«НАША НАДЗЯ»
Менавіта так называюць маленькія наведвальнікі ясляў-сада №1 г.Сянно сваю любімую выхавальніцу Надзею Вярбіцкую.
26-гадовая дзяўчына — адна з самых маладых супрацоўнікаў установы дашкольнай адукацыі. Аднак, нягледзячы на ўзрост і непрацяглы стаж, Надзя паспела заваяваць не толькі дзіцячыя сімпатыі, але і павагу з боку старэйшых калег. У яслях-садзе №1 райцэнтра Надзея Вярбіцкая працуе чацвёрты год. Прыйшла сюды яшчэ студэнткай завочнага аддзялення факультэта «Сацыяльная педагогіка і псіхалогія» ВДУ імя П.М. Машэрава. Сёлета Надзея стала дыпламаваным спецыялістам.
На выбар прафесіі, па яе словах, паўплывалі любоў да дзяцей і школьная мара стаць настаўнікам. Не абышлося і без сямейнай пераемнасці. Цёця Надзеі па прафесіі таксама выхавальнік.
Штодня з сямі гадзін раніцы і да паловы на шостую вечара пад апекай гэтай мілай дзяўчыны знаходзяцца 15-16 малых. Найбольш ёй падабаецца займацца з двух- і трохгадовымі дзеткамі. У гэтым узросце, кажа мая
суразмоўніца, яны самыя цікаўныя і непасрэдныя. А яшчэ менавіта ў гэтым узросце хлопчыкі і дзяўчынкі ўпершыню прыходзяць у дзіцячы сад. Для маленькага чалавечка, які апынуўся па-за звыклай для сябе хатняй абстаноўцы, без бацькоў, — гэта сур’ёзны стрэс. І як дзіця адаптуецца ў калектыве, залежыць ад чалавека, які першым сустрэў малога на ганку дашкольнай установы, — выхавальніка. Надзінай дабрыні і пяшчоты хапае на ўсіх яе падапечных. У адказ жа дзяўчына штодня чуе дзясяткі прызнанняў у любові ад сваіх самых адданых прыхільнікаў. Нават збіраючыся ў дзіцячы сад, выхаванцы найперш цікавяцца, ці будзе там «іх Надзя».
У яе групе не бывае шуму і тлуму, затое тут шмат захопленых творчасцю хлопчыкаў і дзяўчынак, якія разам са сваёй «другой мамай» пазнаюць нязведанае, спрабуюць новае і ствараюць прыгожае. Сама Надзея, па словах калег, — чалавек творча
адораны. Яна вельмі любіць маляваць, майстраваць што-небудзь сваімі рукамі і да гэтага далучае дзяцей, пастаянна прыдумляе для іх штосьці незвычайнае, як, напрыклад, маляванне ватнымі палачкамі або кляксамі. Дарэчы, дапаможнік па развіцці дробнай маторыкі рук, зроблены Надзеяй Вярбіцкай, заняў першае месца ў конкурсе, што праводзіўся ва ўстанове дашкольнай адукацыі. Каб «прачытаць» пашытую Надзяй кнігу, малым даводзіцца спраўляцца з рознымі відамі зашпілек, разнастайнымі гузікамі, замочкамі. Не кніга, а суцэльнае «адкрыццё», падчас якога задзейнічаны ўсе дзіцячыя адчуванні, у тым ліку зрокавыя, тактыльныя.
Але сама дзяўчына не перастае дзякаваць старэйшым калегам, якія калісьці гасцінна прынялі маладога спецыяліста і сёння дапамагаюць ёй парадай і справай. Не сакрэт, што невялікая зарплата, якую
атрымліваюць выхавальнікі за сваю архіважную працу, не надта садзейнічае прэстыжу прафесіі. І моладзь, адпрацаваўшы два гады, імкнецца знайсці больш прыбытковае месца. Але Надзя мяняць працу не плануе, хоць такія прапановы паступалі. Падабаецца ёй дружны калектыў, а галоўнае, па душы работа. Кіраўніцтва ясляў-сада №1 імкнецца падтрымліваць маладога спецыяліста, бо такія кадры складаюць патэнцыял установы.
У асабістым жыцці Надзея шчасліва ў шлюбе. Муж маёй
субяседніцы працуе ў Сенненскім лясніцтве, паралельна атрымлівае профільную адукацыю па лясной справе. Сваіх дзяцей у маладой сям’і Вярбіцкіх пакуль няма. «Вучоба была на першым плане», — прызнаецца Надзя. Але сёння яна гатова спазнаць радасць мацярынства. Кажа, што хоча як мінімум дваіх — хлопчыка і дзяўчынку, а пазней дадае, што згодная і на большую колькасць дзетак. Балазе, Надзінаму вопыту ў сферы выхавання могуць пазайздросціць матулі «са стажам». У планах і абзавесціся ўласным жыллём у родным для іх Сянне. Менавіта з малой радзімай звязваюць сваю будучыню Вярбіцкія.
Вольга
БАНДАРЭВІЧ.
На здымку: Н.Вярбіцкая і яе падапечныя.