ЯК УЗОР З СЯЛЯНСКАГА РУЧНІКА СТАЎ НАЦЫЯНАЛЬНЫМ ЗДАБЫТКАМ

10+

Горда ж узвіся ў ясныя высі,

Сцяг пераможны — радасці сцяг!
(з Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь)

Штогод у другую нядзелю мая мы святкуем Дзень Дзяржаўнай сімволікі. Гэтае свята невыпадкова суседнічае ў календары з Днём Перамогі. На вайне сцягі падымалі байцоў у атаку. Людзі ратавалі іх, часам нават цаною ўласнага жыцця. Яны луналі над вызваленымі вёскамі і гарадамі, як сімвал свабоды.

У паўсядзённасці мы, часам, не заўважаем нашых сімвалаў. Але ж яны заўсёды спадарожнічаюць нам: і ў свята, і ў гора. Бо гэта часцінка кожнага з нас, якая складаецца з колеру пралітай крыві, з колеру беларускіх лясоў і палёў, з колеру чыстых памкненняў беларусаў.

Сёлетняе свята мае
сваю адметнасць. Вось ужо 20 гадоў чырвона-зялёнае палотнішча з беларускім арнаментам з’яўляецца адзнакай нашай дзяржаўнасці і нацыянальнай незалежнасці.
Існуючы варыянт галоўнай нацыянальнай сімволікі быў зацверджаны ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №214 ад 7 чэрвеня 1995 года «Аб зацвярджэннi Палажэння аб Дзяржаўным сцягу Рэспублiкi Беларусь» па выніках усенароднага рэферэндуму, што прайшоў 14 мая гэтага ж года. Сучасны флаг пераймае ўзор флага Беларускай ССР 1951 года, з якога былі выдалены савецкія сімвалы — серп, молат, пяціканцовая зорка. Але адзін яго элемент перайшоў у найноўшую гісторыю Беларусі без змен. Гэта арнамент, у гісторыі з’яўлення якога прасочваюцца сенненскія карані.
Імя майстрыхі, якая вышыла ўзор, зараз вядома, бадай, кожнаму беларускаму школьніку. Простая сялянка Матрона Сяргееўна Маркевіч нарадзілася і большасць свайго жыцця правяла на Сенненшчыне. Тут яна і пахавана. Але сёння жывы яе нашчадкі. Мы сустрэліся з імі, каб з першых вуснаў пачуць гісторыю майстрыхі і яе знакамітага арнамента.
Вокнамі на радзіму
Сярод нешматлікіх жылых сядзіб, што засталіся ў вёсцы Хотліна Чашніцкага раёна, лецішча Дзіны Кацар вызначаецца сваёй адметнасцю. Яшчэ здалёк заўважаеш чырвона-зялёны сцяг, што развіваецца над падворкам. Гэта няпроста даніна павагі дзяржаўнаму сімвалу. Нацыянальная сімволіка мае да гаспадыні сядзібы самае прамое, можна сказаць, роднаснае дачыненне. У кампаніі з навуковым супрацоўнікам раённага гісторыка-краязнаўчага музея Васілём Бандарэвічам мы завіталі ў госці да ўнучкі самой Матроны Маркевіч, чый арнамент упрыгожвае Дзяржаўны флаг Беларусі.
Дзіна Пракопаўна гасцін-
на сустракае нас ля веснічак. Спачатку праводзіць экскурсію па сваім домаўладанні. У фантазіі гаспадыні не адмовіць: камянюкі, карчы дрэў — у яе руках усё гэта ператвараецца ў незвычайныя скульптурныя кампазіцыі. На адной са сцен гаспадарчага збудавання размясцілася цэлая калекцыя старадаўніх рэчаў сялянскага ўжытку. Побач імправізаваны флагшток, усталяваны ля альтанкі. Не менш цікава і ў жылых пакоях. З парога літаральна трапляеш у аўтэнтычную атмасферу сялянскай сядзібы. Намаганнямі гаспадыні і яе родных інтэр’ер хаты атрымаў свой першасны выгляд: масіўныя бярвёны, быццам бы толькі спілаваныя, простая самаробная мэбля, даматканыя посцілкі і вышыванкі, посуд. Імі карысталася не адно пакаленне людзей. «Большасць з гэтых рэчаў засталася ад ранейшых гаспадароў хаты, мы толькі адрэстаўрыравалі іх, — расказвае жанчына, — а штосьці самастойна шукалі па навакольных вёсках».
