СПАБОРНІЧАЛІ АТРАДЫ ЮІД

2+У СШ №1 г.Сянно прайшоў конкурс атрадаў юных інспектараў дарожнага руху, арганізаваны аддзяленнем ДАІ Сенненскага РАУС і аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Мерапрыемства накіравана на прафілактыку дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму, выхаванне законапаслухмяных удзельнікаў дарожнага руху, папулярызацыю дзейнасці атрадаў ЮІД.
Сёлета ў спаборніцтвах прынялі ўдзел 7 каманд, якія складаліся з падлеткаў ва ўзросце ад 10 да 15 гадоў. Кожнай належала прайсці некалькі няпростых этапаў. У тэарэтычных іспытах патрабавалася паказаць веданне правіл дарожнага руху, асноў першай медыцынскай дапамогі. Свае тэатральныя здольнасці і творчы патэнцыял удзельнікі раскрывалі ў агітацыйна-мастацкім прадстаўленні і ў конкурсе насценгазет. Самым цікавым выдаўся этап «Фігурнае кіраванне веласіпедам», дзе юныя інспектары дарожнага руху, умела пераадольваючы перашкоды, дэманстравалі язду на двухколавым транспартным сродку.
3+Па выніках спаборніцтваў трэцяе месца заняла каманда СШ №2 г.Сянно. На другім размясціліся вучні першай сенненскай школы. Першае месца дасталася чэмпіёнам леташняга конкурсу, атраду юных інспектараў дарожнага руху Багданаўскай ДССШ. Пераможцы і прызёры ўзнагароджаны граматамі і памятнымі падарункамі. Дапамогу ў іх набыцці аказалі СУП «Саўгас імя Машэрава» і ППТУП «Буд-АС».
Ірына ХАСАНАВА.