мінуламу Сенненшчыны.
Аляксандр Бараноўскі расказаў не толькі пра зробленае. Зараз ён збірае матэрыялы для падрыхтоўкі новых кніг. У планах зрабіць серыю пра знакамітых землякоў: Пётр Машэраў, Заір Азгур… Удзельнікі прэзентацыі таксама прапаноўвалі яму тэмы для распрацовак.
— Мой невялікі вопыт навуковай дзейнасці сведчыць, калі пачынаеш шукаць, знаходзіш шмат новых фактаў. І гэта захоплівае, распальвае азарт, — не хаваў ён.
Будзем чакаць. Будзем дапамагаць. Бо толькі веды, гордасць за сваю маленькую радзіму, за сваіх вядомых землякоў робяць чалавека патрыётам, падштурхоўваюць да новых здзяйсненняў.
Наш кар.
На здымку: Аляксандр Бараноўскі дае першыя аўтографы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *