ДЗЯЎЧАТЫ РУЛЯЦЬ!

5++Многія мужчыны ўпэўнены: жанчына за рулём — гэта відавочная небяспека на дарозе. Аднак ёсць на Сенненшчыне дамы, якія могуць даць фору любому кіроўцу мужчынскага полу.

І гэта даказаў раённы конкурс «Аўталэдзі-2015», які праходзіў у трэці раз. Па масавасці ўдзельніц, колькасці балельшчыкаў і гледачоў, якія сабраліся на цэнтральнай плошчы Сянна, можна сцвярджаць: мерапрыемства стала ў раёне папулярным. Сёлета пазмагацца за тытул «Аўталэдзі-2015» вырашылі 10 прадстаўніц прыгожай паловы. Галоўная ўмова для ўдзелу — наяўнасць вадзіцельскага пасведчання катэгорыі «В» і асабістага аўто.
У гэтым годзе арганізатары конкурсу — РК ГА «БРСМ» і аддзяленне ДАІ Сенненскага РАУС — пашырылі яго праграму двума відовішчнымі спаборніцтвамі. У першым удзельніцам патрабавалася ўпрыгожыць свае транспартныя сродкі. За некалькі хвілін машыны пераўтварыліся ў яркія, маляўнічыя «цукеркі» з цэлымі кампазіцыямі з паветраных шароў, стужак, флажкоў. Самы крэатыўны аўтамабіль аказаўся ў Святланы Максімовіч. Пасля «цюнінгу» яе савецкія «Жыгулі» нагадвалі сапраўдны танк, а бок машыны аздабляў лаканічны надпіс «На Берлін!». Увогуле, тэма юбілею Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне прасочвалася ў афармленні аўто многіх аўтааматарак.
Падчас конкурсу «Гумавая машына» аўтамабілі канкурсантак прайшлі праверку на ўмяшчальнасць. Тут усе чалавечыя ўяўленні аб пяці месцах проста праваліліся… Думалася: змесціцца максімум чалавек дзесяць, але ж не… Памясцілася і васемнаццаць, і дваццаць, і, нават, дваццаць тры пасажыры!
Чакаў дзяўчат і пісьмовы іспыт на веданне Правіл дарожнага руху.
У апошнім спаборніцтве аўтааматаркі дэманстравалі элементы манеўравання: «змейку», заезд у гараж заднім ходам і інш.
Пакуль журы раілася, публіку забаўлялі маладыя і таленавітыя выканаўцы Юлія Крыўчанка, Марыя Шыбека, Ганна Васілёнак, Эльвіра Конышава, Юлія Шэхава, Анастасія Бялко.
Нарэшце, на сцэну запрасілі ўсіх канкурсантак. За імі падняліся першы сакратар РК ГА «БРСМ» Марына Наваковіч, старшы інспектар упраўлення ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Антон Валюшкевіч і часова выконваючы абавязкі начальніка АДАІ РАУС Аляксандр Лабацкі. Яны і абвясцілі вынікі конкурсу.
3-е месца заняла Таццяна Глотава — адна з самых маладых кіроўцаў, чый вадзіцельскі стаж налічвае ўсяго паўгода. 2-е ў больш вопытнай (стаж кіравання 1 год) Аксаны Халецкай. А галоўны прыз, адзін мільён рублёў, і тытул «Аўталэдзі-2015» атрымала Алеся Прыхожая. Дзяўчына за рулём звыш дзесяці гадоў.
Дапамагаў журы інструктар сенненскай аўташколы Мікалай Броўка, які з гонарам паведаміў, што кожны год у конкурсе спаборнічаюць і яго вучаніцы. Сёлета іх было 5.
Сенненкі даказалі, што кіроўцам можа быць кожны і палавая прыналежнасць тут ні пры чым.
Ірына ХАСАНАВА.