ЁЙ ГАДЫ НЕ БЯДА

3+«Я вельмі рада, што нарадзілася ў красавіку, і дата майго нараджэння, 12 красавіка, супала з важным святам — Днём касманаўтыкі. А сёлета на гэты дзень яшчэ прыйшлося светлае свята праваслаўнага Вялікдня»,— такімі словамі пачала гутарку жыхарка в.Леснікова, былы работнік культуры з 38-гадовым стажам Валянціна Румо.

Павіншаваць Валянціну Аляксандраўну з 65-гадовым юбілеем прыехалі яе былыя калегі, супрацоўнікі раённай бібліятэкі і Сенненскага аўтаклуба. Гаспадыня сустрэла гасцей на парозе дома.
Астролагі сцвярджаюць, што народжаныя ў красавіку ўпэўненыя ў сабе і бескампрамісныя, заўсёды імкнуцца наперад і валодаюць цудоўнымі арганізатарскімі здольнасцямі, вельмі камунікабельныя. А яшчэ такім людзям уласціва пачуццё гумару, яны любяць радаваць сваіх блізкіх, сяброў. Усе гэтыя якасці вельмі дапамагалі жанчыне ў рабоце…
Нарадзілася Валянціна Аляксандраўна ў вёсцы Казадоі (цяпер Заслонаўка) Алексініцкага сельсавета. Пасля заканчэння дзесяцігодкі марыла асвоіць прафесію прадаўца. Пайшла працаваць у Алексініцкае сельпо: спачатку была вучаніцай, потым — рахунковым работнікам. Паступіла на завочнае аддзяленне Маладзечанскага ўлікова-планавага тэхнікума. Год была загадчыцай магазіна в.Леснікова.
У 1969-м Валянціна выйшла замуж за хлопца, з якім сябравала са школьных гадоў. Пасля нараджэння першага дзіцяці сферу дзейнасці памяняла: запрасілі ў Леснікоўскую бібліятэку і па сумяшчальніцтве загадчыцай клуба. Так амаль сорак гадоў і адпрацавала ў галіне культуры.
» І не шкадую, — гаворыць жанчына. — Работу сваю любіла. Часта арганізоўвалі мерапрыемствы да розных знамянальных дат, да каляндарных свят. Займалася і грамадскай работай: удзельнічала ў перапісах, была сакратаром участковай выбарчай камісіі».
Але пра сябе юбілярка расказвае вельмі сціпла. Больш ахвотна гаворыць пра родных ёй людзей, дзеля якіх жыве. І гады не бяда, калі ёсць пра каго клапаціцца, упэўнена жанчына.
З мужам, Генадзем Мікалаевічам, разам ужо 45 гадоў (хутка будзе яшчэ адзін юбілей). Дзяўчынай чакала яго з арміі. Пасля муж працаваў у калгасе на трактары, камбайне. «Любіў сеяць, вырошчваць, убіраць хлеб», — расказвае Валянціна Аляксандраўна. Яшчэ падлеткам узяў у рукі бацькаву трохрадку, самастойна навучыўся іграць, мелодыі падбіраў па слыху. Раней танцы былі толькі пад гармонік. Дзеўкі за гарманістам хадзілі гурбой, жартуе юбілярка. Каб задаволіць гасцей на вяселлях і провадах, развучваў і народныя, і папулярныя сучасныя песні. Бацькі нават думалі, што пасля школы будзе далей вучыцца музыцы. Але перамагла любоў да «баранкі»…
Валянціна і Генадзь Румо вырасцілі дваіх дзяцей. Дачка Ларыса, скончыўшы дзесяць класаў, паступіла ў Аршанскае медвучылішча, дзе атрымала спецыяльнасць фельчара. Ужо дваццаць пяць гадоў працуе загадчыцай Какоўчынскага ФАПа. З’яўляецца дэпутатам сельскага Савета, карыстаецца павагай і аўтарытэтам у вяскоўцаў, з гордасцю расказвае маці пра дачку. Унучка Алеся таксама вырашыла прысвяціць сябе медыцыне, у гэтым годзе паступіла ў Віцебскі медуніверсітэт.
Працуе ў галіне медыцыны і сын Валерый (раённая газета расказвала пра яго на сваіх старонках). Многія сенненцы ведаюць Валерыя Генадзьевіча, як добрага зубнога доктара. Цяпер ён працуе ў Віцебску.
Валянціна Аляксандраўна і Генадзь Мікалаевіч маюць чацвёра ўнукаў, хутка на свет з’явіцца пяты…
Шмат віншаванняў пачула ў гэты дзень юбілярка, з удзячнасцю прымала падарункі ад былых калег. Шмат было спета песень. Доўга не хацела адпускаць гасцей хлебасольная гаспадыня. Энергічная, рухавая, яна зусім не выглядае на свае гады, а, як кажуць, можа даць яшчэ фору маладым.
Радасці вам, здароўя, паважаная Валянціна Аляксандраўна, і ніколі не губляць свайго незвычайнага аптымізму і бадзёрасці, веры ў добрых людзей, і няхай заўсёды побач з вамі будуць вашы родныя і блізкія — ваша апора і мэта жыцця.
Таццяна Буракова.
На здымку: юбілярка прымае віншаванні.

Фота аўтара.