ДАПАМАГАЮЦЬ НЕ ТОЛЬКІ РОДНЫЯ СЦЕНЫ

1++У спартыўнай зале сярэдняй школы № 1 г. Сянно ў 17-ы раз прайшоў традыцыйны турнір па грэка-рымскай барацьбе памяці Пятра Машэрава. Памерыцца сіламі на ім сабралася больш за 100 выхаванцаў дзіцячых спартыўных школ.

Турнір унесены ў абласны каляндар спаборніцтваў. Але штогод на яго збіраюцца каманды з усёй Беларусі. Сёлета ў Сянне выступала каманда ДЮСШ «Дынама» з Мінска. Яе ўзначальваў Анатоль Касаўцаў, трэнер, выхаванец якога стаў бронзавым прызёрам Алімпійскіх гульняў у Пекіне.
Турнір спрыяе папулярызацыі здаровага ладу жыцця сярод моладзі, росту майстэрства юных барцоў класічнага стылю. Як заўважыў не без гордасці Аляксандр Гардзецкі, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму, у час адкрыцця турніру, 5 спартсменаў-сенненцаў у розныя гады адстойвалі гонар Беларусі на Алімпійскіх гульнях, 28 маюць высокае званне «Майстар спорту». Максім Кажарскі зараз з’яўляецца членам нацыянальнай каманды па грэка-рымскай барацьбе.
IMG_0229+Безумоўна, і сярод спартсменаў, што выступалі сёлета на турніры, ёсць будучыя зоркі спорту. Ну а сенненцам можна парадавацца за землякоў. Яны аказаліся не прыветлівымі гаспадарамі. Пяць нашых юных барцоў сталі пераможцамі ў сваіх вагавых катэгорыях: Станіслаў Пазнякоў перамог у вазе да 85 кг, Аляксандр Гарбачоў — да 75 кг, Глеб Камароў — да 53, Захар Пагарэльскі — да 47, Арцём Кацар — да 29. Яшчэ больш сенненцаў сярод прызёраў, немалаважна — сярод юных, пачынаючых спартсменаў. Гэта сведчыць аб тым, што грэка-рымская барацьба на Сенненшчыне працягвае развівацца, чаму ў немалой ступені паспрыяла адкрыццё 1 верасня 2013 года сучаснай спецыялізаванай залы.
Аляксандр ЛАЗЮК.

На здымках: вызначаны чарговы пераможца; у час адкрыцця турніру.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *