ДРЭННЫХ ДЗЯЦЕЙ НЕ БЫВАЕ

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Больш 42 гадоў налічвае педагагічны стаж Людмілы Цыбульскай. З 17 чэрвеня 1975 года і па сённяшні дзень яна працуе выхавацелем дзіцячага сада №3 райцэнтра.

— І ніколі пра зроблены выбар не пашкадавала, — дадае яна. — Нягледзячы на невысокую заработную плату, на вялікую адказнасць за дзяцей. Гэта зараз у групах па 10-12 выхаванцаў. А быў час, калі пад прыглядам выхавацеля і памочніка знаходзілася па 30 і больш дзяцей.
Дарэчы, у адну з такіх груп, у якой выхавацелем была Людміла Аркадзьеўна, наведвалася Алеся Мінчанка. Зараз яна — загадчыца дашкольнай установы, дзе працуе ветэран педагагічнай працы.
У педагогіцы знайшла сваё месца і дачка Людмілы Цыбульскай. Яна, праўда, з’яўляецца псіхолагам адной з віцебскіх школ.
— Я, скажу шчыра, не хацела, каб дачка ішла па маіх слядах. Аднак прымірылася, калі яна стала студэнткай Віцебскага дзяржуніверсітэта. Для педагога самае галоўнае — любіць дзяцей, — лічыць Людміла Цыбульская.
Але любіць — не значыць патакаць ва ўсім. У Людмілы Аркадзьеўны свой, індывідуальны падыход да кожнага з выхаванцаў. Нават у 3-4 гады маленькі чалавек — асоба, з асаблівым характарам, псіхікай. А вось патрабаванні да ўсіх агульныя. Таму ў групе, дзе працуе Цыбульская, няма любімчыкаў. Затое ёсць дысцыпліна, неабходныя, у адпаведнасці з праграмай, уменні і навыкі. У старэйшых групах, як правіла, выхаванцы Людмілы Аркадзьеўны свабодна чытаюць, добра лічаць. За імі літаральна палююць настаўнікі пачатковых класаў гарадскіх школ. Пры наборы ў новую групу — конкурс.
— Бацькі нярэдка просяць Людмілу Аркадзьеўну, мяне, каб патрапіць у групу, нават калі, як зараз, з ёй займаюцца розныя па ўзросце і развіцці дзеці, — тлумачыць кіраўнік дзіцячага сада Алеся Мінчанка.
Людміла Цыбульская — назіральны чалавек. Вось яшчэ адна абавязковая рыса для творчага педагога. На яе думку, сучасныя дзеці — больш свабодныя, больш эмацыянальныя ў параўнанні з аднагодкамі 70-80-х гадоў мінулага стагоддзя. Час, развіццё сродкаў камунікацыі, безумоўна, уплываюць на іх развіццё. А вось у маральным плане дзеці засталіся такімі ж добрымі, шчырымі. Бывае, бацькі купяць сыну дарагую цацку і накажуць — беражы. А ў групе ён аддае яе без шкадавання сябрам. Затое бацькі сталі іншымі — менш адказнымі за выхаванне дзяцей. Тым не менш, на думку Людмілы Аркадзьеўны, падыход можна знайсці да кожнага чалавека, дарослы ён ці дзіця. А значыць, і дасягнуць жаданага выніку.
Аляксандр ІЎЕЎ.

НА ЗДЫМКУ: Людміла Аркадзьеўна Цыбульская са сваімі выхаванцамі.