ТАНЦУЮЦЬ «БАГУШЭЎСКІЯ ХЛОПЦЫ»
Той, хто сёлета пабываў на раённым фестывалі дзіцячай творчасці «Ранішняя зорка-2015», не змог забыць незвычайнае выступленне танцораў-юнакоў з другой Багушэўскай школы. Падцягнутыя і статныя, яны «зажглі» публіку і занялі ў сваёй намінацыі прызавое трэцяе месца.
Калектыў існуе адносна нядаўна. Хаця ідэя стварыць танцавальны гурток з ліку школьнікаў педагогам-арганізатарам СШ №2 г.п.Багушэўск Аленай Грачыха выношвалася не адзін год. Патрабавалася «разыначка», якая б зацікавіла падлеткаў і зрабіла калектыў адметным сярод падобных. У гэтым Алене дапамаглі вучні 9 і 11 класаў. Так атрымаўся хлапчуковы танцавальны гурт. Сама сабой прыйшла і назва. «Багушэўскія хлопцы» гучыць проста і запамінальна. Удзельнікі калектыву ўсё робяць разам: сумесна прыдумваюць танцавальныя кампазіцыі, ставяць рухі, падбіраюць музычнае суправаджэнне. Юныя танцоры не прапускаюць ніводнага занятку. І як вынік, сёння «Багушэўскія хлопцы» — жаданыя артысты на канцэртах, што ладзяцца ў школе і гарадскім пасёлку.
Ірына ХАСАНАВА.
Фота аўтара.