СЯЎБА —СПРАВА АГУЛЬНАЯ

OLYMPUS DIGITAL CAMERAНа сяўбе яравых культур у ААТ «Ульянавічы» лідзіруе Аляксандр Пакура.

Сёмы год механізатар, пастаянным месцам працы якога з’яўляецца ДРБУ-146, вясной і восенню прыходзіць на дапамогу сельскагаспадарчаму акцыянернаму таварыству.
— Першыя гады на палявыя работы прыязджаў з райцэнтра на тэхніцы дарожнай будаўніча-рамонтнай арганізацыі. Цяпер за мной у сельгасарганізацыі замацаваны трактар Беларус 3022 агрэгатаваны АПП-6, — расказаў Аляксандр Пакура. Механізатар пры спрыяльных умовах надвор’я не лічыцца з уласным часам, працуе ў выхадныя дні, святы. Таму, як правіла, зменныя нормы перавыконвае ў некалькі разоў. Аляксандр Пакура толькі яравую пшаніцу пасеяў на плошчы больш чым 100 гектараў.
Працай памочніка ў гаспадарцы задаволены. Тым не менш за якасцю сяўбы наладжаны жорсткі кантроль. У полі рэгулярна бывае галоўны аграном гаспадаркі Уладзімір Мезаўцоў. Нярэдка тут можна сустрэць і Антаніну Сунцееву, намесніка начальніка райсельгасхарчу. У час апошняга яе візіту сеялку давялося падрэгуляваць, што дазволіла высяваць насенне на тэхналагічную глыбіню. Па словах спецыяліста ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, рэгуліроўкай сеялкі неабходна займацца штодня ў залежнасці ад структуры глебы, якасці апрацоўкі зямлі.
На сяўбе праца кожнага — на вагу золата, бо накіравана на атрыманне збожжа, якое з’яўляецца мярылам матэрыяльнага і духоўнага багацця.
Аляксандр ІЎЕЎ.

НА ЗДЫМКУ: Аляксандр Пакура ля пасяўнога агрэгата.