Мінчанка Дзіна Кацар у Хотліне праводзіць ці не большую частку году — яна тут з ранняй вясны і да позняй восені. Прызнаецца, што захварэла на гэтыя мясціны яшчэ ў маладосці, калі прыязджала ў госці да дзядзькі Аркадзя (брата Матроны Маркевіч). А пасля выхаду на пенсію вырашыла набыць тут дачу. «Я лячу сюды, бы на крылах. Тут цудоўная прырода, побач возера, у мяне нават лодка свая маецца. У вёсцы я ніколі не сумую і заўсёды знаходжу сабе занятак». А яшчэ, прызнаецца мая субяседніца, спрацоўвае кліч радзімы. З вакон хаты ў далечыні віднеюцца сенненскія краявіды, дзе калісьці месціліся вёскі яе дзяцінства — Рыбакоўшчына, Касцелішча. Ад апошняй сёння нават падмуркаў дамоў не засталося, і толькі вясковы пагост нагадвае, што тут некалі жылі людзі. На гэтых могілках знайшла свой спачын Матрона Маркевіч.
З вялізнага куфра Дзіна Пракопаўна дастае сямейныя рэліквіі — ручнік з выцвелым арнаментам, ажурны абрус і квяцістую посцілку — гэта ўсё, што засталося ад яе знакамітай бабулі. А яшчэ колькі старых фотаздымкаў. Іх мы ўжо разглядваем, седзячы за сталом. Гаспадыня частуе духмянай гарбатай з чабора і шыпшыны, смачным яблычным пірагом ды сакавітымі сонечна-жоўтымі «антонамі» (так яна называе яблыкі гатунку «антонаўка»).
Матроніны грушы
Асабістых успамінаў пра бабулю ў Дзіны Пракопаўны няшмат. Надта ж маленькай была — гадкоў 5-6. Гісторыю жыцця сваіх знакамітых продкаў жанчына па большасці ведае з расказаў маці — дачкі Матроны Маркевіч Зінаіды Аляксееўны Пашкевіч.
«Памятаю, як называла бабулю бландынкай з-за абсалютна белага колеру валасоў. Насамрэч, яны былі сівыя, — кажа Дзіна Кацар. Ціхая, спакойная, працалюбівая Матрона Сяргееўна была светлым чалавекам і ў душы: ніколі і нікому не сказала яна дрэннага слова. У сям’і да яе ставіліся з асаблівай павагай.
Адзін з яскравых малюн-
каў дзяцінства Дзіны Кацар — вялізныя сакавітыя грушы, якія Матрона Сяргееўна прынесла ёй з братам ад знаёмай з Гарыўца. «Дагэтуль бачу яе, спускаючыюся з ўзгорка, а ў старэчых руках матляецца хатулёк з белай хусцінцы з тымі самымі грушамі».
Апошнія месяцы свайго жыцця Матрона Маркевіч пражыла ў вёсцы Рыбакоўшчына ў сваёй дачкі Зінаіды. «У нашай вясковай хаце ў бабулі меўся асобны адгароджаны пакойчык. Яна доўга хварэла на ныркі».
11+Матрона Маркевіч пакі-
нула гэты свет гэтак жа ціха і спакойна, як і жыла.
«Надвор’е ў той кастрычніцкі дзень 1957 года было пахмурнае. Мой бацька з’яўляўся членам партыі і ў нас часта гасцявалі людзі з райцэнтра. Былі яны і ў той дзень, хтосьці з іх прывёз нам кірпіч белага хлеба — сапраўдны далікатэс для вясковай дзетвары. Мой брат Міша адрэзаў ад яго краюху, каб пачаставаць бабулю. Але было ўжо позна». Апошнія словы Матроны Маркевіч былі такімі: «Мне стала так лёгка!».
А вось дзень пахавання, наадварот, выдаўся пагодлівы. У дзіцячай памяці Дзіны Пракопаўны гэтыя ўспаміны маюць мятны прысмак. Старэйшая дачка Матроны Сяргееўны Аляксандра прывезла пляменнікам мятныя пернікі. Малыя так і ішлі за калёсамі з труной, трымаючы ў руках смачны ласунак. На пагост Матрону Маркевіч праважалі ўсёй вёскай.
Вольга БАНДАРЭВІЧ.
Фота аўтара.