ПРАПАЎШЫ БЕЗ ВЕСТАК ЗАГІНУЎ ГЕРОЕМ
І застаўся жыць у памяці родных, сяброў, землякоў
У вёсцы Маргойцы Беліцкага сельсавета на хаце, дзе нарадзіўся і жыў Аляксандр Звярковіч, устаноўлена інфармацыйна-памятная дошка ў яго гонар. У складзе абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў юнак прымаў удзел у баявых дзеяннях у Афганістане. У сакавіку 1984 года ён прапаў без вестак. Пазней стала вядома, што радавы Савецкай Арміі Аляксандр Звярковіч патрапіў у палон, утрымліваўся ў турме цэнтра падрыхтоўкі маджахедаў Бадабер на тэрыторыі Пакістана. 27 красавіка палонныя ўзнялі паўстанне, раззброілі ахову, захапілі вялізны арсенал узбраення і далі бой…
Цырымонія адкрыцця прайшла праз 30 гадоў пасля тых падзей. Удзел у ёй прымалі афіцыйныя асобы, якія прадстаўлялі райвыканкам, ваенны камісарыят, грамадскія арганізацыі. Сабраліся вяскоўцы з Маргойцаў, Беліцы, іншых бліжэйшых вёсак. Прыйшлі школьнікі, настаўнікі Беліцкай ДССШ, якую ў 1982 годзе Аляксандр Звярковіч скончыў, яго былыя аднакласнікі. У цэнтры ўвагі былі родныя: маці — Соф’я Андрэеўна, брат — Міхаіл.
— Калі Сашу прызвалі ў войска мне было 3 гады. Таму брата я фактычна не памятаю. Пасля атрымання паведамлення аб яго знікненні маці не хацела верыць, што ён загінуў. Але найбольшым патрасеннем для сям’і сталі падазрэнні аб пераходзе брата на бок маджахедаў, — расказаў ён.
Сям’я доўга змагалася за добрае імя Аляксандра. Шанц аднавіць яго павялічыўся, калі з афіцыйных крыніц стала вядома, што Аляксандр Звярковіч быў сярод тых «шураві», што не скарыліся і прынялі свой апошні бой у Пакістане.
Тады палонныя савецкія салдаты праявілі не проста гераізм, мужнасць, знішчыўшы сотні афганскіх маджахедаў, што знайшлі прытулак, карысталіся падтрымкай улады Пакістана, якая не раз заяўляла на ўвесь свет пра свой нейтралітэт.
Юнакі ў ваеннай форме прадэманстравалі свае маральныя перавагі, не прыняўшы ўмовы капітуляцыі ў абмен на далейшае жыццё ў палоне.
Асабліва шмат зрабіў дзеля афіцыйнага прызнання подзвігу Аляксандра Звярковіча яго дзядзька Мікалай Фёдаравіч Звярковіч, які жыве ў расійскім горадзе Кіраў. Ён сам прайшоў праз афганскую вайну, таму настойліва стукаўся ў беларускія дзяржаўныя ўстановы, у прыватнасці, звяртаўся ў аблвыканкам, грамадскае аб’яднанне воінаў-інтэрнацыяналістаў. У выніку прозвішча Аляксандра Звярковіча занесена на помнік загінуўшым афганцам, што ўстаноўлены ў Віцебску.
Ініцыятыва змясціць памятную шыльду на хаце, дзе нарадзіўся юнак, належыць камуністам раённай арганізацыі КПБ, у прыватнасці, Уладзіміру Бяляцкаму, першаму сакратару райкама. Яе падтрымалі ў райвыканкаме, мясцовыя «афганцы», проста нераўнадушныя людзі. Збор сродкаў на выраб шыльды вёўся не толькі сярод камуністаў і членаў грамадскай арганізацыі. Ахвяраванні ў суме 500 тысяч рублёў збіралі ў РВУ «Сяннорайгаз», раённым аддзеле надзвычайных сітуацый. Сяргей Лемешаў, які рабіў шыльду, з гэтай сумы зрабіў зніжку на суму 100 тысяч.
Да адкрыцця шыльды рыхтаваліся доўга. Пафарбавалі хату, замянілі часткова агароджу. Работы рабілі, матэрыялы здабывалі ўсім мірам: школа, Бурбінскае лясніцтва, дэпутаты Беліцкага сельскага Савета, мясцовыя жыхары. Многія з іх добра памятаюць Сашу па вучобе ў школе.
— Ён быў добрым, чулым чалавекам, з гатоўнасцю адклікаўся на просьбы аб дапамозе. Саша сябраваў больш з дзяўчатамі і заўжды станавіўся на іх абарону, калі нехта спрабаваў пакрыўдзіць, — успамінае Алена Дружына (Парэпка ў дзявоцтве). У Маргойцах яны жылі па суседстве, потым вучыліся ў адным класе Беліцкай школы.
У час цырымоніі адкрыцця памятнай шыльды цёпла гаварыла пра свайго вучня настаўніца рускай мовы і літаратуры Раіса Міхайлаўна Дзядзечкіна. Яна была класным кіраўнікоў у класе, дзе вучыўся Аляксандр Звярковіч.
Жыццё працягваецца, прозвішча Звярковіч і зараз можна знайсці ў класных журналах Беліцкай ДССШ. У навучальнай установе вучацца 4 пляменнікі Аляксандра. Усе яны ў складзе сваіх класаў прымалі ўдзел у мітынгу ў гонар героя-родзіча. Для іх, зрэшты, як і для ўсіх вучняў школы, педагогаў, землякоў прызнанне подзвігу Аляксандра Звярковіча — гэта акт справядлівасці, сведчанне, што подзвіг, здзейснены салдатам па загаду Радзімы, не будзе забыты ніколі. Менавіта пра гэта гаварылі ў сваіх выступленнях Сяргей Галынчык, старшыня Беліцкага сельвыканкама, Сяргей Пінчук, ваенны камісар раёна, Валяр’ян Мацкевіч, падпалкоўнік у адстаўцы і кіраўнік абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання воінаў-інтэрнацыяналістаў, іншыя афіцыйныя і неафіцыйныя асобы.
… Калі палонныя, але непакораныя савецкія салдаты і афіцэры, не прынялі ўмовы, прапанаваныя маджахедамі, была прыменена авіяцыя. У час бамбардзіроўкі пазіцый паўстаўшых здэтаніравалі боепрыпасы, што захоўваліся ў крэпасці. Ад старажытных сцен турмы засталася вялізная варонка. Загінулі ўсе, хто там быў.
Мы не ведаем падрабязнасці апошніх дзён жыцця Аляксандра і яго таварышаў. Безумоўна адно — не здрадзілі прысязе. А значыць наш доўг, абавязак тых, хто іх ведаў жывымі, хто даведаўся пра іх подзвіг па газетных публікацыях, па інфармацыі з іншых крыніц, помніць.
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
НА ЗДЫМКАХ: родныя Аляксандра Звярковіча, прадстаўнікі ўлады, землякі, воіны-інтэрнацыяналісты ў час мітынгу; пасля адкрыцця памятнай шыльды.