У НОВЫХ УМОВАХ

OLYMPUS DIGITAL CAMERAПрырода падкідвае хлебаробам усё новыя і новыя задачы. Сакавік выдаўся самым цёплым за ўвесь час метэаназіранняў. Але не настолькі, каб без ваганняў прыступіць да сяўбы яравых культур. Да пачатку работ у полі падштурхоўвае  хіба што недахоп вільгаці. Другая запар зіма без снега даецца ў знакі.

Каб паставіць усе кропкі над «і», быў арганізаваны семінар, які тыдзень таму прайшоў у СУП «Саўгас імя Машэрава». На яго запрасілі кіраўнікоў і галоўных аграномаў сельгасарганізацый раёна. Удзел у ім прыняў старшыня райвыканкама Васіль Чараднік. Адкрываючы семінар, ён падкрэсліў: «Сёння мы сабраліся, каб яшчэ раз перад пачаткам масавых работ прасачыць шлях насення са склада да поля. І не толькі прасачыць, а паказаць, як гэта зрабіць у строгай адпаведнасці з тэхналагічнымі патрабаваннямі».
Месцам для правядзення вучобы саўгас імя Машэрава быў выбраны не выпадкова. У сельгасарганізацыі да сяўбы ранніх зерневых прыступілі па ўласнай ініцыятыве. Ды і іншыя работы, у тым ліку ворыва, вядуць куды больш актыўна чым суседзі.
Першым аб’ектам наведвання для ўдзельнікаў семінара стаў склад насення ў вёсцы Навасёлкі. У гэтыя дні тут наладжана пратручванне аўса гатунку «багач». Аляксандр Мельнікаў, галоўны аграном гаспадаркі, не толькі расказаў аб асаблівасцях настройкі машыны, з дапамогай якой вядзецца працэс апрацоўкі насення, але і расказаў аб дакументах, што неабходна аформіць на кожную партыю насеннага матэрыялу, адказаў на пытанні гасцей.
У час размовы былі абмеркаваны іншыя актуальныя пры падрыхтоўцы насення да сяўбы праблемы. На момант правядзення семінара тры гаспадаркі яшчэ не завезлі пратручвальнікі. Тым не менш, апрацоўку зерня маглі пачынаць і яны, бо пазычылі прэпараты ў суседніх гаспадарках.
OLYMPUS DIGITAL CAMERAУвага ўдзельнікаў семінара была акцэнтавана і на недапушчэнне змешвання насення розных зерневых культур, на неабходнасць пратручвання збожжа строга пад патрэбы. «Сучасныя пратручвальнікі носяць сістэмны характар. А таму аднойчы апрацаваўшы зерне, яго ўжо ніколі не выкарыстаеш на корм», — заўважыла Антаніна Сунцеева, намеснік начальніка райсельгасхарчу. Адказваючы на пытанне аб магчымасці правядзення ўшчыльнення азімых пасеваў яравымі культурамі, яна звярнула ўвагу на неабходнасць зрабіць гэта як мага хутчэй з дапамогай насення аднагадовых бабовых.
Абмеркаванне нюансаў сёлетніх веснавых работ працягвалася непасрэдна ля вёскі Задарожжа ў полі, дзе працавала тэхніка. Антаніна Сунцеева не хавала — сяўба пачынаецца да наступлення аптымальных тэрмінаў. А таму насенне будзе прарастаць 15-20 дзён. Але гэта лепш, чым сеяць яго ў сухую зямлю і не дачакацца ўсходаў.
Яшчэ адна асаблівасць сёлетняй аграрнай вясны ў тым, што сяўба будзе весціся не толькі па зяблевым ворыве. Значную плошчу палеткаў трэба яшчэ ўзараць. І рабіць гэта трэба як мага раней, каб да пачатку сяўбы зямля «адляжалася». Адрознівацца будзе і наступная апрацоўка глебы, схема ўнясення ўгнаенняў.
Удзельнікам вучобы прадэманстравалі набор глебаапрацоўчай тэхнікі, тэхніку для ўнясення мінеральных угнаенняў. Яна ёсць у кожнай сельгасарганізацыі. Машэраўцы сваю ўдасканалілі. Чызель, напрыклад, агрэгатаваны баронамі, што забяспечвае неабходную якасць апрацоўкі глебы. Надоўга затрымаліся кіраўнікі і аграномы ля глебаапрацоўчага пасяўнога агрэгата. Аб рэгуліроўцы яго вузлоў ім апавядалі галоўны аграном саўгаса імя Машэрава Аляксандр Мельнікаў і галоўны інжынер Віталь Яблыкаў.
«Спачатку тэхніку выводзім на буйныя масівы палёў, размяшчаем на іх пасевы зерневых культур. Нельга спазняцца з сяўбой яравога рапсу. У апошнюю чаргу зоймемся дробнаконтурнымі палеткамі, на якіх разам з аднагадовымі кармавымі культурамі варта высеяць насенне траў», — такой бачыцца тактыка на сёлетнюю вясну Васілю Чарадніку.
І тактыку, і стратэгію вядзення работ гэтай вясной вызначаюць не толькі незвычайныя ўмовы надвор’я. І нават не сусветны крызіс, не санкцыі Еўрасаюза супраць Расіі і яе меры ў адказ, якія, безумоўна, уздзейнічаюць і на беларускую эканоміку. З 1 студзеня Беларусь, а значыць і яе прадпрыемствы, свабодна канкурыруюць на прасторы Еўразійскага эканамічнага саюза. На жаль, гэта разумеюць, адчуваюць далёка не ўсе.
Аляксандр ІЎЕЎ.
Фота аўтара.