СПРАВЫ МОЛАДЗІ ВАЖНЫЯ

IMG_0150+Прайшоў семінар з адказнымі за работу з моладдзю ў арганізацыях раёна. На такую пасаду ў раёне прызначана 36 чалавек. Некаторыя з іх сумяшчаюць гэту дзейнасць з работай ідэолага, іншыя з’яўляюцца сакратарамі пярвічных арганізацый грамадскага аб’яднання «БРСМ».

Як адзначыла, адкрываючы семінар, намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна, гэта сустрэча ўжо другая ў сёлетнім годзе. Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка надае вялікую ўвагу моладзевай палітыцы. Невыпадкова 2015-ты названы Годам моладзі. Але і надалей азначаная тэма не страціць сваёй важнасці, работа ў гэтым напрамку будзе працягвацца і падтрымлівацца дзяржавай.
З функцыянальнымі абавязкамі і асноўнымі напрамкамі дзейнасці адказных за работу з моладдзю пазнаёміла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алеся Лавіцкая. У сваім выступленні Алеся Мікалаеўна закранула пытанні даплаты адказным за работу з моладдзю і падкрэсліла, што, калі кіраўнік арганізацыі будзе бачыць ініцыятыўнага, кампетэнтнага чалавека, які можа згуртаваць і павесці за сабой моладзь працоўнага калектыву, пытанне даплаты вырашыцца. Узрост адказнага за работу з моладдзю не абмежаваны, а адукацыю ён можа мець як вышэйшую, так і сярэднюю спецыяльную, адказала Алеся Лавіцкая на пытанні, якія ўзнікалі раней.
Пасадавыя абавязкі адказнага за работу з моладдзю вызначаны пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны №123 ад 31 жніўня 2010 года. Ён павінен садзейнічаць набыццю маладымі членамі калектыву ведаў пра іх правы і абавязкі, сумесна з іншымі зацікаўленымі асобамі займацца вырашэннем праблем, звязаных з адаптацыяй моладзі на рабочых месцах, з аховай працы, рабочым часам, водпускамі, сацыяльнай абаронай і іншымі пытаннямі.
Арганізацыя культурна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы, прапаганда здаровага ладу жыцця таксама абавязак адказнага за работу з моладдзю, як і работа па папярэджанні правапарушэнняў і злачынстваў. У кола дзейнасці ўваходзіць удзел у падтрымцы таленавітых і творчых маладых людзей, выкананне іншых абавязкаў.
Алеся Лавіцкая акрэсліла асноўныя накірункі работы запрошаных на семінар, якія павінны быць вызначаны ў плане, і адзначыла, што работа гэта павінна весціся ў цеснай сувязі з ідэолагамі арганізацый і прадпрыемстваў. Пры складанні плана параіла карыстацца інфармацыяй, размешчанай на афіцыйным сайце райвыканкама ў рубрыцы «Год моладзі». Выступаючая азнаёміла прысутных з запланаванымі раённымі мерапрыемствамі, якія тычацца жыцця моладзі. «Сёлета нас чакаюць раённы і абласны турыстычныя злёты, правядзенне Дня моладзі, конкурс «Лепшы сельскі падворак», раённае спаборніцтва ў час уборачнай кампаніі сярод моладзевых экіпажаў камбайнаў і маладых вадзіцеляў, ушанаванне маладых спецыялістаў, прыбыўшых у гэтым годзе ў раён на работу», — зазначыла Алеся Мікалаеўна.
Было прапанавана арганізоўваць ушанаванні маладых спецыялістаў, якія паспяхова спраўляюцца са сваімі абавязкамі, і іх настаўнікаў на прадпрыемствах і ў арганізацыях у час прафесійных святаў, праводзіць конкурсы прафесійнага майстэрства, садзейнічаць уключэнню маладых работнікаў у перспектыўны кадравы рэзерв.
Аб арганізацыі работы ў працоўных калектывах пярвічных арганізацый грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» ўдзельнікам семінара расказала першы сакратар РК ГА «БРСМ» Марына Наваковіч. Аб рабоце, якая праводзіцца ў працоўных калектывах па замацаванні маладых спецыялістаў, праінфармавала начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Вольга Бозыр. Інфармацыю аб дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне агучыў намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Аляксандр Досаў. Пра ўдзел моладзі ў прафілактычных акцыях і мерапрыемствах па здаровым ладзе жыцця, аб правядзенні ў раёне Міжнароднага алімпійскага дня і турыстычнага злёту моладзі расказалі супрацоўніца Сенненскага РЦГЭ Аксана Васілеўская і намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Гардзецкі. Вопытам работы з моладдзю падзяліўся сакратар пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ», адказны за работу з моладдзю ДЛГУ «Багушэўскі лясгас» Віталій Папоў.
Вынікі семінара падвёў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргей Мяцеліца, які адзначыў, што асноўнае для далейшай паспяховай дзейнасці адказных за работу з моладдзю — стварыць ядро з актыўных, ініцыятыўных юнакоў і дзяўчат, ведаць захапленні і заняткі маладых работнікаў працоўнага калектыву. Сяргей Сцяпанавіч параіў у выпадку неабходнасці звяртацца за дапамогай і садзейнічаннем, заклікаў прысутных на семінары праяўляць уласную ініцыятыву, выходзіць са сваімі прапановамі.
Таццяна Буракова.
На здымкУ: у час семінара з адказнымі за работу з моладдзю.
Фота аўтара.