ПА ЗАКЛІКУ СЭРЦА

1+Нават дождж не спыніў аматараў-веласіпедыстаў ПС «Сянно», якія вырашылі правесці велапрабег па памятных мясцінах Сенненшчыны, што так ці інакш маюць дачыненне да падзей Вялікай Айчыннай вайны. Выпрабаваць сябе рашыліся восем чалавек, у іх ліку Наталля Парэпка, спецыяліст аддзела кадраў арганізацыі, Валерый Лыскоў, кантралёр КПП, самы старэйшы ўдзельнік велапрабегу і яго арганізатар.

— Мерапрыемства падтрымала адміністрацыя ПС «Сянно» і прафкам. Планавалі пабываць у Купаваці, на месцы гібелі Канстанціна Заслонава. Але з улікам надвор’я пераарыентаваліся на Ульянавічы, — расказаў ён перад стартам велапрабегу.
Першы прыпынак веласіпедысты-патрыёты зрабілі ў Сянне, на цэнтральнай плошчы. Яны ўсклалі кветкі да помніка, што ўстаноўлены ў гарадскім скверы на месцы пахавання савецкіх салдат і партызан.
Удзельнікаў велапрабегу магло быць намнога больш. На жаль, вытворчыя праблемы не дазволілі ўсім жадаючым далучыцца да акцыі.
Патрыятычная накіраванасць была найбольш прыцягальнай для большасці выказаўшых жаданне прыняць удзел у ёй. Нават праз 70 гадоў беларусы не могуць заставацца абыякавымі да падзей Вялікай Айчыннай вайны, у якой загінуў кожны чацвёрты грамадзянін краіны. Як аказалася, ва ўсіх удзельнікаў велапрабегу нехта з продкаў, бацька ці дзед, ваяваў на фронце ці ў тыле ворага. Зрэшты, удзел у баявых дзеяннях прымаў і адзін з веласіпедыстаў. Аляксандр Бобрык у час праходжання тэрміновай службы ў арміі знаходзіўся ў Афганістане ў складзе абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў.
Шлях да Ульянавіч заняў менш чым дзве гадзіны. У аграгарадку ўдзельнікі велапрабегу ўсклалі кветкі да бюста Героя Савецкага саюза Сяргея Каваленкі, які тут нарадзіўся, і да помніка на брацкай магіле партызан і салдат. Наш зямляк 1 лютага 1945 года паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава, кінуўшыся на амбразуру дзота. Сярод шматлікіх імён, выбітых на помніку, ёсць прозвішча Кічы-Батыр Хаіркізава. У гады вайны на Сенненшчыне партызаны і мясцовае насельніцтва ведалі яго як Лёньку-карачаеўца, Лёньку-чорнага. За яго галаву немцы прызначалі матэрыяльную ўзнагароду. Легендарны партызан загінуў у баі ля Латыгаля ў чэрвені 1943 года. Узнагароджаны ордэнам Чырвонага сцяга. У нашы гады яму прысвоена званне Героя Расіі.
Веласепідыстаў ва Ульянавічах сустракалі прадстаўнікі адміністрацыі ПС «Сянно», старшыня Багданаўскага сельвыканкама Сяргей Пагарэльскі. Яны таксама прынялі ўдзел у цырымоніі ўскладання кветак. Гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым.
Аляксандр ІЎЕЎ.
На здымку: ускладанне кветак да помніка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *