АЎТАПРАБЕГАМ ПА МЕСЦАХ БАЯВОЙ СЛАВЫ

1+Упершыню на Сенненшчыне прайшоў аўтапрабег, прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі. Удзел у ім прынялі прадстаўнікі ДУ «Сенненскі РЦГЭ», аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Сенненскага прадстаўніцтва Белдзяржстраха, Сенненскай школы-інтэрната, рэдакцыі раённай газеты «Голас Сенненшчыны».

Перад стартам слова на дарогу яго ўдзельнікам выказалі намеснік старшыні райвыканкама З.С.Фаміна і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Л.П.Аніськовіч.
Калона з упрыгожаных святочнымі плакатамі, паветранымі шарамі, беларускімі флагамі і стужкамі аўтамабіляў у суправаджэнні ДАІ рушыла з Камсамольскай плошчы райцэнтра. Маршрут аўтапрабегу пралягаў па месцах гібелі і пахавання савецкіх салдат. Наведваючы помнікі ў аграгарадках Нямойта, Студзёнка, вёсках Алексінічы і Новая Обаль, удзельнікі аўтапрабегу да кожнага ўсклалі кветкі.
Мабыць, самым галоўным прыпынкам стаў мемарыяльны комплекс Купаваць, месца гібелі Героя Савецкага Саюза Канстанціна Заслонава. Там гасцей ужо чакалі прадстаўнікі Студзёнкаўскага сельвыканкама, мясцовых школы і клуба, якія арганізавалі цэлую праграму з урачыстым мітынгам, канцэртам, смачнай салдацкай кашай. Сваімі ўспамінамі пра вайну падзяліліся ветэран Вялікай Айчыннай вайны Пётр Емельянавіч Баркавец і вязень фашызму Анастасія Іванаўна Мінчанка. Слова мелі дырэктар Студзёнкаўскай школы Уладзімір Касьянаў і кіраўнік справамі сельвыканкама Святлана Хамянкова, якая ўручыла ветэранам святочныя пасланні ад Прэзідэнта краіны, а таксама матэрыяльную дапамогу, якую выдзеліла ААТ «Студзёнка». На экскурсію ў Купаваць прыехалі і прадстаўнікі з Нямойтаўскага і Ходцаўскага сельсаветаў.
2+У Студзёнцы вучні школы і жыхары аграгарадка сустрэлі ўдзельнікаў аўтапрабегу ля магілы Героя Савецкага Саюза, камандзіра танка, гвардыі лейтэнанта Міхаіла Аніскіна. Пранікнёна гучалі вершы пра знакамітага земляка ў выкананні піянераў школьнай дружыны БРПА, якая, дарэчы, носіць імя Міхаіла Аляксандравіча.
У Новай Обалі на месцы гібелі савецкіх танкістаў пра танкавыя баі пад Сянном цікава расказаў сенненскі краязнавец, навуковы супрацоўнік раённага музея Васіль Бандарэвіч.
Канцавым прыпынкам аўтапрабегу стаў Гай памяці ў райцэнтры.
Нават пранізлівы дождж, які суправаджаў аўтапрабег амаль усю дарогу, не сапсаваў добры настрой і планы яго ўдзельнікаў, якія нягледзячы на стомленасць, былі задаволены тым, што аддалі своеасаблівую даніну павагі загінуўшым у той жорсткай вайне.
Ірына ХАСАНАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *