ДРУЖНЫЯ МАХРОВЫ

Махровы+jpg«Якое дрэва — такі і клін, які бацька — такі і сын», сцвярджае беларуская народная прымаўка. І з гэтым выслоўем поўнасцю пагаджаюцца педагогі. Яны на практыцы не раз пераконваліся, што ў сям’і,  дзе пануе лад і згода, узаемаразуменне і павага, а бацькі з увагай ставяцца да вучобы дзяцей у школе, ёсць добры плён у выхаваўча-навучальным працэсе.

У аграгарадку Нямойта жыве сям’я Махровых. Ігар Анатольевіч працуе механізатарам, Таццяна Рыгораўна — штукатурам-маляром ва УП «Дружбінец». Іх старэйшы сын вучыцца ў 5 класе Нямойтаўскай ДСБШ, малодшы Дзмітрый наведвае дзіцячы садок.
Нягледзячы на занятасць перадавік сельскагаспадарчай вытворчасці Ігар Махроў знаходзіць час, каб пазнаёміць хлопцаў з тэхнікай, расказаць аб працы на зямлі. За бацькам яны, як нітка за іголкай. Не толькі на кухні клапоціцца пра сваіх мужчын Таццяна Махрова. Добрая гаспадыня, прыгожая жанчына — яна лепшы прыклад выхаванасці, добрасуседскіх узаемаадносін з аднавяскоўцамі. Таццяна Рыгораўна сваім абавязкам лічыць рэгулярнае наведванне бацькоўскіх сходаў у школе. Яе абралі старшынёй бацькоўскага камітэта дзіцячага садка. Настаўнікі, адміністрацыя школы вельмі цэняць жанчыну за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні класных і агульнашкольных мерапрыемстваў. Падтрымка цесных кантактаў з класным кіраўніком старэйшага сына і выхавацелем садка малодшага для Таццяны Махровай такі ж абавязак як штодзённыя клопаты на кухні.
Мабыць, дзякуючы такім паводзінам бацькоў хлопцы растуць выхаванымі і ветлівымі, падтрымліваюць сяброўскія адносіны з аднагодкамі, добра вучацца. Малодшы Дзмітрый праяўляе цікавасць да выяўленчага мастацтва. Старэйшы Аляксей імкнецца папоўніць веды праз чытанне дадатковай літаратуры, наведванне факультатыўных заняткаў. Ён не раз паспяхова ўдзельнічаў у прадметных алімпіядах, міжнародных конкурсах «Буслік», «Лінгвісцёнак», «Кенгуру». У мінулым навучальным годзе хлопец стаў пераможцай 9 раённай навукова-практычнай канферэнцыі вучняў «Эўрыка». У тэматычнай секцыі «Даследчая дзейнасць малодшых школьнікаў» яго работа «Ці карысная цыбуля?» адзначана дыпломам ІІІ ступені. Свае творчыя здольнасці Аляксей развівае ў музычнай школе, дзе займаецца па класу гітары.
Умовы жыцця ў вёсцы за апошнія гады прыкметна палепшыліся. Тым не менш многае па гаспадарцы, у двары, садзе, агародзе, вяскоўцам, па-ранейшаму, даводзіцца выконваць самім. Махровы гэта робяць разам, што яднае сям’ю. Як і сумесны адпачынак на возеры, у лесе, у час веласіпедных ці лыжных прагулак. Менавіта агульная справа, агульныя інтарэсы робяць іх шчаслівымі, лічаць Махровы. Ці не праўда, просты і такі эфектыўны педагагічны прыём, вядомы нашым продкам з даўніх часоў.
Людміла ТРЫБУЛЬ,
сацыяльны педагог
Нямойтаўскай ДСБШ.